Гісторыя2323

Дэбеларусізацыя. Чаму Смаленшчына не вярнулася ў Беларусь?

Новыя даследаванні праліваюць святло на праблемы беларусізацыі 1920—1930-х гадоў, важнасць гэтага працэсу ва ўз’яднанні беларускіх зямель і прычыны невяртання беларускай Смаленшчыны ў склад Беларусі.

Абвяшчэнне ў сакавіку 1918 года Беларускай Народнай Рэспублікі падштурхнула бальшавіцкі ўрад у Маскве да стварэння альтэрнатыўнага савецкага праекта беларускай дзяржавы, якой да гэтага ў існаванні адмаўлялі ва ўмовах набліжэння «сусветнай рэвалюцыі» прышлыя кіраўнікі Паўночна-Заходняга абкама РКП(б) і Заходняй вобласці.

30—31 снежня 1918 года ў Смаленску была прынята рэзалюцыя пра абвяшчэнне самастойнай Савецкай Рэспублікі Беларусі ў межах БНР. На наступны дзень, 1 студзеня 1919 года, Часовым рабоча-сялянскім савецкім урадам на чале са Змітром Жылуновічам была абвешчана Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Беларусь. Асноўным тэрытарыяльным ядром ССРБ сталі Віцебская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская і Смаленская губерні, дзе дамінавала беларускае насельніцтва. 

Беларуская дзяржава ў гэтых межах праіснавала пару тыдняў. Так званаму Цэнтру падаўся такі «падарунак» занадта шчодрым, бо ўжо 16 студзеня Цэнтральны камітэт РКП(б) без папярэдняга абмеркавання з урадам Беларусі адабраў назад тры губерні, Віцебскую, Магілёўскую і Смаленскую, чыя беларускасць і ў часы Расійскай Імперыі не выклікала ў даследчыкаў ніякіх сумненняў.

Бальшавіцкім уладам не патрэбная была нацыянальная Беларусь, а толькі буфер з заходнімі дзяржавамі. Каб «засцерагчы рэспублікі ад небяспекі праяўлення ў іх нацыяналістычных імкненняў», як казалі маскоўскія эмісары, урэзаную Беларусь нават прымусілі ўз'яднацца з Літвой у адзіную савецкую рэспубліку. Але савецкія праекты былі разбітыя штыкамі польскай арміі, якая акупавала цалкам наваствораную буферную рэспубліку. 

Памятная шыльда на былым доме дваранскага сходу па вуліцы Глінкі, 3, у якім 30-31 снежня 1918 года праходзіў I з'езд Кампартыі Беларусі, які абвясціў стварэнне Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі са сталіцай у Смаленску. Фота: Wikimedia Commons

Пасля Рыжскай мірнай дамовы 1921 года беларускі праект зноў зацікавіў бальшавікоў, якія жадалі ператварыць яго для шматлікіх беларускіх мас, што цяпер апынуліся пад Польшчай, у сімвал нацыянальна-вызваленчай барацьбы. У гэты ж час разгортваюцца працэсы беларусізацыі і паўстае пытанне вяртання адабраных этнічных тэрыторый у склад беларускай рэспублікі. 

Працэсы беларусізацыі, якія сталі афіцыйнай асновай савецкай нацыянальнай палітыкі ў БССР з ліпеня 1923 і аж да канца 1932 года, таксама ажыццяўляліся, няхай і са значна меншай інтэнсіўнасцю, у сумежных з беларускай тэрыторыяй рэгіёнах РСФСР, то-бок адабраных Віцебскай, Магілёўскай і Смаленскай губернях. Шмат у чым менавіта культурна-асветніцкая палітыка мясцовых улад у адабраных губернях паспрыяла вяртанню ў выніку двух узбуйненняў значнай часткі тэрыторый Віцебскай і Магілёўскай губерняў. Але Смаленшчына ў склад Беларусі ўжо перададзена не была.

У 2021 годзе смаленскія гісторыкі Яўген Кодзін і Вольга Кобец апублікавалі першую грунтоўную манаграфію аб працэсах беларусізацыі ў РСФСР у міжваенны перыяд «Беларусізацыя на Смаленшчыне, 1920-я гады», на якую даў станоўчую рэцэнзію даследчык станаўлення беларускай дзяржаўнасці Юрый Барысёнак. Гэтая манаграфія шмат у чым раскрывае важнасць працэсу беларусізацыі ва ўз’яднанні беларускіх зямель і прычыны адарванасці беларускай Смаленшчыны ад Савецкай Беларусі.

Гэтая тэматыка з палітычных прычын доўгія дзесяцігоддзі ігнаравалася ў савецкай гістарыяграфіі. Нават у постсавецкі час на яе не звярталі ўвагі, у адрозненне ад, напрыклад, грунтоўна даследаванай савецкай украінізацыі.

