Меркаванні1515

«Масавыя чысткі рыхтаваліся загадзя, да самалёта. Але беларускія спецслужбы не Секурытатэ». Калі скончыцца гэта хваля рэпрэсій?

За сакавік колькасць затрыманняў вырасла больш чым у 2,5 раза ў параўнанні з лютым, падлічылі праваабаронцы. У чым адметнасць цяперашняй хвалі палітычнага пераследу? Ці толькі Мачулішчы яе справакавалі?

Затрыманне ў Сеніцы. Скрыншот відэа АНТ

У ГУБАЗіКу заявілі, што за сакавік «апрацавалі» больш за 700 чалавек, 230 з іх судзілі па адміністрацыйных артыкулах (150 з іх — за «экстрэмізм»).

Праваабаронцам «Вясны» вядома пра 614 затрыманняў у мінулым месяцы і 433 выпадкі палітычна матываванага адміністрацыйнага пераследу. У параўнанні з лютым, калі паведамлялася пра 258 выпадкаў затрыманняў, адбыўся рэзкі скачок рэпрэсій. Праваабаронцы па-ранейшаму рэгулярна выяўляюць і дакументуюць факты ўжывання катаванняў і забароненых відаў абыходжання падчас расследавання палітычна матываваных крымінальных спраў.

«Здараюцца перыяды, калі ўлады спрабуюць імітаваць пачатак дыялогу»

Юрыст «Вясны» Павел Сапелка раіць не маляваць крывую рэпрэсій, якая сведчыла б пра іх рост ці зніжэнне, бо праваабаронцы падаюць толькі вядомыя факты пераследу:

«Нашы звесткі далёка не поўныя. Але нават тыя звесткі, якія мае праваабарончы цэнтр «Вясна», сведчаць пра рэзкі ўсплёск: у сакавіку адбылося некалькі знакавых падзей, якія і выклікалі рэпрэсіўную рэакцыю ў адказ».

Адным з асноўных трыгераў праваабаронца называе атаку на расійскі самалёт А-50 на аэрадроме ў Мачулішчах, які прывёў да «аперацыі па апрацоўцы асобных людзей, прафесійных груп і актывістаў» з боку сілавікоў. Напрыклад, КДБ паведаміў, што справа аб дыверсіі ў Мачулішчах кваліфікаваная як «акт тэрарызму, учынены арганізаванай групай», па ёй затрымана каля 30 чалавек, некаторым пагражаюць смяротным пакараннем.

Другой падзеяй, якая істотна паўплывала на рост рэпрэсій, стала актывізацыя прыхільнікаў моладзевай субкультуры «ПВК Родан».

Ну і, вядома, перад 25 сакавіка, Днём Волі, па Беларусі пракацілася хваля прэвентыўных затрыманняў. 

«Усе гэтыя падзеі і далі такі рэзкі скачок», — кажа Павел Сапелка.

Праваабаронца адзначае, што гэты віток затрыманняў па сваёй сутнасці нічым не адрозніваецца ад папярэдніх:

«Гэта сітуацыйная рэакцыя ўлад на тыя ці іншыя падзеі. Як толькі адбываецца ўсплёск пратэснай актыўнасці, адпаведна вырастае і рэпрэсіўная рэакцыя ўлад». 

«Здараюцца перыяды, калі ўлады спрабуюць імітаваць пачатак дыялогу, пачатак прымірэння — і тады можна назіраць некаторае змякчэнне рэпрэсій. Але тэндэнцыя ранейшая — крызіс правоў чалавека ў Беларусі», — рэзюмуе праваабаронца.

Павел Сапелка канстатуе, што сілавікі са свайго боку працягваюць ранейшыя практыкі — жорсткасць на ўсіх этапах затрымання. 

«Масавыя чысткі планаваліся не пасля самалёта»

Кіраўнік «Байпола» Аляксандр Азараў пераконвае, што масавыя чысткі планаваліся не пасля самалёта.

