«Як раней» — не будзе». Інгрыда Шыманіце пра будучыню адносін з Расіяй, Беларусь і месца беларусаў у Вільні
Пра беларусаў у Літве і як да іх ставіцца, пра пагрозы, выклікі і якой будзе пасляваенная будучыня ў інтэрвʼю Radio-R распавяла прэмʼер-міністарка Літвы Інгрыда Шыманіце.
Пра дапамогу Украіне
Інгрыда Шыманіце кажа, што падтрымка Украіны ў Літве — вельмі шырокая, таму ў дзяржавы ёсць мандат і на дапамогу УСУ, і на гуманітарную дапамогу ўкраінскім грамадзянам.
Прэмʼерка распавядае, што яна сама імкнецца ўдзельнічаць у такой дапамозе як грамадзянка. Калі была першая плынь уцекачоў у сакавіку мінулага года і калі ў цэнтрах рэгістрацыі патрабаваліся людзі («было складана, за дзень пераязджалі да 2000 чалавек, якіх трэба было зарэгістраваць і даць прытулак»), яна сама пайшла валанцёрыць.
Некалькі вечароў і выхадных яна сядзела і рэгістравала бежанцаў, шукала жыллё, тэлефанавала. Яна распавядае, што прадстаўлялася: вам тэлефануе валанцёр Інгрыда. Часам яе пазнавалі па голасе і перапытвалі: гэта тая Інгрыда?
Таксама яна была валанцёрам на мерапрыемствах для ўкраінскіх дзяцей. «Я проста стараюся быць часткай таго, што мы можам зрабіць для людзей, якіх вайна прымусіла пакінуць свой дом», — кажа яна.
Прэмʼерка распавядае, што інтэграцыя людзей, якія ўжо знаходзяцца ў Літве, ідзе даволі добра. Паводле яе, Літва — краіна нумар адзін у ЕС, дзе ўцекачы знайшлі сябе на рынку працы.
Меркаванні аб тым, што бежанцы — гэта ўтрыманцы, прэмʼерка абвяргае. Дапамога, якую Літва надае бежанцам, — такая ж, як грамадзянам краіны. Гэта дапамога на дзяцей, на жыллё, часам дапамагаюць прыватныя кампаніі. «Не ведаю ніводнага чалавека, які пагадзіўся б, каб яго дом разбурылі бомбай для таго, каб паехаць кудысьці ў іншую краіну. Ну гэта проста дурасць», — кажа Шыманіце.
Паводле яе, шмат бежанцаў працуе, плаціць падаткі, і таму глядзець на іх як на ўтрыманцаў, нельга. «Уцекачы імкнуцца быць часткай літоўскага грамадства», — кажа Шыманіце.
Пра беларусаў і расіян
Украінцы на сёння — самая вялікая група замежнікаў у Літве. Другая група — гэта беларусы, якія ўцякаюць ад масавых рэпрэсій на радзіме, цяпер іх каля 50 тысяч. Каля 15 тысяч — расіяне, палова з якіх прыехала задоўга да вайны. Ці пагражаюць беларусы і расіяне нацыянальнай бяспецы Літвы, спытаў вядучы.
Прэмʼерка Літвы кажа, што беларусы, якія прыехалі з-за рэпрэсій Лукашэнкі, — гэта «вельмі розныя людзі, якія трапіліся пад руку КДБ або міліцыі [часам] проста за кардонную скрыню на балконе [у бела-чырвона-белых колерах], і для людзей была рэальная пагроза».
Яна кажа, што ніколі не вядома, ці няма ў людзей, якіх катавалі або з якімі «праводзілі гутаркі», нейкіх дамоўленасцяў са спецслужбамі. «Так таксама бывае, таму Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі скрыніць людзей, якія цяпер імкнуцца прыбыць у Літву.
Але гуманітарныя візы да гэтага часу існуюць, таму што да гэтага часу ёсць людзі, якім пагражае турма, катаванні. Мы лічым сябе еўрапейскай краінай, і мы абавязаныя дапамагаць», — кажа яна.
Што тычыцца расіян, якія беглі ад мабілізацыі ў Расіі, то тут у Шыманіце іншы пункт гледжання. Яна кажа, што было б няправільна іх прымаць як палітычных уцекачоў.
«Таму што тыя людзі, якім вайна Пуціна окей, пакуль яна ідзе ў іх у тэлевізары (тады «Расія перамагае», «мы лепшыя за ўсіх» і да таго падобнае), а калі да цябе прыходзіць ваенкамат і кажа: на табе вінтоўку, ці ўвогуле без вінтоўкі шуруй кудысьці ў Луганскую вобласць перад заградатрадамі, гэта ўжо іншая справа. Я лічу, што гэта проста страх за сваё цела, а не палітычная пазіцыя», — кажа яна.