Манаграфія пачынаецца з разгляду спрэчнай пазіцыі шведскага спецыяліста Пера Андэрса Рудлінга датычна беларусізацыі, сфармуляванай у ягонай манаграфіі «Уздым і падзенне беларускага нацыяналізму. 1906—1931 гг.» (The Rise and Fall of Belarusian Nationalism, 1906—1931).

Праца Рудлінга раней ужо была раскрытыкавана беларускай даследчыцай Аленай Маркавай, доктаркай Карлавага ўніверсітэта, «за аднабаковую падборку фактаў і матэрыялаў, якія часта складваюцца аўтарам манаграфіі ў даволі маніпулятыўныя высновы», скіраваныя быццам супраць самога беларускага нацыянальнага руху і працэсаў беларусізацыі. Расійскія даследчыкі падтрымалі абурэнне «досыць слабай базай крыніц» пры «часцяком вельмі рэзкіх высновах аўтара».

Беларусы займаюць усю заходнюю частку Смаленскай губерні на «Этнаграфічнай карце Еўрапейскай Расіі», складзенай у 1875 годзе расійскім картографам Аляксандрам Рыціхам на падставе матэрыялаў праведзенай агульнарасійскай рэвізіі 1858 года, спісаў населеных пунктаў 1860-х гадоў і іншых статыстычных даных. 

Зыходзячы з адсутнасці ў насельніцтва патрэбы ў беларускай самаідэнтыфікацыі, як лічыць Рудлінг, беларуская нацыянальнасць «прыпісвалася» мясцоваму насельніцтву чыноўнікамі, якія кіраваліся меркаваннямі палітычнымі ў значна большай ступені, чым рэальнымі патрэбамі карэннага насельніцтва. Грунтуючыся на экспертных даных этнографаў, без уліку самаідэнтыфікацыі мясцовага насельніцтва цэлыя рэгіёны запісалі ў беларускія. Менавіта таму беларусізацыя выклікала ў грамадстве апраўданае супраціўленне, як піша Рудлінг.

Папраўдзе ж у нацыянальнай палітыцы бальшавікоў «самаідэнтыфікацыя мясцовага насельніцтва» ў якасці асноўнага прынцыпу практычна не прымянялася, а вось «экспертныя даныя этнографаў» часта адыгрывалі вельмі істотную ролю. 

«Асабліва яскрава гвалтоўны характар беларусізацыі праявіўся ў часе тэрытарыяльнага ўзбуйнення БССР у 1924 і 1926 гадах за кошт расійскіх тэрыторый, дзе зусім нязначная частка насельніцтва валодала беларускай мовай, а ўлады прымушалі насельніцтва «змяняць мову» супраць яго волі».

Знакамітая этнаграфічная карта беларусаў (паводле моўнага крытэрыю), складзеная Яўхімам Карскім у 1903 годзе, лягла ў аснову як абвешчаных граніц БНР, так і абвешчаных граніц ССРБ. Фота: Wikimedia Commons

Паводле ацэнкі аўтара, насельніцтва аказвала масавае супраціўленне правядзенню ўладамі палітыкі беларусізацыі. Непрыманне «гвалтоўнай беларусізацыі» тлумачыцца тым, што яна істотна абмяжоўвала мабільнасць насельніцтва, асабліва беларускай моладзі, ва ўмовах эканамічнай мадэрнізацыі, якая рэзка набірала тэмпы, бо беларуская мова, якая «навязвалася» ёй, не адпавядала мове паўсядзённых зносін.

Такія метады ажыццяўлення нацыянальнай палітыкі Рудлінг называе дэспатычнымі, а само правядзенне беларусізацыі, на ягоную думку, не мела нічога супольнага з інтарэсамі насельніцтва рэспублікі, а было выгадным толькі частцы беларускіх нацыяналістаў, у тым ліку на высокім дзяржаўным узроўні, галоўнай мэтай якіх стала канструяванне беларускай нацыянальнай самасвядомасці.

Многія ацэнкі шведскага даследчыка Пера Андэрса Рудлінга (на фота) абвяргаюцца фактамі з манаграфіі смаленскіх даследчыкаў

Многія ацэнкі шведскага даследчыка Пера Андэрса Рудлінга (на фота) абвяргаюцца фактамі з манаграфіі смаленскіх даследчыкаў.

У рэальнай Савецкай Беларусі 1920-х гадоў усё было цалкам інакш. Не было ні «гвалтоўнай беларусізацыі», ні нацыяналістаў ва ўладзе (бальшавікі такімі ніколі не былі), ні «навязвання» беларускай мовы, а было сялянства, якое складала звыш 80% насельніцтва і размаўляла ў побыце выключна па-беларуску. Распаўсюджванне ж сярод беларускіх сялян пісьменнасці на іх роднай мове было найважнейшай часткай працэсаў мадэрнізацыі грамадства. 

