Грамадства1818

Як у КДБ вісяць партрэты не Лукашэнкі, а Пуціна, як трапіў у «камеру смяротнікаў» і як стаў сведкам спробы ўцёкаў палітычнага — моцны аповед былога палітвязня

Пружанец Алег Кулеша правёў за кратамі год і сем месяцаў. Ён расказаў «Нашай Ніве», што адбывалася ў СІЗА № 7 з Паўлам Разановічам, які праходзіў па «справе Аўтуховіча». А таксама пра былога дырэктара ЦЭЦ, які хадзіў у баландзёрах, таемныя віншаванні на Дзень Волі і ўцекача ў калоніі. А таксама пра тое, як адчайна змагаўся ў калоніі за сваё права размаўляць па-беларуску.

«Кажуць: ну што, Антонавіч, сядай, паедзем тваю асобу высвятляць»

Алега абвінавацілі па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса за падзеі 13 верасня 2020 года на Маршы герояў у Брэсце, калі пратэстоўцы на скрыжаванні бульвара Касманаўтаў і праспекта Машэрава вадзілі карагод, спявалі песні «Муры» і «Тры чарапахі». За тую выключна мірную дэманстрацыю, здаецца, берасцейцам помсціў асабіста Аляксандр Лукашэнка, якому вялікія маршы таго дня азмрочылі візіт да Пуціна. У Брэсце ў турмы адправілі больш за 100 удзельнікаў карагодаў.

Падрабязна пра адметнасць «брэсцкіх карагодаў» расказвала яшчэ адна былая палітзняволеная з Пружан Ганна Баран.

Наша размова з Кулешам пачынаецца з падзей, якія адбываліся ў Пружанах у 2020-м. Алег апісвае, як пратэставалі пружанцы. 

«Людзі збіраліся на плошчы каля аўтобуснага прыпынка, ён пасля атрымаў назву прыпынак «Перамен». А пасля ў адзін з дзён іду зноў на гэты прыпынак са сцягамі, ззаду едзе аўтазак. Я нейкім хлопцу з дзяўчынай аддаў сцягі, а сам пайшоў да аўтазака. Адтуль вывалілася гурма мясцовых міліцыянтаў з аўтаматамі. Кажуць: ну што, Антонавіч, сядай, паедзем тваю асобу высвятляць. Мяне так затрымлівалі для высвятлення асобы дзесьці 10 разоў. Гэта прывяло да таго, што я нават звяртаўся з лістом у райвыканкам, каб пазначылі час, калі мне дазволена хадзіць у краму па хлеб», — згадвае Алег. 

Калі Алега затрымлівалі ў 2020-м першы раз, у пратаколе напісалі: «Трымаў у руках невядомы сцяг з выявай змяі, у пашчы якой знаходзіцца чалавек». 

«А гэта ж сцяг нашага горада. Яны нават не ведаюць, як выглядае іх сцяг. 

Сцяг Пружан. Фота: geraldika.by

«У ГУБАЗіКу быў чалавек, з якім мы нават заканчвалі адзін факультэт»

У канцы дзевяностых мужчына працаваў у Пружанах: спачатку настаўнікам у школе, потым у БРСМ. 

Некаторых міліцыянтаў, якія яго затрымлівалі, Алег узнагароджваў ад саюза моладзі. 

Калі ж з арганізацыі пачалі рабіць «лукамол», Алег сышоў на свой хлеб, таму што працаваць у школе яму не далі. Урэшце ён стаў кіроўцам. 

Пасля 1994-га (мужчына тады аддаў голас за Станіслава Шушкевіча) больш на выбары не хадзіў. Пайшоў на ўчастак толькі ў 2020-м.

«Думаю, на халеру ты папёрся, ведаеш жа, што ўсё будзе дарма, намалюе ён. Але ўвечары да мяне прыбег дзяцюк і кажа: дзядзька, там нас лупяць, без цябе аніяк. І я зразумеў, што нарэшце беларусы прачнуліся, калі ўжо ў Пружанах такое, назад вяртання не будзе. А цяпер, у 2023-м, забываемся пра малыя мястэчкі, гэтага рабіць нельга», — расказвае ён. 

