Ад рэдакцыі4444

«Лукашэнка занадта «палітычная жывёліна», каб звяртаць увагу на такія дробязі». Украінская рыторыка і беларуская рэакцыя

Ігнараванне прэзідэнтам Зяленскім чаканняў беларускага грамадства — фэйл, Украіна нічога не выйграе на гэтым ад уладаў, але шмат губляе ад беларускага народа, піша рэдактар «Нашай Нівы» Алесь Сантоцкі.

У капліцы на Росах, дзе спачываюць Кастусь Каліноўскі і паўстанцы

Апошнімі днямі ў беларускай публічнай прасторы надзвычай вострую рэакцыю выклікала дэманстратыўнае абмінанне прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім беларускага фактара ў паўстанні 1863—1864 гадоў. Цяжка знайсці СМІ, блогера ці ўвогуле колькі-небудзь прыкметнага грамадскага дзеяча, які б пра гэта нейкім чынам не выказаўся. Рэакцыя, як правіла, ва ўсіх негатыўная, у многіх вельмі эмацыйна напоўненая. 

Прытым заўважаецца, што гэтым разам горыч, неразуменне, расчараванне і абурэнне выказваюць і многія з тых, хто і на самым пачатку вайны, і цягам наступных месяцаў трымаўся пазіцыі калі не ўхвалення, то прынамсі разумення ўкраінскіх уладаў і імкнуўся так ці інакш знайсці ўсім іх дзеянням ды выказванням апраўданне, нават калі яны былі крыўдныя для беларусаў, не звязаных з рэжымам Лукашэнкі. Нават прадстаўнік Палка Каліноўскага хоць і вельмі асцярожна ды стрымана, але выказаў сваё незадавальненне з гэтай нагоды.

Усё гэта, вядома, мае свае прычыны і вымагае нейкага тлумачэння. Што беларусаў абурыла, чаму яны гэта менавіта цяпер прынялі так блізка да сэрца? Яны што, адмаўляюць той відавочны факт, што калі твая дзяржава стала суагрэсарам, то за гэта трэба плаціць і без санкцый рознага ўзроўню, у тым ліку і маральнага, не абысціся?

Натуральна, беларусы не адмаўляюць у прынцыпе праблемы адказнасці не толькі рэжыму, але і ўсяго народа, гэта таксама ў іх асяродках папулярная тэма для абмеркавання. Але рэч у тым, што ва ўмовах цяперашняй Беларусі з яе глыбокай прорвай паміж кіроўным рэжымам і большай часткай грамадства любыя санкцыі і абмежавальныя меры ўмоўна падзяляюцца на тры часткі: 

1) тыя, якія адрасна б’юць перадусім ці выключна па інтарэсах рэжыму або яго служак і масы грамадзян практычна не тычацца; 

2) тыя, якія несумненна б’юць па рэжыме, але ў той жа час больш ці менш балючыя і для грамадства; 

3) тыя, якія ўвогуле ніяк не б’юць па рэжыме, а ўвесь цяжар якіх прымае на сябе выключна грамадства ці нейкая яго частка.

Дык вось стаўленне да розных відаў такіх санкцый з боку дэмакратычнай часткі беларускага грамадства — зусім не аднолькавае. Санкцыі і абмежаванні з першай групы сустракаюць выключна ўхваленне, з другой — хай не глыбокае задавальненне, але разуменне неабходнасці і ўсведамленне заслужанасці.

Негатыўную ж рэакцыю і крыўду выклікаюць санкцыі з трэцяй групы, асабліва ж тыя, ад якіх калі не фізічна, то маральна церпіць выключна нацыянал-дэмакратычная, выразна праўкраінская частка беларусаў.

Прывядзём для ілюстрацыі некалькі прыкладаў.

Напрыклад, у мінулым годзе не раз прыходзілі навіны, што той ці іншы ўкраінскі горад адмовіўся ад пабрацімскіх сувязяў з нейкім беларускім. Нібыта гэта павінна было б выклікаць хвалі абурэння, але ніякай негатыўнай рэакцыі такія весткі ў нас не выклікалі, на іх увогуле мала хто зважаў. Бо вядома, што ў беларускай сістэме ад гэтых сувязяў карысць заўсёды мелі перадусім нейкія афіцыйныя структуры, то-бок маральныя страты нясуць збольшага функцыянеры рэжыму. Не выклікалі негатыўных эмоцый і пастаянныя весткі пра канфіскацыю беларускай маёмасці (чыгуначныя вагоны, машыны і абсталяванне, нейкія экспартныя грузы і да т. п.) ва Украіне. Бо і тут перадусім гэтым валодалі ці дзяржава, ці праўладныя бізнэсмены, таму так ім і трэба. 

