Нерухомасць99

Купілі сельскі клуб і перарабілі яго ў двухпавярховы дом. Атрымалася фантастычна

Загарадную хату ці дачу звычайна купляюць тады, калі ўжо ёсць уласная кватэра. У Каці і Паўла выйшла інакш. Усе грошы, падораныя на вяселле, маладыя ўклалі ў куплю сельскага клуба ў вёсцы Падневічы Валожынскага раёна. Яны нават толкам не ведалі, якой хочуць бачыць хату. Адно было вядома дакладна — трэба захаваць атмасферу, якая тут панавала дзесяцігоддзямі. А тут яна была ого якая. Цяпер на месцы сцэны знаходзіцца гасцёўня, а будынак абзавёўся другім паверхам і тэрасамі. Realt прыехаў паглядзець, што атрымалася.

Падневічы знаходзяцца ўсяго за 15 хвілін язды ад Ракава. Гродзенскі напрамак заўсёды славіўся сваімі маляўнічымі краявідамі. 

Яшчэ адно месца па дарозе ў вёску прапусціць немагчыма. Гаворка ідзе пра старыя могілкі і капліцу, што пабудавалі ў 1852 годзе. Гэтае ўрочышча называецца Тупальшчынай і знаходзіцца недалёка ад паселішча. Капліца хоць і невялікая, але эфектная, сцены ўзводзілі з натуральнага камення, а сама яна стаіць на самай вяршыні. Промні сонца асвятляюць бюст першага класіка новай беларускай літаратуры — Дуніна-Марцінкевіча. Драматург і стваральнік беларускага тэатра жыў недалёка ад Падневіча ў фальварку Люцынка.

Дамы ў вёсцы раскіданыя па абодва бакі дарогі. Пра яе вядома не так і шмат, хоць яна і існуе больш за дзвесце гадоў. У 1921 годзе Падневічы ўвайшлі ў склад Польшчы, падчас вайны знаходзіліся пад акупацыяй немцаў. За ўвесь час існавання колькасць двароў тут толькі расла. Цяпер іх каля 100. Апошнія 10 гадоў змянілі аблічча вёскі. Тут нават можна сустрэць катэджы, якія звычайна ўпрыгожваюць элітныя пасёлкі і таварыствы. Кажуць, што за ўчасткамі ў Падневічах стаіць чарга. А што? Побач Іслач, вялікі ягадны лес, стайня і да Мінска рукой падаць.

Статус беларускай вёскі ўсё яшчэ падтрымліваюць старыя драўляныя хаты. Яны тут розныя: і па памерах, і па колеры, з верандамі і без. Калі прыслухацца, то акрамя спеваў птушак можна пачуць мітусню, якая разгортваецца ў дварах мясцовых жыхароў. Вясна ўсё ж такі — агароды, расада… Антураж стварае і крама, якая дагэтуль працуе, а гэты факт кажа пра галоўнае — вёска жыве.

Каця і Павел прыехалі сюды восенню 2014 года. Знаёмыя прапанавалі паглядзець дом, які тут прадавалі. Ён быў незвычайны — найкаштоўнейшае месца для тутэйшай моладзі — сельскі клуб.

— Мы толькі пажаніліся, жылі на здымнай кватэры на Каліноўскага і з горада дакладна з'язджаць нікуды не планавалі. Сябры расказалі пра гэты клуб, і мы вырашылі паглядзець, што ж за ён. Памятаю, што тады была глыбокая восень. Вакол усё шэрае і мокрае. Не магу сказаць, што я ўлюбілася ў гэты клуб з першага погляду. Але мы яго ў выніку купілі, а прыехаць наступным разам вырашылі ўжо вясной, каб ім захапіцца, — смяецца дзяўчына. — Тады клуб каштаваў нядорага, мы патрацілі на яго ўсе падораныя на вяселле грошы.

Дзяўчына прызнаецца, што планаў наконт дома яны не мелі. Проста хацелі захаваць атмасферу месца. Некалькі гадоў клуб ужо не працаваў, таму цывілізаваны выгляд будынак страціў.

— Стан пакідаў жадаць лепшага, але дэталі напаўнялі гэтае месца душэўнасцю. Столі трымалі падпоркі, стылізаваныя пад бярозы. У цэнтры стаялі старыя драўляныя крэслы. Была печ і пакой, дзе захоўвалі вугаль і брыкеты, за сцэнай знаходзілася кінабудка.