За час з 2020-га Алег пяць разоў пабываў у ІЧУ, сядзеў у берасцейскім СІЗА і бабруйскай калоніі. 

«У малых мястэчках людзі настолькі баяліся карнікаў, што нават не разумелі, што можна браць адвакатаў», — кажа ён.

Па крымінальнай справе Алега затрымалі 30 кастрычніка 2020-га. Згадвае, як яго вывезлі на край Пружанскага і Камянецкага раёнаў, дзе чакаў ГУБАЗіК. 

«У ГУБАЗіКу быў чалавек, з якім мы нават заканчвалі адзін факультэт — гістфак Берасцейскага педагагічнага ўніверсітэта. 

Адзін з супрацоўнікаў усё перада мной кулакі складаў. Бачна было, што яны пабітыя. Пытаўся, ці наліць мне кавы, і да твару кулакі падносіў. Прапаноўвалі адразу пагадзіцца з усім — і нібыта дамоў адправяць. Казалі, што, калі запатрабую адваката, прыйдзецца пасядзець. Як толькі з’явіўся следчы, я напісаў, што мне патрэбны адвакат. Нічога не прызнаў. 

Казаў следчаму, што гэта не я, а кадэбісты зладзілі карагод, наўмысна нагналі людзей, а цяпер хочуць беларусаў садзіць. Той адказаў, што «не таких ломали, иди посиди». Пасадзілі да «качкі», ён адразу стаў распытваць, хадзіў ці не», — расказвае Алег.

«ІЧУ я адбыў (трое сутак), і пасля яны мяне адпусцілі, бо рабілі экспертызу, ці сапраўды я знаходзіўся ў тым карагодзе. Але калі садзілі ў ІЧУ, адзін з міліцыянтаў сказаў: «Ну что, лярва, запоминаешь наши лица?»

Да «карагоднай справы», па словах Алега, было далучана 11 следчых па асабліва важных справах па ўсёй вобласці. 

Экспертыза прыйшла станоўчая. Алега зноў затрымалі 10 чэрвеня 2021-га.

У берасцейскім СІЗА мужчына пачаў пісаць вершы. Адзін з іх ён прачытаў падчас апошняга слова на судзе. Верш заканчваўся радкамі:

Стаяць людзі з торбамі
У чэргах ля СІЗА. 
Адбыліся выбары — 
Стогне грамада…

Сустрэча з Паўлам Разановічам у «камеры смяротнікаў»

За час знаходжання ў СІЗА Алег пабачыў шмат моцных людзей. Праўда, сустракаў і тых, хто здаўся ці не зразумеў, куды трапіў. 

Алег сядзеў у «камеры смяротнікаў» разам з Паўлам Разановічам, асуджаным па «справе Аўтуховіча». 

«Спачатку мяне адправілі ў «космас» (вандроўку па ўсім СІЗА). Некалькі дзён жыў у адной «хаце», пасля пераводзілі ў іншую, затым зноў перакідалі. Трапіў у «камеру смяротнікаў», дзе сустрэў Паўла Разановіча, вельмі моцнага і годнага чалавека.

«Космас» для мяне быў не зусім звычайны: з-за таго, што я беларускамоўны, мяне заткнулі ў «хату», дзе сядзеў «нізкі сацыяльны статус». Адразу здагадаўся, куды трапіў, дзесьці дзве гадзіны біў у дзверы, мяне вывялі і перавялі ў «камеру смяротнікаў», — кажа Алег.

Разановічы — бацька і сын — сядзелі насупраць адзін аднаго ў розных камерах. 

Побач з «хатай», у якой былі Алег і Павел, знаходзіўся пакой, дзе былі оперы. 