Тэрыторыя ССРБ у 1919 годзе пасля адабрання Масквой трох беларускіх губерняў — Віцебскай, Магілёўскай і Смаленскай. Фота: Wikimedia Commons

«Расійскімі» ж тэрыторыі, далучаныя ў часе ўзбуйненняў 1924 і 1926 гадоў, як вядома, сталі выключна шляхам адабрання зямель у першай у гісторыі Беларускай Савецкай Рэспублікі. Іх беларускі этнаграфічны характар ні ў 1919-м, ні ў 1924—1926 гадах сумневаў на сур'ёзным навуковым і палітычным узроўні не выклікаў.

Рудлінг у сваім канстатаванні наяўнасці супраціўлення беларусізацыі мае рацыю, хоць няма падстаў казаць, што беларускае насельніцтва рэспублікі ў большасці сваёй не было зацікаўлена ў нацыянальнай палітыцы.

Выяўленыя на сёння крыніцы, вядома, фіксуюць пэўнае супраціўленне беларусізацыі, але выключна на ўзроўні «лістоў да ўладаў», якія дасылаліся настаўнікамі і іншымі пісьменнымі грамадзянамі. Цалкам магчыма, што на этнічным памежжы ўзровень незадаволенасці мог быць і вышэйшым, асабліва ў Смаленскай губерні, дзе ў апошнія дзесяцігоддзі існавання Расійскай Імперыі з'явіліся земствы і былі адкрыты земскія школы, якія давалі больш якасную пачатковую адукацыю ў параўнанні з царкоўнапрыходскімі школамі.

Аўтары манаграфіі даюць цікавы варыянт прамовы наркама па справах нацыянальнасцяў РСФСР Іосіфа Сталіна на Х з'ездзе РКП(б) 10 сакавіка 1921 г. У стэнаграме з'езда прыведзена такая версія: 

«Вёска — гэта захавальніца ўкраінскай мовы, і яна ўвойдзе ва ўсе ўкраінскія гарады як пануючы элемент. Тое ж самае будзе з Беларуссю, у гарадах якой усё яшчэ пераважаюць небеларусы. Праўда, што беларускія масы пакуль што не вельмі жыва, так бы мовіць, не з вельмі вялікай цікавасцю адносяцца да пытання развіцця іх нацыянальнай культуры, але несумненна, што праз некалькі гадоў, па меры таго, як мы апелюем да нізоў беларускіх, будзем гаварыць з імі на той мове, якая ім зразумелая перш за ўсё, — натуральна, што праз год-два-тры пытанне аб развіцці нацыянальнай культуры на роднай мове прыме характар першараднай важнасці, і таму я не згодны з аўтарам запіскі, які кажа, што мы штучна ўкараняем беларускую нацыянальнасць».

Пазней у зборніку прамоў Сталіна па нацыянальна-каланіяльным пытанні, а затым і ў зборы яго сачыненняў гэты тэкст быў зменены, з яго былі выключаны разважанні пра недахопы беларускіх мас, а таксама прагноз пра тэрміны выспявання беларускага пытання, які ў святле рашэнняў XII з'езда РКП(б) у 1923 г. аказаўся цалкам дакладным. 

З 1921 г. кіраўніцтва БССР уздымала пытанне аб вяртанні беларускіх тэрыторый з Савецкай Расіі ў склад беларускай рэспублікі. II сесія ЦВК БССР у савецкім парадку зафіксавала неабходнасць далучэння да Савецкай Беларусі «тэрыторый Гомельскай і Віцебскай губерняў, якія з'яўляліся аднароднымі з БССР у прыродазнаўча-гістарычных, эканамічных і этнаграфічных адносінах». У сакавіку 1923 г. неабходнасць тэрытарыяльнага пашырэння Савецкай Беларусі была афіцыйна аформлена рашэннем VII з'езда КП(б)Б.

На погляд жа мясцовых кіраўнікоў Смаленшчыны рознага звяна, «так званага «беларускага пытання» як асобнай нацыянальнай праблемы ні ў Расійскай Імперыі, ні ў савецкай Расіі ніколі не існавала. На Смаленшчыне, да прыкладу, беларусы ўспрымаліся мясцовым насельніцтвам у значнай ступені як частка рускага народа, якая размаўляе на асаблівай рускай мове».

Такі погляд досыць нейтральна ўспрымаўся ў маскоўскіх структурах у першыя гады савецкай улады, у тым ліку і больш за паўтара года пасля абвешчанага ў красавіку 1923 г. XII з'ездам РКП(б) курсу на каранізацыю. Смаленскія ўлады, зрэшты, дарэмна спадзяваліся спусціць на бюракратычных тармазах новую нацыянальную палітыку партыі і дзяржавы. 