Больш эмоцый і абмеркаванняў выклікалі перайменаванні звязанай з Беларуссю тапанімікі ці дэмантаж адпаведных помнікаў і памятных знакаў. Тут ужо маглі задавацца пытанні, супраць каго гэта больш скіравана і хто ад гэтага больш цярпіць — рэжым ці народ.

Але ўрэшце і ў гэтых пытаннях збольшага да сітуацыі ставіліся з разуменнем — што так, якая-небудзь назва кшталту «Мінская» тычыцца не толькі рэжыму, але ж і яго таксама. А калі так, то ва ўмовах вайны няма асабліва сэнсу разбірацца. Пытанне не такое адназначнае, але ўрэшце гэта справа ўкраінцаў, хай пераймяноўваюць, калі хочуць. Тым больш што карані гэтых назваў і помнікаў збольшага сягаюць у савецкія часы, і ствараліся яны тады хутчэй для афіцыёзнай дэманстрацыі дружбы народаў, а не ў якасці яе рэальнага, прарослага знізу ўвасаблення. Таму і эмацыйнай сувязі з усім гэтым збольшага ніякай, і да лёсу адпаведна асаблівай цікавасці няма.

Сапраўдныя ж жарсці з зусім непадробнымі крыўдамі разгортваюцца толькі ў тых выпадках, калі гаворка ідзе пра прыняцце дэманстратыўных абмежавальных захадаў у дачыненні да тых беларускіх элементаў, якія не толькі не маюць ніякага дачынення да рэжыму Лукашэнкі, але і выразна яму апазіцыйныя. Прытым для таго, каб у гэтым разабрацца, не трэба праводзіць ніякіх грунтоўных даследаванняў, бо ўсё навідавоку. 

У якасці прыкладу можна прывесці справу з выкіданнем з украінскай вучэбнай праграмы па замежнай літаратуры ў школах разам з творамі расійскіх літаратараў аповесці Васіля Быкава «Альпійская балада». Няма чаго казаць, сама па сабе справа нібыта яйка выедзенага не вартая. Бо твор Васіля Быкава прысутнічаў нават не ў асноўнай, то-бок абавязковай частцы ўкраінскай вучэбнай праграмы па замежнай літаратуры. Гэта аповесць, рэкамендаваная для дадатковага чытання, а ўсе, хто вучыўся ў школе, цудоўна ведаюць — тое, што мае такі статус, чытае насамрэч мізэрны працэнт школьнікаў. Асабліва ў часы, калі чытанне мастацкай літаратуры ўвогуле для дзяцей не ў прыярытэце ў якасці хобі ці спосабу баўлення вольнага часу. 

І ўсе гэта, вядома, разумелі. Каб б Быкава некалі выключылі з украінскай школьнай праграмы ў працоўным парадку, у рамках яе планавай аптымізацыі, то ніхто б і не заўважыў, а каб заўважыў — то не абураўся б. А тут абураў сам прынцып, што Быкаў залічаны ў ворагі Украіны за грахі Лукашэнкі. У той час як сам пісьменнік пры жыцці заўсёды быў катэгарычным праціўнікам Лукашэнкі і яго палітыкі, Лукашэнка і яго апрычнікі яго ненавідзяць. І наадварот, для Беларусі нацыянальнай і антырасійскай ён — адзін з найвялікшых маральных аўтарытэтаў.

Паколькі мы добра ведалі, што рэжым Лукашэнкі любыя дзеянні супраць Быкава толькі парадуюць, а не засмуцяць, то і ўспрымалі гэтую меру як скіраваную выключна супраць дэмакратычнай, нацыянальна арыентаванай і праўкраінскай часткі беларускага грамадства. Тым больш што і ў тым, што Быкаў, каб дажыў да нашых дзён, быў бы адкрыта і адназначна на баку Украіны, сумневаў няма ніякіх.

Другі падобны выпадак, які актыўна абмяркоўваўся ў Беларусі і выклікаў шмат горычы ды неразумення — гэта стаўленне ўкраінцаў да прысуджэння часткі мінулагодняй Нобелеўскай прэміі міру Алесю Бяляцкаму. У тым, што ўкраінцы перадусім рабілі акцэнт на сваіх набеліянтах, нічога такога, вядома, не было — для нас жа таксама асноўны лаўрэат Бяляцкі, а пра астатніх згадваем толькі мімаходзь, і тое не заўсёды. Але з украінскага боку, прынамсі з боку яе вышэйшага кіраўніцтва, яўна быў прынцып — дэманстраваць да ўганаравання Бяляцкага разам з расійскім «Мемарыялам» падкрэсленую халоднасць, паколькі яны прадстаўнікі дзяржаў-агрэсараў. 