«Маці Паўла выводзілі да операў, праз маральны ціск яе даводзілі да шаленства, яна пачынала лямантаваць на ўсё СІЗА, здараліся істэрыкі. 

Павел пачынаў нагамі лупіць у «тармазы» (дзверы), яго адразу змяшчалі ў карцар на некалькі дзён. Праз нейкі час гэта гісторыя паўтаралася зноў. Маці яшчэ наўмысна вадзілі ўздоўж дзвярэй, каб бацьку з сынам такім чынам катаваць», — расказвае ён.

У «камеры смяротнікаў» Алег правёў каля месяца. Там вязні ўвесь час знаходзіліся пад наглядам. 

«Нават калі ты на «нужніку» сядзіш, на цябе глядзіць «вока», — успамінае ён. 

Павел Разановіч расказваў, як яго вазілі на допыт у КДБ.

«Там вісіць у іх нават партрэт не Лукашэнкі, а Пуціна, расійскія сцягі. А Павел запытаўся: дзе вашы сцягі? З нейкай палічкі дасталі маленькі, паставілі часова», — пераказвае тую размову Алег.

Разановічу далі спіс артыкулаў і сказалі выбіраць. 

«Ён спачатку абраў 342, як у мяне, але кадэбэшнік сказаў, што гэты не каціць, павыкрэсліваў усе, што меней за шэсць год.

Цікавы факт: Павел скончыў Берасцейскі ўніверсітэт, юрыдычны факультэт, а чалавек, які ўзначальвае СІЗА, быў у яго выкладчыкам. Лічыў Паўла найлепшым студэнтам, а пасля катаваў. 

Быў выпадак, калі Павел пісаў скаргу і ўсе палітычныя пагадзіліся яе падпісаць, што яны будуць сведчыць аб тым, што адбываюцца катаванні. Прыйшла «хазяйка» (начальнік СІЗА), пытаецца, ці падпісаў нехта з «нармальнымі» артыкуламі, ці ўсе палітычныя. А мы кажам, што ў нас толькі адзін чалавек з «нармальных» — забойца. На гэтым усё скончылася».

«Сустракаў толькі аднаго ябацьку на ўсё СІЗА сярод зняволеных»

З непалітычнымі вязнямі, якія сядзяць не першы і не другі раз, Алег у СІЗА сутыкаўся. Ён апісвае іх погляды. 

«Яны казалі: трэба даставаць зброю, што схавана ў лесе, таму што за «рускім светам» прыйдуць такія ж, як яны… I будзе дзяльба ўлады.

Большая частка зэкаў на нашым баку. Сустракаў толькі аднаго ябацьку на ўсё СІЗА сярод зняволеных. Ён сядзеў за хабар. Пасля галоўны праваслаўны святар Берасцейскай вобласці напісаў паперу, і яго выцягнулі адтуль. Дык ён усё браўся за галаву, што столькі маладых людзей трапляе ў астрог», — кажа ён.

«Мясцовага доктара называюць Вангай»

У маленькай «камеры смяротнікаў» (пяць на два з паловай метры) іх было 6 чалавек. Алегу дастаўся на нарах трэці паверх, нягледзячы на хворую спіну, — усіх палітычных заганялі на верхнія ярусы.

«У нас аднаногія лазяць на другі паверх», — адказаў яму доктар на заўвагу пра слабое здароўе, маючы на ўвазе асуджанага «па справе Аўтуховіча» Уладзіміра Гундара.

«Доктара мясцовага называюць Вангай. Яна рукой ззаду па спіне праводзіць, кажа: вось тут баліць, але цярпець можна, таму лекі табе непатрэбны», — дадае вязень. 

У СІЗА ў Алега пачаліся праблемы са зрокам. Тлумачыць: усё таму, што на вокнах не зняты «вейкі», вокны закрытыя жалезам, і сонца практычна не трапляе. Цяпер ён носіць акуляры з дыёптрыямі плюс 3. 