Карта Беларусі, афіцыйна выдадзеная ў 1924 годзе, то-бок пасля першага ўзбуйнення, з пазначэннем тагачасных граніц БССР і беларускіх этнічных тэрыторый у межах іншых дзяржаў. Межы беларускай большасці ў РСФСР дадзены паводле царскага перапісу 1897 года, у часе якога не праводзілася апытанне насельніцтва аб этнічнай прыналежнасці, а толькі аб роднай (ужыванай) мове і веравызнанні, таму дакладнасць вынікаў перапісу аспрэчваецца. Фота: Wikimedia Commons

Кодзін і Кобец адзначаюць, што тактыка партыйнага і савецкага начальства Смаленшчыны была двуадзіная і зводзілася, з аднаго боку, да адмаўлення наяўнасці колькі-небудзь шматлікага беларускага насельніцтва ў рэгіёне, а з іншага боку, да акцэнтавання сапраўды аб'ектыўных цяжкасцяў мясцовай школьнай сістэмы 1920-х гг., з якіх вынікала, што ім было «не да беларусізацыі».

Ну як не параўнаць гэтую пазіцыю з палітыкай цяперашняга кіраўніцтва Беларусі: спачатку эканоміка, медыцына, яміны на дарогах, ды што заўгодна — а пасля ўжо «гэтая ваша мова»? 

Праблемы сапраўды існавалі. Так, па выніках 1927 года чацвёртая частка дзяцей бядноты кідала школу, не давучыўшыся вучэбны год, што моцна ўплывала ў тым ліку і на правядзенне беларусізацыі.

У 1926 г. смаленскае начальства дасягнула сур'ёзнага поспеху ў сваім адмаўленні наяўнасці беларусаў у рэгіёне: паводле даных усесаюзнага перапісу, у Смаленскай губерні з агульнай колькасці насельніцтва 1 292 712 чалавек было зафіксавана ўсяго 20 408 беларусаў, з іх у вёсцы — 15 201.

Мясцовыя ўлады і да гэтага называлі досыць сціплыя лічбы беларускага насельніцтва. Аўтары манаграфіі на архіўным матэрыяле карпатліва фіксуюць разыходжанні ў статыстычных даных 1925—1926 гг., якія накіроўваліся ў цэнтральныя органы савецкай улады. 

Сяляне і сялянкі Смаленскай губерні. «Одежды Русского государства», 1844

Так, у дакладзе Смаленскага губвыканкама аб працы з нацыянальнымі меншасцямі ў Прэзідыум УЦВК у студзені 1925 г. паведамлялася пра наяўнасць у губерні 53 037 беларусаў, ці 2,62% ад усяго насельніцтва Смаленшчыны. У справаздачы ж Смаленскага губана аб працы сярод нацыянальных меншасцяў з кастрычніка 1925 па чэрвень 1926 г., накіраваным у Наркамасветы РСФСР, беларусаў аказалася ўжо 80 276 чалавек, з якіх 62 041 пражываў у сельскай мясцовасці і 18 235 у гарадах. І ў той жа справаздачы ў раздзеле аб працы савета па нацыянальных меншасцях пры губана пісалі пра тое, што беларускага насельніцтва «каля 84 000».

Гэтыя звесткі супярэчылі не толькі даследаванням пачатку ХХ ст. вядомых беларускіх спецыялістаў Яўхіма Карскага і Мітрафана Доўнар-Запольскага, але і бясспрэчным у сваёй дакладнасці працам славутага смаленскага этнографа, выпускніка гісторыка-філалагічнага факультэта Маскоўскага ўніверсітэта Уладзіміра Дабравольскага (1856—1920). Больш як 1000-старонкавы «Смаленскі абласны слоўнік» Дабравольскага, які быў надрукаваны ў 1914 г., упэўнена пераконвае ў перавазе ў мове смаленскага сялянства беларускіх элементаў: з 16 560 слоўнікавых артыкулаў каля 80% змяшчаюць словы і выразы адназначна ўласцівыя беларускай мове. 

Відаць, што менавіта гэтую акалічнасць мела на ўвазе прафесарка Смаленскага дзяржаўнага ўніверсітэта Кацярына Клятнова (1869—1938), калі выступала 2 ліпеня 1923 г. на міжведамаснай губернскай нарадзе камісій па пытанні беларусаў. У рэзалюцыі нарады значыўся такі адказ на пытанне «Які працэнт у якіх паветах складае беларускае насельніцтва ў Смаленскай губ.?»:

«Беларускага сельскага насельніцтва ва ўсёй Смаленскай губерні, за выключэннем Гжацкага, Сычоўскага і часткі Вяземскага паветаў, маецца да 90%». 

