Гісторыя77

«Дзяўчынка-вярблюд» — як склаўся лёс гераіні вычварэнскіх цыркавых паказаў

Сёння гэта можа падацца неймаверным, але яшчэ ў пачатку XX стагоддзя грамадская мараль дапускала абсалютна жорсткае стаўленне да людзей не такіх, як усе. Так званыя шоу вырадкаў былі папулярныя ў ЗША і Заходняй Еўропе ажно да 1930-х. Сярод герояў вельмі дзіўных цыркавых выступленняў — Эла Харпер.

Ella Harper
Эла Харпер зрабіла кар'еру ў дзіўных цырках XIX стагоддзя. Фота: аўтар невядомы / публічная ўласнасць

XIX стагоддзе змяніла жыццё людзей у многіх галінах. Менавіта тады былі закладзеныя асновы сучасных забаў. Вынаходніцтва кіно, а таксама з'яўленне зорак тэатра і оперы, сусветна вядомых кампазітараў і музыкантаў. Творцы пачалі набываць значэнне ў свеце, дзе павольна зараджалася масавая культура. Аднак не толькі талент прыцягваў публіку. Найлепшы прыклад гэтага — адна з вялікіх зорак так званага шоу вырадкаў — Эла Харпер, больш вядомая як «дзяўчынка-вярблюд».

Жыццё на карачках

Эла Эванс Харпер нарадзілася 5 студзеня 1870 года ў штаце Тэнэсі, у сям'і Мінервы Эн Чайлдрэс і жывёлавода Уільяма Харпера. Акрамя яе, у пары было яшчэ чацвёра дзяцей, у тым ліку брат-блізнюк. На жаль, хлопчык памёр праз тры месяцы пасля нараджэння. Неўзабаве ў дзяўчынкі дыягнаставалі хваробу, якая паўплывала на ўсё яе жыццё.

Эла мела прыроджаную дэфармацыю суставаў, якая выяўлялася ў іх скрыўленні ў процілеглы бок. Гэта паўплывала на тое, як яна рухалася. Амаль усё жыццё яна правяла на карачках. Аднак дзяўчыне ўдалося здабыць са свайго няшчасця заробак, забяспечыўшы сабе спакой і дабрабыт. На жаль, гэты поспех не гарантаваў сямейнага шчасця, якога Эла жадала больш, чым выступленняў, распавядае onet.pl.

Цырк пачвар — жорсткая забава або прытулак для хворых?

У другой палове XIX стагоддзя назіраўся росквіт цыркавога мастацтва. На арэнах, акрамя спартсменаў, акрабатаў і дзікіх жывёл, выступалі і так званыя вырадкі. У асноўным гэта былі людзі, якія мелі розныя фізічныя дэфекты, выкліканыя хваробамі. Сваім знешнім выглядам яны, з аднаго боку, адштурхоўвалі «нармальных» людзей, з іншага — зачароўвалі.

Трэба сказаць, што для многіх «фрыкаў» цыркі сталі прытулкам ад жорсткага свету, які паказваў на іх пальцам. Выступленні далі ім магчымасць заробку і тым самым — годнае жыццё.

Магчымасць, якой Эла скарысталася. Яна далучылася да цырка ў 12 гадоў і выступала ў наваколлі амерыканскіх гарадоў Сэнт-Луіса і Новага Арлеана. Яе паказы хутка пачалі набіраць папулярнасць, прыцягваючы ўсё большую цікавасць з боку гледачоў, а значыць — і грошы. Праз чатыры гады пасля дэбюту яна становіцца галоўнай зоркай цырка Уільяма Харыса Nickel Plate, з якім гастралюе. Праца на сцэне прыносіць ёй вялікі прыбытак. Дзяўчына зарабляе 200 даляраў за тыдзень, што ў сённяшніх сумах — прыкладна 5000 даляраў.

На арэне яна часта з'яўляецца разам з вярблюдам, з якім яе параўноўваюць перад гледачамі. За гэта Эла атрымала мянушку «дзяўчынка-вярблюд».

Freakshow in USA
У другой палове XIX стагоддзя і пачатку XX-га шоу вырадкаў былі надзвычай папулярныя ў ЗША. Фота: Джэк Дэлана / публічная ўласнасць

Эла таксама з'яўляецца ў рэкламе і ў прэсе. Яе і любяць, і крытыкуюць. Многія лічаць, што ў яе выступах няма нічога зачаравальнага — проста паказ сімпатычнай дзяўчыны, якая перасоўваецца на карачках. Аднак яе публічнасць не згасае, прыцягваючы ўсё больш гледачоў.

