Чаму беларуская птушка штогод ляціць на зімоўку на адзін і той жа лапік зямлі на поўдні Афрыкі?
Тэлеграм-канал «Дзікая прырода побач» даведаўся пра цікавую гісторыю пра Ляду, самку — гібрыда вялікага і малога арляцоў, якая гняздуецца на нашай сярэдняй Прыпяці, а зімуе на поўдні Афрыкі. Аказваецца, заўсёды на адным і тым жа месцы, і для гэтага ёсць грунтоўныя прычыны.
Нядаўна ўжо паведамлялася, што Ляда адной з першых пачала вясновую міграцыю і ўжо выправілася ў кірунку роднай Беларусі. Цяпер яна набліжаецца да Уганды.
А зімуе Ляда кожны год у Замбіі, больш чым за 8500 км ад радзімы. Месца яе зімоўкі — лапік зямлі плошчай усяго каля трох квадратных кіламетраў.
Чаму Ляда штогод выбірае для зімоўкі менавіта гэтае месца?
Рэч у тым, што на гэтым кавалачку Замбіі з мэтай аховы дзікай прыроды створаны нацыянальны парк «Касанка». І сюды на зімоўку прылятаюць больш за 10 мільёнаў (!) пальмавых крыланаў, буйных родзічаў нашых кажаноў.
Такая велізарная шчыльнасць крыланаў — сапраўдны рэстаран для мноства драпежнікаў. Відаць, для нашай Ляды таксама.
Ляда прылятае ў Замбію акурат у канцы кастрычніка — тады, калі пальмавыя крыланы ўжо на месцы. І менавіта ў крыланавы лес яна і лётала кожны дзень на працягу амаль усёй зімоўкі.
А ў другой палове лютага Ляда рушыла ў зваротны шлях на поўнач. І за яе міграцыяй можна сачыць на анлайн-карце.
Чытайце таксама:
Вясна ідзе. Беларускія птушкі, на якіх усталяваныя перадатчыкі, ужо кіруюцца з Афрыкі бліжэй да радзімы
Каментары