І хоць расійскія даследчыкі дзівяцца такім ацэнкам, але гэтая абмоўка пра «частку Вяземскага павета» паказвае, што лічба сапраўды не высмактана з пальца. Клятнова была не толькі этнографам і археолагам, але і дачкой вяземскага павятовага маршалка дваранства (то-бок фактычнага кіраўніка павета, які выбіраўся з найбольш уплывовых дваран) і рэальную сітуацыю ў родным павеце ведала дасканала, як і працы Дабравольскага і іншых сучаснікаў.

Не выпадковы і сам факт правядзення такой нарады ў Смаленску ў пачатку ліпеня 1923 года. З мэтай паскарэння вырашэння пытання аб вяртанні ўсходнебеларускіх зямель кіраўніцтва БССР выкарыстоўвала імкненне савецкіх лідараў паказаць, што ў СССР, у адрозненне ад буржуазнай Польшчы, праводзіцца правільная нацыянальная палітыка ў дачыненні нават да невялікіх нацый. Не выпадкова, што пытанне пра ўзбуйненне БССР было вырашана на пасяджэнні ПБ ЦК РКП(б) 12 чэрвеня 1923 г. пры абмеркаванні даклада камісіі ЦК «Аб працы сярод беларусаў у Польшчы».

Камісія ЦК РКП(б) таксама фактычна дала старт працэсу рэальнай беларусізацыі ў БССР. Ужо на яе першым пасяджэнні яна запытала «Наркамнац пра нацыянальны склад насельніцтва (у працэнтных адносінах) памежных раёнаў, якія прылягаюць да Беларусі».

Смаленская нарада і сфармулявала адказ на гэта пытанне. Аднак тады звесткі, агучаныя Клятновай, мяркуючы па ўсім, засталіся незапатрабаванымі, хоць у выніковым пратаколе камісіі неаднаразова згадвалася Смаленская губерня.

Археолаг і этнографка Кацярына Клятнова, прафесарка Смаленскага дзяржаўнага ўніверсітэта і дачка вяземскага павятовага маршалка, насуперак жаданню смаленскіх улад сцвярджала пра беларускасць Смаленшчыны ў сваіх дакладах. Фота: Wikimedia Commons

Губернскія кіраўнікі мелі прычыны асцерагацца таго, што камісія прыме рашэнне пра неадкладнае пашырэнне БССР за кошт беларускіх тэрыторый Віцебскай, Гомельскай (у якую была ператворана колішняя Магілёўская губерня) і Смаленскай губерняў. У гэтым працэсе магло знайсціся месца і Смаленску, дзе ў канцы снежня 1918 г. была абвешчана беларуская савецкая дзяржаўнасць і дзе размяшчаліся органы кіравання Заходняй ваеннай акругі, якая з 1926 г. стала Беларускай ваеннай акругай. 

Але пытанне аб пашырэнні БССР у выніковым пратаколе было адкладзена, і пры яго вырашэнні мусіла ўлічвацца меркаванне губернскіх партарганізацый. Неадкладна ж пачынаць камісія загадала менавіта працэсы беларусізацыі адукацыйных структур у гэтых губернях.

Праўда, у тым жа ліпені 1923 г. Наркамасветы РСФСР значна палегчыў Смаленскаму губана задачу для пачатковага этапу беларусізацыі. Пілотным рэгіёнам стаў Горацкі павет. У ім мерапрыемствы па беларусізацыі школьнай сістэмы сапраўды пачаліся з 1923/1924 навучальнага года, але ўжо падчас яго смаленскія ўлады перасталі за гэта адказваць…

У выніку працяглых перамоў і ўзгадненняў 4 лютага 1924 г. Прэзідыум УЦВК прыняў пастанову аб перадачы БССР тэрыторый, дзе пераважае беларускае насельніцтва. У склад БССР вярнулася 15 паветаў і шэраг валасцей Віцебскай, Гомельскай і Смаленскай губерняў, у тым ліку з апошняй — Горацкі павет, дзе толькі распачалі беларусізацыю, і Мсціслаўскі павет.

У Смаленску атрымалі важную для сябе часовую перадышку і маглі нарэшце забыцца на даклад Клятновай, тым больш што прафесарка, чые ініцыятывы не сустракалі падтрымкі новай улады, у 1924 годзе выехала з СССР і засталася ў Чэхаславакіі. З гэтага часу смаленскія ўлады маглі свядома арыентавацца на як мага больш сціплыя лічбы беларусаў, якія пражываюць у губерні, прыкрываючыся наступным аргументам: «Цяжэй усяго паддаецца ўліку беларускае насельніцтва». 