Правёўшы яшчэ чатыры гады на сцэне, Эла, нарэшце, прымае рашэнне яе пакінуць. Яна заяўляе, што сабрала дастаткова сродкаў, каб завяршыць сваю адукацыю і пачаць весці больш нармальнае, а таксама больш прыватнае жыццё.

Згаслыя мары пра дзяцей

І Эле гэта ўдалося. Яна знікла амаль на 20 гадоў. Адзінае, што вядома пра яе за гэты перыяд, — тое, што ў 1890 годзе яна згубіла бацьку пры трагічных абставінах: падчас пажару ў сямейным доме. Перапіс 1900 года паказвае, што дзяўчына тады жыла ў Тэнэсі са сваёй маці.

Эле таксама ўдалося знайсці мужчыну, які ў яе закахаўся і ажаніўся з ёй. Гэта Роберт Савелім, выкладчык і бухгалтар фотаатэлье. Пара пажанілася ў чэрвені 1905 года, а менш чым праз 10 месяцаў у іх нарадзілася дачка Мэйбл Эванс. На жаль, яны не доўга атрымлівалі асалоду ад сямейнага шчасця. Дзяўчынка памерла праз паўгода пасля нараджэння, і Эла была гэтым вельмі засмучаная.

Каб змякчыць боль страты, пара вырашае змяніць абстаноўку і пераехаць з акругі Самнер (роднай акругі Элы) у акругу Дэвідсан. Там яны ўдачараць дзяўчынку, якую назавуць Джуэл. На жаль, і гэтае немаўля памерла, калі яму было менш за тры месяцы.

Пасля гэтых падзей Эла і Роберт перастаюць думаць аб павелічэнні сям'і. Тым больш што здароўе Элы з часам усё пагаршаецца. У жанчыны пачынае развівацца рак тоўстай кішкі. За год да яе смерці яны пераязджаюць апошні раз — у Нэшвіл. Роберт спадзяецца, што такім чынам ён забяспечыць жонцы больш якасную медыцынскую дапамогу. Аднак гэта не дапамагло.

Дзяўчына-вярблюд сышла з гэтага свету 19 снежня 1921 года, ёй быў 51 год. Яна пахавана разам са сваёй сям'ёй і дзвюма дочкамі на могілках Спрынг-Хіл у Нэшвіле.

Чытайце яшчэ:

«Гэта быў чалавек тыпу Хокінга, якога перспектыва рана памерці змусіла зразумець, наколькі ж жыццё вартае таго, каб яго пражыць». Кім быў і як жыў Мікола Ермаловіч

Прывіды вайны: выйшла новая кніга пра пасляваенную Беларусь

Цывія Любеткін, яўрэйская гераіня з Быценя. Да 80-годдзя паўстання ў Варшаўскім гета

Каментары7

  • Spiderman
    09.05.2023
    Хто ў рэдакцыі такі вычварэнец? Падпішыце артыкул, каб мы маглі трымацца ад яго падалей.
  • **
    09.05.2023
    а што барышню засмучае?
    свет - ён такі
    жорсткі

    асабліва заходні свет
  • асоба цынічная
    09.05.2023
    Spiderman,
    ой
    а Света ездзіла неадразова па праграмме...
    аёй-аёй 

Памілаваныя яшчэ 37 палітвязняў1

Памілаваныя яшчэ 37 палітвязняў

Усе навіны →
Усе навіны

Многія адрамантаваныя iPhone з панядзелка ператворацца ў «цагліны»6

Apple ператварыла свае AirPods у слыхавы апарат. І, здаецца, гэта будзе вялікі поспех

Лукашэнка запрасіў у Беларусь славацкага прэм'ера Фіцу7

Расія забараніла ўвоз беларускіх прадуктаў. У іх знайшлі кішачную палачку і антыбіётыкі6

Расія ўдарыла па Харкаве і трапіла ў шматпавярховы дом — пацярпеў 41 чалавек1

«Няма ніякай надзеі, што дождж спыніцца». Цэнтральная Еўропа пайшла пад ваду10

Сяргей Грыцавец: як двойчы Герою Савецкага Саюза адсекла галаву вінтом 16 верасня 1939 года6

Пуцін ездзіў у Манголію да шаманаў пытацца дазволу на ядзерную зброю — Der Spiegel19

Хто той у масцы — самая вялікая загадка цырымоніі адкрыцця Алімпіяды ў Парыжы разгаданая1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Памілаваныя яшчэ 37 палітвязняў1

Памілаваныя яшчэ 37 палітвязняў

Галоўнае
Усе навіны →