Бізнэсоўца і фатографа Івана Мураўёва асудзілі да 2,5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.
Іван Мураўёў — журналіст, аператар, фатограф, рухавік кальяннай культуры Мінска і ўласнік знакамітай «Кальяннай №1».
Упершыню яго затрымалі ў жніўні 2020 года.
1 верасня 2022 года супрацоўнікі Следчага камітэта прыйшлі ў «Кальянную №1», кіраўніком якой Мураўёў з’яўляецца. Абвінавачванне: ч. 3 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса — удзел у экстрэмісцкім фарміраванні.
Судзілі Мураўёва ў Мінгарсудзе. Справу разглядала суддзя Алена Шылько.
Як удакладнілі службе маніторынгу БАЖ знаёмыя Мураўёва, справа фігуранта заняла ўсяго два тамы з адным «злачынным» эпізодам.
Маюцца на ўвазе яго відэаздымкі для расследавання журналіста Стася Івашкевіча, якое выйшла на тэлеканале «Белсат». Сюжэт пад назвай «Сяброўка Ліліі Лукашэнка і алігархі сталі бенефіцыярамі справы артапедаў» з’явілася сёлета ў ліпені.
Каментары