Далей ужо згадвалася толькі пра некаторыя воласці двух паветаў, дзе беларускае насельніцтва сапраўды маецца і «жыве ў валасцях Смаленскага і Рослаўскіх паветаў, якія мяжуюць з Беларускай рэспублікай: Любавіцкай, Руднянскай, Манастыршчынскай, Пятровіцкай, Шумяцкай і Хіславіцкай Рослаўскага павета». У даных перапісу 1926 г. часам сумняваліся самі смаленскія ўлады ў афіцыйных паперах, але пры гэтым яны ніколі не сумняваліся ў невялікая колькасці «беларускай нацыянальнай меншасці».

У адной са справаздач губана адзначалася, што «па здагадках белкультпрацаўнікоў гэтая лічба не адпавядае рэчаіснасці. Маюцца факты, якія паказваюць на тое, што пры апошнім перапісе насельніцтва Смаленскай губерні часта беларусы механічна адносіліся да велікаросаў (Манастыршчынская вол.) ці калі насельніцтва дзвюх суседніх вёсак па нацыянальных абліччах падобнае адно да аднаго адносілася да дзвюх нацыянальнасцей (Любавіцкая вол.).

Гэтая тлумачыцца тым, што мясцовыя работнікі, у прыватнасці, перапісчыкі, не ўлічылі палітычнай важнасці гэтага пытання, і само насельніцтва «ўжо настолькі абрусела, што яно не надае беларусізацыі аніякага значэння».

Асцярожны тон дакумента з падстрахоўкай на меркаванне нешматлікіх і пазбаўленых усялякага палітычнага аўтарытэту «белкультпрацаўнікоў» дапаўняецца тут важнай рэмаркай пра паскоранае абрусенне сельскага насельніцтва.

Савецкая сельская школа ў 1928 годзе. Фота: Аркадзь Шышкін

Аўтары манаграфіі даюць цікавае тлумачэнне гэтаму феномену: «Больш істотнай падставай да адзначанага зніжэння колькасці смаленскіх беларусаў у сярэдзіне 1920-х гг. стала імкненне апошніх больш актыўна ўключацца ў распачатыя індустрыяльныя і сацыяльна-мадэрнізацыйныя працэсы, якія значна больш праяўляліся якраз у расійскіх, а не ў беларускіх рэгіёнах і давалі істотна больш магчымасцяў беларускаму сялянству для сацыяльнага ліфта. Усё гэта не магло не адбіцца і на колькасці беларускага насельніцтва губерні. Яно будзе скарачацца на ўсім працягу дваццатых гадоў XX стагоддзя.

Пры гэтым гаворка будзе ісці не пра фізічнае скарачэнне колькасці беларусаў, а пра іх самазалічэнне ў склад расійскага этнасу шляхам самарусіфікацыі і выбар замест роднай беларускай мовы агульнасаюзнай мовы — рускай».

Да гэтага варта дадаць, што на выбар смаленскага сялянства ўплывала таксама падспуднае разуменне як блізкасці Масквы (асабліва да ўсходняй часткі губерні), якая стала з сакавіка 1918 г. сталіцай савецкай дзяржавы, так і адсутнасці значных праектаў індустрыялізацыі ў памежнай БССР. 

Далейшае «канчатковае вырашэнне беларускага пытання» было ўжо справай савецкай бюракратыі. Працэсы беларусізацыі закранулі толькі малую частку рэгіёна. Асноўнай формай практычнай беларусізацыі на Смаленшчыне стаў не перавод на беларускую мову органаў дзяржаўнай улады, а стварэнне беларускіх школ з навучаннем на беларускай мове, што выразна адрознівалася ад правядзення ўкраінізацыі ў РСФСР. Пры такім раскладзе звычайны і для ранняй савецкай рэчаіснасці фармалізм правядзення беларусізацыі арганічна спалучаўся з факультатыўнасцю яе існавання.

І хоць у рэалізацыі палітыкі ўкраінізацыі заўсёды назіралася добрая канцэнтрацыя фармалізму і паказухі, важнае адрозненне ад сітуацыі з беларусізацыяй заключалася ў куды больш значным фінансаванні адукацыйных праектаў. Апроч Наркамасветы РСФСР, ва ўкраінізацыі ў расійскіх рэгіёнах актыўна ўдзельнічалі ўлады УССР, што дазваляла дасылаць сотні ўкраінскіх настаўнікаў не толькі ў Цэнтральнае Чарназем'е і на Кубань, але і на Далёкі Усход і ў Казахстан.

Нічым падобным улады БССР не валодалі, іх дапамога беларусізацыі ў РСФСР зводзілася да арганізацыі кароткатэрміновых курсаў для перападрыхтоўкі настаўнікаў у Мінску, якія фінансаваліся Цэнтральным беларускім бюро Наркамасветы РСФСР, забеспячэннем навучальнай і метадычнай літаратурай і эпізадычным правядзеннем фальклорна-этнаграфічных экспедыцый супрацоўнікамі Інбелкульта.

