Да помніка Лесі Украінцы ў Маскве прынеслі кветкі ў памяць аб загінулых украінцах
Да помніка Лесі Украінцы на Украінскім бульвары Масквы ў пятніцу прынеслі некалькі кветкавых букетаў. Фотаздымкі помніка публікуюць некаторыя расійскія СМІ.
На пастамент помніка хтосьці таксама паставіў шыльду з надпісам «Умань. Днепр» — менавіта гэтыя два ўкраінскія гарады найбольш пацярпелі ад чарговага ракетнага абстрэлу расійскай арміі ў ноч на пятніцу, піша Бі-бі-сі.
Ва Умані ў выніку трапляння ракеты цалкам абрынуўся пад'езд жылога дома. Паводле апошніх звестак, загінула не менш за 23 чалавекі, у тым ліку чацвёра дзяцей.
У Дняпры ў выніку абстрэлу загінулі жанчыны і трохгадовае дзіця.
На працягу пятніцы паліцыі ля помніка не было, але да вечара паліцэйскі прыйшоў, «сфатаграфаваў кветкі на помніку, а затым і тых, хто знаходзіўся побач».
Чытаць таксама:
Расійская ракета трапіла ў шматпавярховік ва Умані. Загінулі 23 чалавекі
Каментары