Навукоўцы змаглі спыніць працэс старэння ў мышэй і навучыліся кіраваць гэтым працэсам. А што наконт людзей?
Эксперымент паказаў, што старэнне — гэта ўсяго толькі страта клеткамі магчымасці правільна счытваць свой пачатковы геном. Выявілася, што гэты працэс можна аднавіць.
Навукоўцы-генетыкі з Гарвардскага ўніверсітэта правялі доследы на мышах, каб высветліць прычыну старэння арганізма жывых істот і навучыцца кіраваць гэтым працэсам.
Даследаванне паказала, што прычына старэння зусім не змяненне ДНК, як лічылася раней. Усяму віной эпігенетычныя «праграмныя збоі», праз якія клеткі з часам губляюць сувязь з зыходным генетычным матэрыялам. Аднавіць гэтую сувязь можна праз «перазагрузку сістэмы», якая таксама можа павялічыць і працягласць жыцця.
«У генетычным матэрыяле чалавека, ці проста ў геноме, змяшчаецца поўны набор нашай ДНК, які размеркаваны па ўсіх клетках арганізма. Але над геномам існуе яшчэ адзін пласт, які называецца «эпігеном». Ён кантралюе працэс уключэння або выключэння пэўных генаў у тым ці іншым тыпе клетак, і на яго працу на працягу ўсяго жыцця здольныя ўплываць як фактары навакольнага асяроддзя, так і наш лад жыцця. Да гэтага часу заставалася загадкай, ці з'яўляюцца змены эпігенома прычынай старэння», — гаворыцца ў даследаванні.
Для вырашэння загадкі навукоўцы літаральна «прымусілі састарэць» некаторых мышэй шляхам выкарыстання сістэмы «індукавання змен у эпігеноме (Induction of Changes in Epigenome, ICE)». Простымі словамі, яны ўтрая павысілі ў мышэй хуткасць разрыву і аднаўлення ланцужкоў ДНК, тым самым паскорылі іх натуральны працэс старэння.
Дзякуючы гэтаму, навукоўцы заўважылі, што з часам аднаўленне ДНК усё больш адбывалася насуперак першапачатковым «маладым» геномам, што прыводзіла да «праграмных збояў»: да шасцімесячнага ўзросту ў мышэй з'явіліся фізічныя прыкметы старэння, і іх стан быў значна горшы ў параўнанні з мышамі таго ж узросту, якія не ўдзельнічалі ў эксперыменце.
Затым навукоўцы паспрабавалі зноў «амаладзіць» паддоследных мышэй шляхам ін'екцыі плюрыпатэнтных клетак, якія змяшчаюць гены Oct4, Sox2 і Klf4.
«У выніку ў паддоследных мышэй з'явілася шмат новых аксонаў, дзякуючы якім іх мозг аднавіўся і спыніў дэгенерацыю іншых органаў. Больш за тое, гэта дапамагло аднавіць зрок у старых мышэй, прычым іх зоркасць стала лепшая, чым у маладых мышанят, якія не ўдзельнічалі ў эксперыменце», — адзначаецца ў даследаванні.
Па словах аднаго з аўтараў навуковага адкрыцця прафесара Дэвіда Сінклера з Гарвардскага ўніверсітэта, новыя веды даказваюць існаванне «генетычнай рэзервовай копіі», якой могуць карыстацца многія жывыя арганізмы. Напрыклад, пры страце часткі цела ў многіх жывых істот гэтыя часткі аднаўляюцца: у яшчарак і рыб адрастае хвост, у мышэй — пальцы і г. д.
Прафесар сцвярджае, што хоча ператварыць старэнне ў хваробу. А калі гэта хвароба, значыць, яе можна будзе вылечыць.
«Мы лічым, што выявілі галоўны пульт кіравання, спосаб вярнуць час назад. Затым цела прачнецца, успомніць, як сябе паводзіць, успомніць, як рэгенерыраваць, і зноў стане маладым, нават калі чалавек ужо даволі пажылы і хворы. Гэта таксама азначае, што рак, дыябет і хвароба Альцгеймера могуць мець адну і тую ж асноўную прычыну, якую можна павярнуць назад для лячэння ўзроставых станаў з дапамогай адзінага метаду тэрапіі», — падсумоўвае Сінклер.
На гэты момант вядома, што ўжо пачалося правядзенне доследаў над прыматамі. А наступныя ў чарзе — людзі.
Каментары