У выніку справа беларусізацыі на Смаленшчыне была практычна цалкам аддадзена на водкуп мясцовых улад, вымушаных, зрэшты, лічыцца з пастаянным кантролем Наркамасветы РСФСР.

Пры гэтым матэрыялы манаграфіі аспрэчваюць катэгарычныя высновы Рудлінга аб «масавым супраціўленні беларусізацыі» і сведчаць пра яе нераспаўсюджанасць у Смаленскім рэгіёне. 

Але гэта зусім не дзіўна, бо смаленскія ўлады, кіруючыся выгаднымі для іх данымі перапісу 1926 г., ужо старанна мінімізавалі маштаб беларусізацыі, пасля чаго падтрымлівалі яе фармальна. Губернская газета «Рабочы шлях» нават рэгулярна крытыкавала недахопы правядзення гэтай палітыкі. Зрэшты, фінансаваць беларусізацыю ў самым Смаленску гарадскія ўлады адмаўляліся. Адказны работнік аддзела нацыянальнасцей УЦВК Залман Астроўскі ў сваёй кнізе 1931 г. прыводзіў такі красамоўны факт: 

«Смаленскі гарсавет і ў 1928 г. працягваў лічыць, што «беларусаў у Смаленску няма і пра іх не трэба гаварыць». І сваім рашэннем ён перадаў сродкі, запланаваныя ў бюджэце губернскага аддзела народнай адукацыі на культурна-асветніцкую працу сярод беларускага насельніцтва ў горадзе, на жыллёвае будаўніцтва».

Але і такі пратэст супраць беларусізацыі цяжка назваць масавай з'явай. Архіўныя і газетныя матэрыялы пераконваюць, што і ў смаленскай глыбінцы масавай незадаволенасці беларусізацыяй не было, супраць выказваліся асобныя прадстаўнікі мясцовага начальства і інтэлігенцыі. 

Так, 23 жніўня 1927 г. «Рабочы шлях» раскрытыкаваў старшыню валаснога выканкама Дзямідаўскага павета, былога рабочага аднаго з ленінградскіх заводаў, з якім падчас экспедыцыі сустракаўся супрацоўнік Інбелкульта гісторык і этнограф Аляксандр Шлюбскі. 

«Калі Шлюбскі гаварыў па-беларуску, старшыня <…> спытаў яго, ці на такой мове чытаюць лекцыі ў Беларускім універсітэце, потым сказаў: «Дзіўна, які некультурны і неадукаваны народ — беларусы. Бо ў вас гавораць ва ўніверсітэце гэтак жа, як гавораць непісьменныя і неразвітыя сяляне ў маёй воласці».

Рускія паэты Аляксандр Твардоўскі і Міхаіл Ісакоўскі, якія паходзілі з беларускага сялянства Смаленшчыны, захоўвалі прыязнае стаўленне да беларускай мовы, якую ведалі з дзяцінства.

Варта заўважыць, беларускім словам валодалі і самыя пісьменныя і развітыя прадстаўнікі тагачаснага смаленскага сялянства, да якіх адносіліся і выдатныя рускія паэты Міхаіл Ісакоўскі і Аляксандр Твардоўскі. Ісакоўскі, які нарадзіўся ў Ельнінскім павеце, у адным са сваіх апошніх вершаў «Каля навагодняй елкі» (снежань 1972 г.) пісаў: 

Никто мне в детстве не дарил игрушек, 
Ни разу я на елке не бывал. 
В лесу я слушал, но не птиц, а птушек, 
Как мой отец пернатых называл.

Акцёр Зіновій Герт успамінаў пра Твардоўскага, які нарадзіўся ў Смаленскім павеце: «Гэты сялянскі чалавек, які ў жыцці гаварыў ледзь-ледзь з беларускім вымаўленнем, быў бясхібным у прозе і вершах, быў арыстакратычным, быццам дваранін дванаццатага калена». Народны артыст СССР Герт добра разбіраўся ў «беларускай гаворцы», бо нарадзіўся ў 1916 г. у павятовым Себежы Віцебскай губерні, які пры савецкай уладзе адышоў да РСФСР. У 1989 г. Герт так выказаўся пра сваю радзіму: «Я не зусім з Беларусі, але каля. Я родам з Себежа». Беларускія асаблівасці мовы мясцовага насельніцтва, сярод якога будучы артыст правёў першыя 16 гадоў жыцця, былі Герту добра вядомыя; у сумесных з Твардоўскім паходах у лес у грыбы сябры часам размаўлялі з гэтым «вымаўленнем».

Але сабатаж беларусізатарскай палітыкі смаленскімі ўладамі, спрэс чужынцамі, і арыентацыя на блізкую Маскву прывялі не толькі да хуткага «самаабрусення» насельніцтва, для якіх беларуская мова мела нізкі сацыяльны статус і была неперспектыўнай у параўнанні з рускай, але і да таго, што «трэцяга ўзбуйнення» БССР так і не адбылося.