Да зняволення мог карыстацца акулярамі з дыёптрыямі плюс 1 і толькі для чытання. 

Некалькі месяцаў у СІЗА ад Алега не даходзілі лісты да блізкіх, таму што ён пісаў іх выключна па-беларуску. 

«Прыходзіў «хазяйка», я запытаўся, чаму мае лісты не выходзяць з СІЗА, дык ён адказаў, што ў іх перакладчык з беларускай мовы ў адпачынку. І гэта ў Беларусі!» — згадвае мужчына.

У адной з камер, дзе ён сядзеў, з 12 чалавек 8—9 былі палітычныя. 

Алег згадвае цікавы выпадак, які здарыўся з ім і сукамернікамі ў СІЗА. У адзін з дзён ім не хапіла ежы. 

«У «баландзёрах» хадзіў дырэктар берасцейскай ЦЭЦ, яго за хабар пасадзілі. Ежы не хапіла, і ён сказаў: хлопцы, можа мы дамовімся: або цяпер што-небудзь знойдзем (не самае смачнае), або вечарам вам будзе падарунак. Пагадзіліся на падарунак. Вечарам нам прынеслі кожнаму па сцягну варанай куркі. Гэта было феерычна. 

Дзякуючы праваабрончаму цэнтру «Вясна» ў берасцейскім СІЗА з’явілася малочнае харчаванне. «Вясна» пачала агучваць, што ў СІЗА няма малочных прадуктаў, з'явілася магчымасць купляць тварог, кефір», — дзеліцца ён. 

СІЗА ў Баранавічах і калонія

Спачатку Алега з берасцейскага СІЗА этапавалі ў баранавіцкі «цэнтрал» (там знаходзіцца і турма, і ІЧУ, і СІЗА). 

«Прывезлі нас туды ноччу, трэба было хутка перабягаць з цягніка ў аўтазак, які стаяў за некалькі рэек, — згадвае Алег. — Рукі былі ў кайданках, а яшчэ клумкі, зіма.

Я паслізнуўся, калі скокнуў з вагона, упаў галавою на рэйкі. Адразу спусцілі сабак. Іх забралі ад мяне дзесьці за 15 сантыметраў ад галавы. Ляжу ўвесь у сабачай сліне і гляджу ў неба, а там знічка. Так і застанецца назаўсёды са мною. Потым пхнулі нагою, спыталіся, ці ўсё добра. І нагадалі, каб бег хутчэй, бо спусцяць сабаку». 

У СІЗА ў Баранавічах былы палітзняволены жыў у старым корпусе. 

«Нават было штосьці прыемнае ў разуменні таго, што тут сядзеў Якуб Колас, — кажа ён. — Падчас сустрэчы Новага года ў 23:30 палітычныя папрасілі, каб у «хаце» сціхла ўсё.

Зэкі не разумелі навошта, але калі ў 23:34 пачаліся салюты вакол усяго СІЗА, яны даведаліся, як беларусы цяпер святкуюць Новы год. Не ведаю, хто гэта рабіў, але вельмі ім за гэта ўдзячны, за такі Новы год. У гэты момант было зразумела: нас не забылі». 

Урэшце Алег трапіў у бабруйскую папраўчую калонію № 2. 

«Як прыязджаеш туды, вядуць у маленькі дворык, і там сустракае намеснік «хазяйкі». Трэба назваць імя, прозвішча, артыкул і далей адказаць «мужык» ці «нізкі сацыяльны статус». Я раблю яму справаздачу па-беларуску, ён мяне спыняе, кажа, што ён расіянін і ў яго пашпарт Расійскай Федэрацыі, што «я паважаю вашу мову, але не разумею». Адкуль у закрытай установе грамадзянін Расійскай Федэрацыі?» — здзіўляецца Алег. 

Галоўнае для тых, хто сядзіць у калоніі, — падтрымка з волі, запэўнівае мужчына. 