Але паколькі да беларускага рэжыму, які стаў саўдзельнікам Пуціна ў вайне, Алесь Бяляцкі не мае ані найменшага дачынення — больш за тое, гэты рэжым яго проста цяпер катуе ў турме, — то і гэтую падкрэсленую халоднасць нацыянальна-дэмакратычная беларуская супольнасць прымае на свой рахунак і лічыць несправядлівай. Тым больш што і адносна асабістай праўкраінскасці без усялякіх «але» самога Алеся Бяляцкага сумневаў няма і быць не можа.

Фота Віталя Піваварчыка, БелТА

Вось і выпадак з абмінаннем беларусаў і Беларусі ў кантэксце паўстання 1863 года падчас урачыстасцяў у Польшчы — з той жа самай серыі. Лукашысты не лічаць сябе гістарычнымі нашчадкамі паўстанцаў, больш за тое — яны бязлітасна рэпрэсуюць тых, хто лічыць. Адпаведна, і гэтае вербальнае прыніжэнне ніякім чынам не кранае сапраўдных ворагаў Украіны, затое раніць сэрцы яе шчырых сяброў. А ворагаў гэта толькі цешыць. 

Украінцам варта зразумець, што для нацыянальна-дэмакратычна арыентаваных і адпаведна па-праўкраінску настроеных беларусаў Кастусь Каліноўскі і ўвогуле спадчына паўстання 1863 года, якая ў значнай ступені ўспрымаецца праз яго асобу — вялікія сімвалічныя каштоўнасці. Нездарма ж і беларускі полк у складзе ўкраінскага войска названы іменем менавіта гэтага дзеяча.

Для топавых жа прарасійскіх прапагандыстаў, якія цяпер вядуць рэй у Беларусі, і для прадстаўнікоў карных структур лукашэнкаўскага рэжыму, якія дапытваюць сваіх ахвяр у кабінетах з расійскімі арламі і літарамі Z на сценах, Каліноўскі — гэта адназначны вораг, і за любыя праявы сімпатый да яго можна атрымаць вялікія непрыемнасці, проста паламаць усё жыццё сабе і блізкім. Таму ў многіх людзей значкі, цішоткі і іншая сувенірная прадукцыя з выявамі Каліноўскага і іншай паўстанцкай сімволікай сёння захоўваюцца ў тайніках разам з бела-чырвона-белымі сцягамі, Пагоняй і іншай «экстрэмісцкай прадукцыяй». А выйсці з усім гэтым на вуліцу наважацца хіба толькі самыя самаахвярныя і рызыкоўныя людзі. 

Адсюль і такая рэзкая рэакцыя на дэманстратыўны ігнор беларусаў з боку Зяленскага падчас юбілейных урачыстасцяў. Паколькі ёсць пачуццё абсалютнай несправядлівасці такога стаўлення.

Гэта не стральба па праціўніку, ад якой рыкашэтам дасталася і сваім — на вайне нярэдка бывае і так. Не, у тым і сэнс, што тут, на жаль, стральба толькі па сваіх, без ніякага праціўніка. Прытым стральба прыцэльная, і ўжо не першы раз. І чым больш такіх выпадкаў набіраецца — тым больш з’яўляецца версій, што гэта робіцца не проста з-за няведання «матчасці», а з-за свядомага курсу на прыніжэнне той часткі беларускага грамадства, якая з’яўляецца натуральнай і прыроднай, а не сітуацыйнай саюзніцай вольнай Украіны. 

Несправядлівасць з боку сваіх — гэта тое, што нярэдка раніць больш, чым нават фізічны гвалт з боку ворагаў. 

Праўкраінскія ж беларусы, як правіла, не так проста гэты год правялі. Кожны па магчымасці намагаўся ўносіць нейкую сваю хоць дробную лепту ў будучую ўкраінскую перамогу. Пералічвалі грошы на падтрымку УСУ і беларускіх фармаванняў, збіралі гуманітарную дапамогу, удзельнічалі ў акцыях салідарнасці, пераконвалі ва ўкраінскай праўдзе сваякоў-«ябацек», перадавалі інфармацыю пра перамяшчэнне расійскіх войскаў, ладзілі акцыі на чыгунцы і іншых аб’ектах… Усяго і не злічыць. Прытым, калі ты знаходзішся ў Беларусі, гэта ўсё крайне небяспечна: за апошні год было заведзена нямала крымінальных спраў за розныя дзеянні ў падтрымку Украіны, і самыя суровыя прысуды па іх дасягаюць дзясяткаў гадоў. І фактычна кожны дзень прыходзяць усё новыя і новыя весткі, што кагосьці затрымалі, асудзілі, аштрафавалі на касмічную суму, звольнілі з працы і г. д. 

