Польскі бок паведаміў, што пункт пропуску «Баброўнікі» на мяжы з Беларуссю з 10 лютага прыпыніць сваю працу «з меркаванняў нацыянальнай бяспекі». Сваё рашэнне Варшава прыняла праз дзень пасля прысуду Андрэю Пачобуту. «Наша Ніва» тлумачыць, як гэта закрыццё адаб'ецца на беларусах.
Засталося два з шасці пунктаў пропуску ў Польшчу
Да пандэміі COVID-19 на беларуска-польскай мяжы функцыянавала шэсць аўтадарожных пунктаў пропуску, цяпер такіх засталося толькі два.
Абодва месцяцца ў Брэсцкай вобласці. Пункт пропуску «Брэст — Цярэспаль» прызначаны для руху легкавога транспарту, а «Казловічы — Кукурыкі» — выключна для грузавога.
«Бераставіца — Баброўнікі» заставаўся апошнім мультыфункцыянальным пунктам пропуску на беларуска-польскай мяжы. Таксама ён быў апошнім дзейным у Гродзенскай вобласці.
Праз абвастрэнне міграцыйнага крызісу, да якога быў датычны і беларускі бок, Польшча вырашыла закрыць з 21 лістапада 2021 года пункт пропуску «Брузгі — Кузніца». Закрыццё вялікага памежнага пункта, які быў здольны прапускаць за суткі да 1600 легкавых і 580 грузавых аўто, прывяло да велізарных чэргаў. У пікавыя месяцы дальнабойшчыкі тыднямі былі вымушаны стаяць у чэргах на мяжы.
Чаго чакаць ад такога рашэння?
Закрыццё яшчэ аднаго пункта пропуску прывядзе да ўскладнення сітуацыі з чэргамі на мяжы, што ў сваю чаргу павялічыць стаўкі на перавозку грузаў і пасажыраў.
У найгоршай сітуацыі акажуцца жыхары Гродзенскай вобласці. Цяпер ім будзе нашмат складаней патрапіць у Польшчу. Асабліва тым, хто едзе туды на грамадскім транспарце. Перавозчыкам спатрэбіцца час, каб перабудаваць маршруты і ўзгадніць іх.
І калі паездкі на закупы можна адкласці да лепшых часоў ці замест Беластока з'ездзіць у Вільню, то тым, хто працуе ці вучыцца ў Польшчы, давядзецца траціць на паездкі праз мяжу больш часу і грошай.
Пацерпяць ад закрыцця «Бераставіцы» і мясцовыя чаўнакі. Пэўныя страты ад такога рашэння панясе і польскі бок, бо з улікам новых абставін можа стаць менш людзей, якія будуць гатовыя ехаць на шопінг у Беласток.
Ад 10 лютага шлях з Гродна да Беластока на аўто будзе пралягаць праз Брэст або праз Літву. З заездам у Брэст атрымаецца больш за 400 кіламетраў. Калі ехаць праз Літву, то каля 250 кіламетраў.
Дарога з Гродна да Беластока праз пункт «Бераставіца — Баброўнікі» складае 120 кіламетраў. Самым кароткім быў шлях праз закрытыя «Брузгі» — 85 кіламетраў.
Каментары