«У бандэроль трэба класці толькі цыгарэты і без пачкаў, за іх чалавек зможа якась сталавацца, — раіць ён. 

— Я ў калоніі не здаўся, не супакоіўся. Напрыклад, наладзіў чытанне беларускай літаратуры. Чэргі былі па 20—30 чалавек на адно выданне. Знайшоў там самыя розныя кнігі. 

На Дзень Волі перапісваў «Пагоню», так віншавалі адзін аднаго. 

Я нездарма сядзеў — людзі сталі чытаць. 

Мне трапіла на зоне «У кіпцюрах ГПУ». Я ашалеў. Там ёсць момант, калі апісваецца, як вязняў прывезлі на Салаўкі, паставілі чарадою, прымусілі ўсіх набраць паветра і гучна выпаліць «Здра». У нас было тое самае. Першы раз не ўдалося, другі раз не атрымалася. На трэці яны зразумелі, падышлі да мяне, прысунулі па сківіцы і сказалі, каб я лепей заткнуўся, таму што я казаў «Пры», — успамінае Алег.

Як Алег змагаўся за беларускую мову 

Вярнуўся канчаткова да роднай мовы Алег, калі выйшаў з берасцейскага ІЧУ. 

Кажа, што першыя некалькі месяцаў «людзі з яго рагаталі», бо ў яго была моцная трасянка. 

Беларуская мова і раней была ў жыцці Алега. Ён выкладаў гісторыю ў школе па-беларуску. 

«Бацька ў мяне памёр, калі я быў у СІЗА. Апошні аўтар, якога ён чытаў, — Іван Мележ. Ён ганарыўся гэтым. 

Сам я проста зразумеў, што больш не магу, выйшаў з ІЧУ (калі ўжо па крымінальнай справе мяне затрымлівалі) і забыў «русский язык». Гэта маё асабістае жаданне», — расказвае ён.

У калоніі праз тое, што Алег размаўляў па-беларуску, былі праблемы з іншымі зняволенымі, асабліва з тымі, хто паходзіў з усходняй Беларусі.

«Кожны ранак, калі я прачынаўся, кажуць: «нам по-русски». Толькі праз тры месяцы гэта скончылася. Сталі, наадварот, паважаць, што я адстойваю свае правы размаўляць па-беларуску.

Здзекаваліся як і з усіх палітычных: штосьці пакладзеш у сваю палічку — ператрасуць. Ці схаваюць кнігу, якую чытаеш, ці нешта падсунуць. А як да мяне — выцягнулі шыбу з акна, а гэта зімой было. Усё гэта скончылася тым, што я страціў прытомнасць на пастраенні і трапіў у шпіталь.

Там вядзецца простая барацьба. І мара ўсіх там — выйсці. Оперу дастаткова сказаць зэку, што яму скасуюць год ці будзе паляпшэнне жыцця, калі ён зробіць, каб Беларус (такую мянушку далі Алегу ў калоніі) сядзеў па 411 артыкуле (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). Ён будзе зямлю жраць з-пад цябе. За кошт палітычнага кожны хоча палепшыць сваё становішча», — дзеліцца назіраннямі суразмовец. 

«Хазяйка» калоніі казаў пра Алега: «У мяне ёсць вось такая беларускамоўная малпа».

«Яму было цікава паразмаўляць са мной на беларускай мове. Між тым ён цудоўна ведае яе. Казаў, што скончыў беларускамоўную школу. Пытаўся, чаму мы кажам «палітвязень», бо іх жа няма тыпу. Урэшце я яго дапёк, што ён за маю адукацыйную дзейнасць пагражаў на ПКТ закрыць», — расказвае ён. 

Алег згадвае яшчэ адзін выпадак, калі яму прыйшлося адстойваць сваё права размаўляць па-беларуску.

«Мяне нібыта выклікаюць да опера, заводзяць, а пасля кажуць вяртацца самому. Пачынаецца дождж, даходжу да брамы, там «вертухай». Кажу: «Адчыніце, калі ласка, браму». «Скажи по-русски», — адказвае. І я 40 хвілін стаяў пад дажджом. Так не раз было. 