Але людзям, якіх затрымліваюць за кветкі да помніка Лесі Украінцы альбо Тарасу Шаўчэнку, «такім людзям дапамагчы мы абавязаныя».
Як будаваць адносіны з Беларуссю і Расіяй пасля вайны?
Шыманіце мяркуе, што гэта пытанне пра тое, якая будучыня чакае Расію, таму што, на яе думку, ад будучыні РФ залежыць і будучыня Беларусі.
Прэмʼерка Літвы кажа, што не верыць, што цяпер унутры Расіі ёсць запыт на дэмакратызацыю, а альтэрнатыўныя [Пуціну] сілы, якія існуюць, — «адна горшая за іншую».
А вось запыт на нармалізацыю адносін з Захадам у Расіі, на яе думку, ёсць. Шыманіце кажа, што санкцыі па нафтапрадуктах запрацуюць з 5 лютага, і гэта будзе даволі вялікі ўдар па расійскім бюджэце і па расійскай эканоміцы. Таму там многія б хацелі, каб было «як тады», да вайны.
«Але для нас, — кажа прэмʼерка Літвы, — вярнуцца да таго, «як тады», калі сітуацыя ва Украіне не вырашаецца на 100%, у сэнсе, калі Расія не прайграе, а ёсць нешта такое, як было ў 2015 годзе, калі ніхто не выйграў, ніхто не прайграў, «мір, дружба, балалайка», для нас гэта вельмі небяспечна. І таму, я думаю, што на гэты раз умовы для Расіі, каб неяк вярнуцца ў нармальныя адносіны з заходнім светам, будуць нашмат стражэйшыя, чым яны былі раней».
Пра санкцыі ў дачыненні да Беларусі
Ёсць разыходжанне санкцый паміж Расіяй і Беларуссю — «такая інфраструктура санкцыйная, для Расіі санкцыі больш жорсткія, чым для Лукашэнкі, пакуль што».
Шыманіце кажа, што Літва ўвесь час выступае за тое, каб санкцыі былі аднолькавыя. Таму што гэта «пэўная кампраметацыя санкцый для Расіі», калі іх вельмі проста абысці, выкарыстоўваючы Беларусь.
Пра рускую мову і адмену рускай культуры
Прэмʼерка Літвы распавядае, што яна не прымае нянавісці па прыкмеце мовы, на якой размаўляе чалавек.
«Я не магу прыдумаць ніякай падставы для таго, каб ненавідзець чалавека проста таму, што ён гаворыць на нейкай мове».
Сама Шыманіце размаўляе на ўсіх асноўных мовы Вільні — літоўскай, рускай, польскай. За апошні год ужо і ўкраінскую падвучыла. «Хутка змагу і размаўляць», — кажа яна.
«Ставіць знак роўнасці: рускамоўны, значыць, антыдзяржаўны — гэта наогул абсурд, таму што мы ведаем прозвішчы людзей, якіх мы можам альбо па сваёй ацэнцы, альбо нават афіцыйна, па рашэннях суда, лічыць антыдзяржаўнымі дзеячамі, і ў абсалютнай большасці з іх прозвішчы літоўскія, і яны гавораць на літоўскай мове».
Што тычыцца рускай культуры, Шыманіце мяркуе, што піетэт перад веліччу рускай культуры «адлюстроўвае правінцыйнасць».
«Таму што калі мы жылі ў Савецкім Саюзе, нас проста кармілі рускай культурай. Калі б нас кармілі іспанскай культурай, французскай культурай, англійскай культурай, якія не менш вялікія, тады, напэўна, у нас не было б такога». Але «іншай» культуры на савецкай прасторы было вельмі мала.
Яна лічыць, што стаўленне да рускай культуры цяпер неадэкватнае «з абодвух бакоў».
«Зразумела, што цяпер, магчыма, менш апетыту на тое, каб гэта [расійскія творы] глядзець, гэта чытаць, але я думаю, што гэта таксама пройдзе.
Нам проста трэба знайсці здаровае стаўленне да расійскай культуры як да адной з культур, якія нас атачаюць», — кажа яна.
Пра Вільню, якой 700 гадоў
«Вільня — гэта горад, які адкрыты для ўсіх, які гатовы прыняць усіх, які заўсёды прымаў людзей, якія беглі ад прыгнёту, пагроз у сваіх краінах», — распавядае Шыманіце.
На пытанне, што яна хацела б абавязкова захаваць у горадзе ў наступныя 700 гадоў, яна адказвае: «Тое ж самае паняцце, што ў гэтым горадзе месца можа знайсці кожны».
Каментары