То чаму дзівіцца выбуху абурэння, калі ў адказ на ўсё гэта прэзідэнт Украіны рытарычна пазбаўляе шчырых сяброў сваёй краіны права на важную для іх частку іхняй жа слаўнай гісторыі? Прытым калі робіцца гэта не дзеля нейкай практычнай мэты, якую хаця б можна паспрабаваць зразумець, а дзеля нейкай зусім невытлумачальнай логікі.

Бо нават з прагматычнага пункту гледжання, патрэбамі Realpolitik менавіта гэты крок немагчыма патлумачыць — у адрозненне, напрыклад, ад нібыта стрымлівання з боку Украіны антызаходніх санкцый супраць рэжыму. Калі імкнуцца нават у цяперашняй сітуацыі не справакаваць Лукашэнку на больш шырокі ўдзел у вайне, то згадка пра беларускі след у паўстанні 1863 года — відавочна не тое, што яго можа да гэтага схіліць. Нават сустрэча Зяленскага з Ціханоўскай не аказала б на гэта істотнага ўплыву, а нейкія словы — і пагатоў. Лукашэнка занадта «палітычная жывёліна», каб звяртаць увагу на такія дробязі. Таму гэта не тонкі разлік, а проста даванне выспятка мімаходзь, па звычцы. Гэта і абурае.

Бо антылукашэнкаўскія беларусы ж нічога звышнатуральнага ад украінскай улады і ўкраінскага грамадства сёння не просяць. Усе разумеюць, што ідзе вайна, краіна напружвае ўсе сілы і сама надзвычай залежыць ад заходняй падтрымкі, не толькі вайсковай. Украіна нават пры ўсім жаданні не мае сёння часу і рэсурсаў, каб аказваць беларусам матэрыяльную падтрымку ці нават сур’ёзна палітычна займацца беларускім пытаннем — уся ўвага на фронт. Мы цалкам за такі падыход і гатовыя таксама са свайго боку і кожны на сваім месцы ўсё што ад нас залежыць рабіць для фронту і для перамогі. 

Затрыманні ўдзельнікаў антываеннага пратэсту ў Мінску. 27 лютага 2022 года

Але пры гэтым просты «дзякуй» з украінскага боку замест выспяткаў лішнім зусім не быў бы. Гэта нічога не каштуе, але маральна натхняе і матывуе. А ад выспяткаў, наадварот, рукі апускаюцца. Мы таксама людзі, і ўсё чалавечае нам уласцівае. 

Чытайце таксама:

«Убіць клін паміж Лукашэнкам і Пуціным. Для Украіны гэта стратэгічна важна», — кажа палітолаг Андрэй Казакевіч

Зяленскі павіншаваў са 160-годдзем паўстання 1863 года, не згадаўшы Беларусь і беларусаў

«Логіка ўкраінцаў адносна санкцый супраць лукашэнкаўцаў — у беларускіх інтарэсах таксама»

Каментары44

  • сярожа
    27.01.2023
    Шчыра кажучы - што расейцы што украінцы абое рабое як па мнею 
  • Вожык
    27.01.2023
    Усё, так. Няудзячныя яны.
  • Пціч
    27.01.2023
    Неяк занадта шматслоўна. Ці маецца у рэдакцыі магчымасць атрымаць адказы ад афіцыйнага кіеўскага боку ?

«Сяргей» не адзін. Вось як КДБ прапануе зарабіць на сачэнні за беларускімі эмігрантамі2

«Сяргей» не адзін. Вось як КДБ прапануе зарабіць на сачэнні за беларускімі эмігрантамі

Усе навіны →
Усе навіны

Зборная Літвы па пляжным футболе адмовілася гуляць з беларусамі19

У Гомелі за «распаўсюд экстрэмізму» судзілі загадчыка канцылярыі Гомельскай епархіі1

Гэта прыкра, але хутка зноў пахаладае4

Жанчына тры гады атрымлівала пенсію за памерлага мужа — на яе завялі крымінальную справу4

Віктар Ганчарэнка ўзначаліць расійскі «Ніжні Ноўгарад». Якім будзе яго заробак?4

Беспілотнікі нанеслі ўдар па складзе боепрыпасаў у Карачаве Бранскай вобласці Расіі2

У расійскім Тальяці 13-гадовая дзяўчынка зарэзала малалетніх сясцёр17

Палесцінскія журналісткі атрымалі прэмію ў гадавіну нападу на Ізраіль. Алексіевіч падтрымала іх58

«Нас адкінулі ў сакавік 2022 года». Z-блогеры ў шаленстве ад блакіроўкі Discord5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Сяргей» не адзін. Вось як КДБ прапануе зарабіць на сачэнні за беларускімі эмігрантамі2

«Сяргей» не адзін. Вось як КДБ прапануе зарабіць на сачэнні за беларускімі эмігрантамі

Галоўнае
Усе навіны →