Дзесьці мне шанцавала далей, дзесьці — не. Трэба было далей даказваць, што я не буду размаўляць па-руску. Калі даказваў гэта, была павага — і з таго боку, і з гэтага», — дзеліцца ён. 

Аднойчы мужчыну выклікалі на камісію. На ёй палітзняволеныя звычайна даведваюцца, што яны «злоснікі» і павінны стаць на выпраўленчы шлях. 

«Там быў цэлы калідор, чалавек 60. Заходжу і пачынаю рабіць справаздачу на беларускай мове, канечне. На слове артыкул падымаецца адзін з адміністрацыі (прозвішча яго Бабкін) і пачынае лаяцца на мяне хвілін пяць. З самых прыемных слоў — «*б тваю мать». Пачынаю казаць па-руску, але забываюся слова, не магу ўспомніць. Пасля нейкі маёр падыходзіць да Бабкіна і кажа, што навошта яму гэта трэба, уся зона ведае, што я размаўляю па-беларуску». 

«Варта разумець: калі вы дапамагаеце аднаму, то вы дапамагаеце яшчэ двум-тром палітычным» 

На зоне трэба плаціць за ўсё. Напрыклад, каб не прыбіраць пакоі — пяць пачкаў цыгарэт на месяц, расказвае Алег. 

Прыбіраюць яго палітычныя альбо вязні, якія не маюць сродкаў на жыццё.

«Палітычны і прыбірае, і плаціць. Мыць туалет ніхто не прымусіць, бо гэта робіць «нізкі сацыяльны статус». У калідоры стаіць днявальны, які, калі хтосьці ідзе з адміністрацыі, гучна папярэджвае, каб кожны паспеў з ложка саскочыць, але за гэта таксама трэба заплаціць. 

Варта разумець: калі вы дапамагаеце аднаму, то вы дапамагаеце яшчэ двум-тром палітычным. Палітычныя адзін аднаго падтрымліваюць простымі рэчамі: позіркам, добрым словам», — кажа ён. 

«У нас быў уцякач»

У пачатку лета 2022-га, па словах былога вязня, адзін з палітычных зняволеных спрабаваў збегчы з калоніі, але яго амаль адразу схапілі. Гэта здарылася праз тыдзень пасля таго, як вязняў з чарговага «каранціну» перавялі ў атрады — сярод іх быў і гэты чалавек, паведамляла «Вясна». 

Алег не называе прозвішча гэтага вязня, каб не нашкодзіць яму. 

«Мы зранку прачнуліся, а гэтыя ўсе з аўтаматамі бегаюць. Потым даведаліся, што палітычны, які толькі прыехаў, выйшаў з каранціну, за тыдзень з нейкага жалеза зрабіў сабе ланцугі на ногі, залез на дах сталовай і ляжаў там, чакаў, пакуль па яго прыляціць верталёт. Яго там і ўзялі. Адразу пайшоў на ПКТ. 

Былі палітычныя, якія трапілі ў «нізкі сацыяльны статус», бо не разумелі, што адбываецца. Напрыклад, не ведалі, што калі нешта ўпала на падлогу, то падымаць гэта нельга. А вырашаюць гэта ж не зэкі, а міліцыянты, таму лічу, што гэта яны робяць наўмысна».

Калі Алег выходзіў з калоніі, ён падлічыў, што там знаходзіцца 220 палітвязняў (глядзелі па бірках, якімі пазначаюць палітычных). 

Як Алег спрабаваў уладкавацца на працу пасля вызвалення

Пасля вызвалення (мужчына выйшаў на волю 29 верасня 2022-га) міліцыянты ў РАУС адразу нагадалі, што, акрамя як збіраць камяні ў полі, іншай працы для Алега не знойдзецца. 

Але паклікалі на кірмаш вакансій.