Як ні круці, вясковы клуб — самае важнае месца для сельскай моладзі. Дзяўчаты збіраліся на кожныя танцы, як на вяселле. Запрэжаныя канямі вазы прывозілі дзясяткі хлапцоў з суседняй вёскі, бо там дыскатэкі заканчваліся раней. Тое, што рабілася ў гэтых сценах, на раніцу збіралася на лаўках за гутаркамі бабуль, а з часам рамантызавалася. Пацешныя гісторыі можна пачуць ад мясцовых і дагэтуль. Да Каці і Паўла часта прыходзілі жыхары і расказвалі, як яны весяліліся тут па маладосці. Вяселлі, святы, кіно — усё было ў гэтым сельскім клубе. Жыхары казалі, што сюды нават прыязджаў выступаць сімфанічны аркестр Белтэлерадыёкампаніі.

— Некаторыя мае знаёмыя запэўнівалі, што мы дарма ўклаліся ў гэтае месца, бо тут збіраліся не толькі на імпрэзы, але і на памінкі, а значыць, тут ёсць дрэнная энергетыка. Мяне такія аргументы зусім не хвалявалі, бо я ў гэта не веру. Людзі самі ствараюць атмасферу вакол сябе. Тым больш, што мы з мужам бачылі тут больш радасці, чым негатыву.

Але і яе паменшала, калі для ацэнкі стану дома пара прывезла бацьку Паўла. Той паведаміў ім сумную навіну — усё трэба зносіць. Клуб, якому больш за 50 гадоў, быў непрыдатны да рэканструкцыі: дах часткова прагарэў, сцены былі не ў найлепшым стане.

— Гучала несуцяшальна, але мы ўсё адно захацелі пакінуць частку ад клуба. І гэта атрымалася зрабіць, хоць за пластом тынкоўкі нават не відаць, што сцены з старога бярвення. Па выніку каркас застаўся, а кацельню, кухню і другі паверх мы ўжо прыбудавалі. Атрымліваецца, што гасцёўня заняла ўсю плошчу старога клуба, а канапа стаіць на сцэне.

Рамонт ішоў цэлыя 4 гады. На той момант грошай у сям'і было няшмат, таму прыцягваць стараліся сваякоў і сяброў. Бацька Паўла нават пераехаў сюды, засяліўся ў вагончык, каб сачыць за працэсам. Быў прарабам.

У сельскім клубе другога паверха не было, а гарышча ніяк не выкарыстоўвалася. У выніку зрабілі там тры спальні, дзе маглі б спыняцца яшчэ госці, а таксама гардэробную.

— Лесвіцу рабіў бацька і мой брат. Я таксама ўдзельнічала — фарбавала, — усміхаецца Каця. — На другім паверсе мы размясцілі і невялікі пакой адпачынку з крэсламі. Тут я марыла аб панарамных вокнах, але яны былі не для нашага бюджэту. 

Адзінае, што я б цяпер перарабіла тут, дык гэта гардэробную. На практыцы выявілася, што значна зручней было б яе размясціць на першым паверсе, каб не хадзіць туды і сюды. 

Дзякуючы другому паверху дом павялічыўся да 300 «квадратаў». Калі толькі будаваліся, быў папулярны скандынаўскі стыль. У ім усё проста і танна. Адзін час мы смяяліся, што ў нас дом — імітацыя: ламінат — імітацыя дрэва, электракамін замест каміна, плітка пад цэглу, столі на выгляд драўляныя, але гэта МДФ. Выглядае нядрэнна і пры гэтым не цягне з кашалька апошнія грошы. З натуральнага дрэва ў нас тут толькі панэлі на сценах. Іх я ўбачыла ў Pinterest, які стаў для мяне такім падручнікам. Мы ім закрылі ўсе патрэбы ў дызайне. Да гэтага часу марную на яго больш часу, чым на TikTok.

Галоўную сваю жаночую мару Каця здзейсніла ў кухні. Там мыйка ўсталяваная ля самага акна.

— Уяўляла, як буду мыць клубніцы і глядзець на свой зялёны ўчастак, — смяецца дзяўчына. 

А вось ад навясных шаф адмовілася. Па-першае, яны займаюць шмат месца. Па-другое, чым больш зон захоўвання, тым больш у цябе збіраецца рэчаў.

Адно створанае месца ў хаце так і прыцягвае да сябе ўвагу.

— Куток з выхадам на тэрасу — улюбёнае месца ў нас і гасцей. Тут першапачаткова мы зрабілі акно, а другую тэрасу і не планавалі. Потым зразумелі, што ўсе разеткі ў хаце не патрэбныя, але няма той, што патрэбна — кажа Каця. — Праз два гады мы вырашылі, што патрэбны выхад з кухні, бо ў двары да нас стаяла альтанка. Не трэба несці прадукты і посуд праз усю хату. Тэраса ўжо з'явілася пазней, але месца для яе лепшага і не знайсці.

Жыць у былым сельскім клубе сям'я не планавала, але ў 2017 у іх з'явілася дзіця. Бацькі вырашылі, што для малога важнае свежае паветра і адсутнасць гучных суседзяў. Так яны і пераехалі.