Гэтае наменклатурнае змаганне супраць уключэння беларускіх рэгіёнаў у склад Беларусі варта параўнаць з аналагічнымі формамі супраціўлення, якія мелі месца ў Віцебскай і Гомельскай (Магілёўскай) губернях, якія ўсё ж, няхай і не цалкам, але вярнуліся назад.

Не без горкай іроніі «трэцім узбуйненнем БССР» хіба што можна назваць перадачу ў 1964 годзе некалькіх вёсак Манастыршчынскага раёна Смаленскай вобласці са складу РСФСР у склад Мсціслаўскага раёна БССР. Прычынай было зусім не нацыянальнае пытанне, а зручнасць — да Манастыршчыны жыхарам трэба было ехаць каля 60 км, а да Мсціслава — усяго 10 км. Пры гэтым Сапрынавіцкі сельсавет, у які сёння ўваходзяць гэтыя вёскі, ніякім адметным нацыянальным складам не адрозніваецца — паводле перапісу 84% жыхароў лічаць сябе беларусамі.

На думку даследчыка Юрыя Барысёнка, наватарская манаграфія расійскіх даследчыкаў пра беларусізацыю на Смаленшчыне — гэта важны крок да паглыбленага вывучэння працэсаў карэнізацыі ў РСФСР, яна ставіць нямала цікавых пытанняў, якія патрабуюць далейшай даследчай распрацоўкі.

Для нас жа, беларусаў, гэтае даследаванне важнае, каб зразумець, як жа мы страцілі сваё, а таксама для таго, каб зноў паглядзець на тое, што адбываецца ў нашай краіне цяпер — ці не прывядзе сённяшні сабатаж беларускай справы ўладамі да яшчэ больш катастрафічных для нацыі страт?

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары23

  • беларусь
    03.07.2023
    гэта жах як у пачвар у адносна кароткі час з'явілася столькі ўлады і рэсурсаў каб прыгнечваць поў света.... большы жах што ўсё гэта рабілася рукамі людзей, якія дагэтуль марылі пра свабоду напэўна
  • dfd
    03.07.2023
    Вопрос из серии " а почему Гродненщына, Брестчына и Запад Витебской не вернулися в лоно Речи Посполитой?"... 

     История Смоленщины повторяется прямо у нас на глазах. На.й кому надо была мова на протяжении 30 последних лет. и теперь среди "народа" она НЕ нужна.   Т.н. беларусы по гражданству и месту рождения до сих пор НЕ стали и повидимому никогда уже не станут беларусами по убеждениям и по языку.
  • Бобр
    03.07.2023
    НН следует больше писать о белорусских землях в составе России. Учитывая предстоящие изменения в РФ, вполне возможно вступление порубежных регионов в состав Беларуси. У нынешних граждан Беларуси, может возникнуть отторжение населения новых районов: зачем нам чуждые. Однако на самом деле это тоже беларусы, но под большим влиянием ассимиляции. Население Себежа, запада Смоленской области и север Брянской области, не отличить по говору от населения востока Могилевской области. Запад брянской области спорный вопрос с украинцами. Возможна перспектива Калининградской области или ее части. Учитывая большое количество переселенцев из БССР, и белорусских областей РФ

Украінскі дэпутат на форуме «добрых рускіх»: Важна пераносіць вайну ў Беларусь8

Украінскі дэпутат на форуме «добрых рускіх»: Важна пераносіць вайну ў Беларусь

Усе навіны →
Усе навіны

Пскоўскі мастак захацеў паваяваць з бел-чырвона-белым сцягам, але нашкодзіў сабе самому5

ЕС падтрымаў значнае павышэнне пошлін на кітайскія электрамабілі

У цэнтры Брэста паставілі незвычайны арт-аб'ект

Трэснуў будынак гімназіі ў Віцебску, вучняў перавялі ў іншыя школы

«Усе фігачылі па орках з усмешкай на твары. Мяне затрохсоцілі, і ўсмешкі зніклі»24

Прадзюсара Аляксандра Чахоўскага будуць завочна судзіць ужо другі раз

Вынеслі прысуды фігурантам справы аб падрыве самалёта на аэрадроме ў Мачулішчах — да 25 гадоў1

У Беларусі пачалі прадаваць корм «для сапраўдных квадробераў»3

Выйшаў на волю па памілаванні 74-гадовы палітвязень Барыс Кучынскі

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Украінскі дэпутат на форуме «добрых рускіх»: Важна пераносіць вайну ў Беларусь8

Украінскі дэпутат на форуме «добрых рускіх»: Важна пераносіць вайну ў Беларусь

Галоўнае
Усе навіны →