«Калі я зайшоў, адна з жанчын там сказала: «Нам усім п****ц, пераходзім на беларускую». Мяне там ведалі. 

Сталі мяне ўладкоўваць у ЖКГ, з ЖКГ падрываюцца: «Не-не, у нас і так дрэннае становішча з гэтымі змагарамі». Давайце ў калгас — там таксама «не-не-не». Мусіць, і там не ўсё так добра.

Урэшце прапанавалі яблыкі збіраць. Запытаўся, які сацыяльны пакет, — фуфайка і 550 рублёў», — расказвае ён.

Дзень Волі ў няволі

У пачатку красавіка гэтага года Алег з’ехаў з Беларусі. Перад 25 Сакавіка да яго ў Пружанах прыйшлі з КДБ. 

«Усё пачалося ў сярэдзіне сакавіка: ператрус па невядомай мне справе — «абраза міліцыянта Уродніча». 21 сакавіка пазвалі ў РАУС, дзе затрымалі, і пасадзілі на суткі па артыкуле 19.11, частка 2. На сутках пачалося вар’яцтва: размовы з супрацоўнікамі КДБ, пошукавага аддзела, участковымі.

Кадэбэшнікі казалі, каб я ўсім сваім патэлефанаваў, каб болей не размалёўвалі прыпынкі ў пушчы (яна вельмі вялікая). А дачынення да гэтага я ніякага не меў. Шалеў ад таго, што адбываецца са мною. Кажу ім, што яны не разумеюць, наколькі іх ненавідзяць людзі, што яны ўсім абрыдлі. 

Людзі не супакоіліся, а даведацца, хто гэта зрабіў, яны не могуць. Зрабілі ў мяне ператрус, шукалі фарбу. А потым мне кажуць, што я галоўны сярод тых, хто размаляваў прыпынкі. Што ў іх у галовах? Нармальнаму чалавеку не зразумець…

На судзе далі 30 гадзін грамадскай працы, але праз сорак хвілін пасля пасяджэння я зноў апынуўся ў ІЧУ. Гэтым разам матывіроўка была такая: ёсць падазрэнне, што я нібыта ў 2020-м мог быць далучаны да экстрэмісцкіх тэлеграм-каналаў, артыкул 19.11, частка 2. Выйшаў на волю праз трое сутак, зразумеў, што Беларусі болей няма, паўсюль адзіны фашызм. Мяне эвакуяваў «Байсол», — кажа Алег. 

«Наш першы фронт на сёння не толькі каліноўцы, але і палітвязні»

На пытанне, ці варта весці дыялог з рэжымам па пытанні палітвязняў, Алег згадвае цытату Паўла Латушкі: «Сыдзем з плошчы — згінем».

«Не будзе палітвязняў — згінем. Я шмат камунікаваў з палітычнымі, большасць казала, што трэба думаць пра вызваленне ўсёй краіны. 

Просты грамадзянін, які не падтрымлівае гэтую ўладу, — яго не трэба ратаваць? 

Іншая рэч, калі ёсць магчымасць выкупіць чалавека альбо абмяняць. Для гэтага павінна весціся праца з уладамі розных краін. Галоўнае — каб пытанне не сышло з парадку дня», — разважае Алег. 

На погляд мужчыны, перамога Украіны не будзе аўтаматычна азначаць вызваленне Беларусі. 

«Гэта нічога не зменіць, беларусам будзе толькі горш, бо Расійская Федэрацыя цалкам сюды зойдзе, — лічыць ён. — І тады мы адназначна станем 37-м планам. 

Наш першы фронт на сёння не толькі каліноўцы, але і палітвязні. Каліноўцы ва Украіне, яны яе бароняць, а ў нас свая вайна, наш «нуль». І як мы ставімся да «нуля», так ставімся да ўсіх нас. У нашых «ваяроў» павінна быць забеспячэнне на гэтым «нулі» ва ўсім». 