«Яны (сілавікі — НН) самі ўчынілі фэйкавы тэракт у Гродне, які рыхтавалі некалькі месяцаў, пасля якога і планавалі правесці масавыя чысткі. А тут якраз падвярнуўся пад руку самалёт, — мяркуе Аляксандр Азараў.

— Рэпрэсіўная машына працуе незалежна ад нейкіх падзей: чысціць і чысціць, чысціць і чысціць, яны не спыняцца, пакуль самі сябе не перасаджаюць».

Метады працы спецслужбаў, па словах Азарава, даўно адпрацаваны:

«Яны едуць у населены пункт і пачынаюць адпрацоўваць усіх, хто быў заўважаны ў масавых пратэстах. Кажуць, падчас зачысткі ў Дзяржынску знайшлі нейкую выбухоўку, дапускаю, што гэтую выбухоўку яны самі і падкінулі, каб правесці зачыстку». 

Затрыманне ў Дзяржынску. Чалавека вывелі босым на снег. Скрыншот відэа сілавікоў

Пасля здарэння «Байпол» заяўляў, што беларусы, якія атакавалі аэрадром у Мачулішчах з дапамогай двух дронаў, эвакуяваныя з Беларусі. Хто ж тады гэтыя «больш за 20 чалавек», якіх затрымалі і абвінавачваюць у акце тэрарызму?

«Давайце не будзем каментаваць фэйкі рэжыму», — адказаў кіраўнік «Байпола» Аляксандр Азараў. Пры гэтым ён удакладніў, што арганізатары дыверсіі знаходзяцца ў бяспецы.

Аляксандр Азараў не стаў каментаваць прапагандысцкі фільм АНТ, у якім фігуранты крымінальнай справы называюцца «дыверсійнай групай СБУ». 

«Спіс ахвяр падрыхтаваны, застаецца пытанне: калі прыйсці»

За сакавік колькасць затрыманняў вырасла больш чым у 2,5 раза ў параўнанні з лютым. Ці азначае гэта, што рэпрэсіўная машына так і не здолела паставіць беларусаў на калені ці «загнаць пад плінтус», як выказваецца Лукашэнка?

Гісторык Аляксандр Фрыдман праводзіць прамыя паралелі паміж сталінскімі і лукашэнкаўскімі рэпрэсіямі:

«Нават у жахлівыя 1937—1938 гады, калі ўзровень рэпрэсій быў зусім іншы, знаходзіліся людзі, якія жорстка крытыкавалі Сталіна, крытыкавалі палітыку партыі. Таму якія б Лукашэнка ні праводзіў рэпрэсіі, незадаволенасць проста сышла з паверхні, але не знікла, проста цяпер людзі выбіраюць іншыя формы камунікацыі, больш бяспечныя», — кажа гісторык.

Калі раней беларусы выказвалі сваю незадаволенасць публічна і ўголас, то цяпер крытыка перамясцілася на іншы ўзровень: людзі не абмяркоўваюць палітыку па тэлефонах, якія могуць праслухоўвацца, не гавораць на працоўных месцах, бо не давяраюць людзям, з якімі разам працуюць, не робяць гэтага ў рэстарацыях, кафэ ці іншых публічных месцах. Але ў закрытай кампаніі, сярод людзей, якім давяраюць, у якіх упэўнены, незадаволенасць па-ранейшаму выказваецца.

Колькасць затрыманых, на думку Аляксандра Фрыдмана, «хутчэй адлюстроўвае дзеянні рэжыму».

«Рэпрэсіі не спыняюцца з 2020 года, проста ідуць з рознай інтэнсіўнасцю: ГУБАЗіК, КДБ то запавольваюць сваю дзейнасць, то нарошчваюць. Сёння ёсць адчуванне напружання, таму што атрыманы загад Лукашэнкі на «зачыстку».

Спецслужбы дзейнічаюць не спантанна — спіс ахвяр, да якіх яны могуць прыйсці, ужо падрыхтаваны, застаецца адкрытым адно пытанне: калі прыйсці. Калі нічога надзвычайнага не адбываецца ў грамадстве, спецслужбы спакойна адпрацоўваюць свой спіс.