— Я доўга не ўяўляла, як буду жыць у вёсцы. У сельскай мясцовасці ўсё ж такі няма неабходнай інфраструктуры, пагуляць па сутнасці няма дзе з дзіцем. Але мы хадзілі па лясах, палях, кветкі збіралі — такое цудоўнае дзяцінства было ў дзяцей. Пасля 5 гадоў жыцця тут у горад вяртацца не хачу. Мой муж сказаў, што мы ўклалі ў дом 100 тысяч даляраў з улікам кошту клуба, альтанак і мэблі. Я не лічу, што гэта шмат, бо за такія грошы ў Мінску можна двушку купіць, але прасторы будзе менш.

Вясковы клуб пара купіла разам з участкам памерам у 30 сотак. Тут не было нічога, акрамя тэлефоннай лініі і электрычнасці. Яны прабілі свідравіну, паставілі фільтры, цяпер вада тут такая мяккая, што нават цяжка змыць мыла.

— Апальвалі дом першапачаткова на цвёрдапаліўным катле. Калі пайшлі размовы пра танную электраэнергію і запуск АЭС, мы паставілі электракацёл. Папраўдзе цяпер выходзіць практычна тая ж сума, што і пры цвёрдапаліўным, але карыстацца ім значна зручней.

Паколькі Каця і Паша хацелі захаваць прызначэнне клуба як месца для тусоўкі, яны вырашылі часам пускаць у выхадныя дні сюды гасцей, а самі на гэты час з'язджаюць у горад.

Для адпачынку на такой вялікай тэрыторыі ёсць усё: ручай, тэрасы і альтанка. Паколькі побач працякае Іслач, часта тут ладзяць сплавы на байдарках.

— Адзін з велізарных плюсаў гэтага месца — гэта абшары, якія ёсць у вёсцы і наваколлях. Вядома, у хаце заўсёды знойдзецца праца, але цяпер яна прыносіць мне задавальненне. Я сама з маленькага горада і жыла ў прыватным доме. У дзяцінстве здавалася, што праполка, чыстка дарожак зімой ад снегу — гэта нейкае пекла. Цяпер мая медытацыя, не паверыце, касіць газон. Люблю гэта рабіць, тым больш, што эфект адразу бачны. 

Што да агарода і саду, то мы іх ніколі не хацелі. У гэтым годзе мама мяне перамагла, і я такі зрабіла агарод. Праўда, большая частка будзе служыць фотафонам. Для гэтага я пасадзіла сланечнікі і кукурузу, а зусім маленькі «квадрат» адведзены на зеляніну — паказвае тэрыторыю Каця. — Мы гуляем тут кожны дзень. Гэта прыгажосць здаецца штодзённасцю, але каштоўнасць яе не губляецца. Наша хата — гэта найлепшы псіхолаг і найлепшы курорт для нас. 

Каментары9

  • Анна
    25.05.2023
    Просто ужас. Купят  аутентичный дом. А потом все перекроят.
    И, он  "белой вороной" потом  сияет среди деревни. Еще и заборчик из профнастила поставят. Все испоганят.
     Зачем это было нужно? Поставили бы новый среди новых же коттеджей. Чем хвастаются? Что среду привычную "убили" своим выпендрежем??Или это реклама стройматериалов?
  • А пачэму бы і да
    25.05.2023
    Анна, “у сасудзе ўсё далжно быць чысценька і адзінакава”, как адзін калхознік завешчаў
  • Віктар
    25.05.2023
    Гэта дом палітвязьня Паўла Белавуса, зусім нядаўна асуджанага на 13 год калёніі. 

У Беларусі з'явіўся народны паэт7

У Беларусі з'явіўся народны паэт

Усе навіны →
Усе навіны

Сёння — чарговы суд над палітзняволеным журналістам Ігарам Карнеем. Некалькі месяцаў яго трымаюць у памяшканні камернага тыпу1

Колькі беларусам трэба для камфортнага жыцця?3

Як у Мінску запалілі галоўную ёлку ФОТЫ4

Ва Украіне паспяхова выпрабаваная новая ракета «Рута»3

Запісацца на візу хутчэй можна праз «радары». Пра што размова?7

Былы міністр абароны Паўднёвай Карэі спрабаваў скончыць жыццё самагубствам

Расійскія Таганрог і Бранск падвергнуліся атацы2

Марафон рэпрэсій не спыняецца. Паказваем жахлівыя лічбы8

Спікер парламента Наталля Качанава разбіралася з ляхавіцкай маршруткай4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Беларусі з'явіўся народны паэт7

У Беларусі з'явіўся народны паэт

Галоўнае
Усе навіны →