Алег мяркуе, што галоўнае — каб кожны вязень мог атрымліваць падтрымку ў калоніі, а тым больш пасля вызвалення.

«Працу па палітвязнях трэба наладзіць наступную: падтрымка на зоне, эвакуацыя, калі на волі, і рэабілітацыя. Вось выйшаў я — здароўя няма, зубоў няма, зрок пасаджаны.

У Беларусі да кагосьці знаёмага падысці ты асабліва не можаш, таму што разумееш, што яму ад гэтага будзе нядобра. Толькі мужныя людзі да цябе адразу падыдуць, каб паціснуць руку. 

Ты выйшаў у зонаўскім адзенні, тое, якое ў цябе дома было, можаш выкінуць — яно будзе вялікім. Калі ты на «хіміі», то можаш працаваць і хоць крыху забяспечваць сябе, але на зоне цягнеш з сям’і. Урэшце цябе чакае нуль. Ці думаў хто пра гэта?» — задаецца ён пытаннем на развітанне.

Чытайце таксама: 

«Там, дзе паляць кнігі, урэшце спаляць таксама і людзей». КДБ знішчыў 25 кніг, канфіскаваных у Дзяніса Івашына

Анархіста Дзмітрыя Дубоўскага пасля 2 месяцаў у ШІЗА адправілі ў ПКТ

Аблава ГУБАЗіКа адбылася ў Брэсце — траіх мужчын затрымалі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»

Палітвязень Віктар Хлябец выйшаў на волю

Каментары18

  • св
    21.05.2023
    "Галоўнае — каб пытанне [вызвалення палітвязняў] не сышло з парадку дня», — разважае Алег."
    а яно не сышло?

    https://d3kcf2pe5t7rrb.cloudfront.net/316439

  • Кася
    21.05.2023
    Калі ж з арганізацыі пачалі рабіць «лукамол», Алег сышоў на свой хлеб

    Кхм. Дык БРСМ і ствараўся як лукамол. Пры яго стварэнні былі знішчаныя некалькі адносна незалежных арганізацый. Была ліквідаваная РАДА - саюз моладзевых арганізацый, каб ачысціць шлях БРСМ ў Еўрапейскі моладзевы форум. Увесь бюджэт на моладзевую палітыку перайшоў да БРСМ.

    То дзядзька, што вырасціў - ад таго і атрымаў.
    Але дзякуй, што расплюшчыў вочы.
    Калі ўсе расплюшчаць - тады пераможам.
  • М-65
    21.05.2023
    И ещё после этого какой-то недалекий ....ор будет беларусов называть «беларусиками»?

Як барацьба за экалогію і санкцыі прывялі еўрапейскі аўтапрам да крызісу7

Як барацьба за экалогію і санкцыі прывялі еўрапейскі аўтапрам да крызісу

Усе навіны →
Усе навіны

Падобна, што ў Оршы сёлета «адмянілі» ўгодкі Уладзіміра Караткевіча1

Новым міністрам унутраных спраў Літвы можа стаць чалавек, які валодае беларускай мовай22

«НАТА наўмысна пастаўляла Украіне кроў, заражаную ВІЧ і гепатытам». Хто пусціў гэтую дэзу?1

Андрэй Пачобут застаецца ў памяшканні камернага тыпу Наваполацкай калоніі1

У Беларусь зноў прыедзе Пуцін8

У смерці дзяўчыны, якую ў Расіі нібыта загрызлі свінні, насамрэч падазраецца чалавек3

У Мінску з'явілася казачна прыгожая навагодняя лакацыя

Двое зняволеных зачалі дзіця, перадаючы сперму праз вентыляцыйную шахту6

Ва ўзросце 112 гадоў памёр самы стары мужчына ў свеце1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Як барацьба за экалогію і санкцыі прывялі еўрапейскі аўтапрам да крызісу7

Як барацьба за экалогію і санкцыі прывялі еўрапейскі аўтапрам да крызісу

Галоўнае
Усе навіны →