Затрыманні ў Гомелі. Скрыншот відэа праўладнага канала

Актывізацыя наступае, калі здараюцца Мачулішчы ці знаходзіцца дзіўны «тэрарыст» у Гродне, дзе ўвогуле невядома, што здарылася. Цяпер вось падзеі ў Санкт-Пецярбургу, дзе знайшлі «беларускі след». І тады спецслужбы больш актыўна пачынаюць адпрацоўваць канкрэтны кірунак», — лічыць суразмовец.

Журналіст Раман Папкоў, знаёмы Дар’і Трэпавай, якую абвіначваюць у датычнасці да гібелі расійскага ваеннага прапагандыста Уладлена Татарскага, у жніўні 2020 года знаходзіўся ў Беларусі і арыштоўваўся. 

«Спецслужбы могуць заняцца адпрацоўкай ягоных кантактаў, а гэта дадатковыя вобшукі, дадатковыя затрыманні, магчыма. Але гэта не сведчыць пра змену настрояў. Проста адбыліся такія падзеі, якія выклікалі абвастрэнне ў працы рэпрэсіўнага канвеера», — разважае Фрыдман.

Ён мяркуе, што звестак пра праціўнікаў рэжыму ў сілавікоў хапае (спісы тых, хто арыштоўваўся ў 2020-м, хто падпісваўся за Бабарыку), але бракуе фізічных магчымасцяў прапрацаваць увесь масіў інфармацыі адразу. Таму, калі штосьці здараецца, яны выбіраюць пэўны сегмент і па ім працуюць.

«Але беларускія спецслужбы не здолелі працаваць прэвентыўна, як Секурытатэ (дэпартамент дзяржбяспекі. — НН) у Румыніі ці Штазі ў ГДР — там пратэстаў не было. Выбух 2020 года беларускія спецслужбы прадухіліць не здолелі».

Каментары15

  • даведка
    07.04.2023
    Новая волна чисток связана с резкой девальвацией белорусского рубля, что спровоцирует народные бунты.
  • мар.гары.та
    07.04.2023
    ну чито ви, мессир...
    за ней же стоит весь цивилизованный свет 
  • Усе элементарна
    07.04.2023
    даведка, бунты нічога ня зменяць, натоўп растраляюць, разгоняць, зачыншчыкаў пасадзяць на пажыццёвае ці выракуць да вышэйшай меры. Змены магчымы толькі пасля лібералізацыі, а зарз нічога ня зменіцца, таму прывыксйце да жыцця ў саўке, гэта на доўга.

Прапаганда ганарыцца, што ВУП хутка расце, а беларусы сталі жыць нашмат багацей. Але ёсць нюансы

Прапаганда ганарыцца, што ВУП хутка расце, а беларусы сталі жыць нашмат багацей. Але ёсць нюансы

Усе навіны →
Усе навіны

Выйшаў доўгачаканы працяг культавай украінскай гульні S.T.A.L.K.E.R. У Расіі геймераў прыстрашваюць не гульнявой, а рэальнай зонай за дзяржздраду4

Стрыжак расказаў, чаму Верамейчык не змог легалізавацца ў Еўрасаюзе45

Cambridge Dictionary назваў слова 2024 года

У ЗША заклікаюць панізіць гандлёвы статус Кітая да ўзроўню Беларусі1

У Тайландзе жанчына метадычна забіла цыянідам 14 сяброў 

Навукоўцы знайшлі спосаб зрабіць памідоры саладзейшымі1

Расія наносіць масіраваны ракетны ўдар па Украіне4

У Германіі памёр навуковец Міхаіл Ерамец. Ён нарадзіўся ў Пінску1

У Гродне і раёне ўведзены рэжым контртэрарыстычнай аперацыі1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Прапаганда ганарыцца, што ВУП хутка расце, а беларусы сталі жыць нашмат багацей. Але ёсць нюансы

Прапаганда ганарыцца, што ВУП хутка расце, а беларусы сталі жыць нашмат багацей. Але ёсць нюансы

Галоўнае
Усе навіны →