Індыец ехаў з Літвы праз Беларусь на вяселле ў Маскву з чужым пашпартам
Беларускія памежнікі 7 лютага ў пункце пропуску «Каменны Лог» на беларуска-літоўскай мяжы затрымалі грамадзяніна Індыі, які ехаў аўтобусам у Мінск з Вільні. Аказалася, што ў яго чужы дакумент.
Як паведамляе прэс-служба ДПК, парушальнік змог прайсці па чужых дакументах літоўскую мяжу, але ў Беларусь незаконна патрапіць не змог.
«Спецыяльная праверка паказала — дакумент належыць іншаму чалавеку», — паведамляюць памежнікі.
Затрыманы, 28-гадовы грамадзянін Індыі, паведаміў, што ехаў да сябра ў Маскву на вяселле. А паколькі два гады таму яго дэпартавалі з Беларусі, то ён узяў з сабой чужы пашпарт.
У дачыненні да іншаземца распачалі адміністрацыйны працэс, за спробу незаконнага перасячэння мяжы яму пагражае чарговая дэпартацыя з забаронай уезду ў Беларусь на 5 гадоў.
Каментары