Суд над адвакатам Віталём Брагінцам пачнецца праз тыдзень, яго абвінавачваюць па чатырох артыкулах
Адваката Віталя Брагінца затрымалі 23 мая мінулага года. Спачатку яго двойчы запар арыштавалі на 15 сутак па адміністрацыйных справах, а цяпер стала вядома, што яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса, піша «Вясна».
Артыкулы, якія інкрымінуюцца адвакату: ч. 3 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці), ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы), ч.1 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім) і ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
Віталь Брагінец да свайго арышту абараняў некаторых палітвязняў, у тым ліку старшыню праваабарончага цэнтра «Вясна» Алеся Бяляцкага.
Справу пачнуць разглядаць у Мінгарсудзе 16 студзеня. Працэс будзе весці суддзя Алена Ананіч.
Каментары