«Крымскі мост ім здасца кветачкамі». Колькі за гэты год Лукашэнка правёў нарад з сілавікамі
Сёлета Лукашэнка вельмі часта сустракаўся з сілавікамі і вайскоўцамі. На нарадах ён гаварыў пра вайну ва Украіне, пагрозы з боку калектыўнага Захаду, падкрэсліваў важнасць сяброўства з Расіяй ды бэсціў «беглых экстрэмістаў». Колькі ж такіх нарад было?
Нарады мы падлічвалі па паведамленнях прэс-службы Лукашэнкі ці дзяржаўных СМІ.
22 снежня Лукашэнка склікаў нараду аб выніках праверкі сілавога блока краіны.
Паводле яго, правяралі сілы неадкладнага рэагавання па двух напрамках — заходні і паўночна-заходні. Адказным быў дзяржаўны сакратар Рады бяспекі Аляксандр Вальфовіч.
«Мы праводзілі і праводзім трэніроўкі. Цяпер яны з прычыны сітуацыі, якая склалася, і пагроз — больш маштабныя. Таму мы на сваёй тэрыторыі праводзім вучэнні. Перамяшчаем туды, куды мы лічым патрэбным, і сумесную групоўку ўзброеных сіл, і свае ўзброеныя сілы. Кропка. Ніякай іншай задумы, ніякай канспіралогіі», — казаў Лукашэнка.
6 снежня ён правёў нараду па пытаннях забеспячэння жыллём вайскоўцаў і прыроўненых да іх асоб.
На ёй заявіў, што «забеспячэнне жыллём бюджэтнікаў і асабліва людзей, якія стаяць на абароне Беларусі, заўсёды будзе ў прыярытэце дзяржаўнай жыллёвай палітыкі».
«Служыш — жыві, адслужыў патрэбную колькасць гадоў, дапусцім, 25 гадоў, — дзяржава павінна загадзя сказаць: мы гэтаму чалавеку пасля 25 гадоў (калі ён сыходзіць са службы, звальняецца ў запас ці па яшчэ нейкіх аб'ектыўных прычынах) бясплатна аддаём гэтую кватэру, жыллё ці ён 3% павінен заплаціць, ці па рэшткавым кошце?» — разважаў палітык.
1 снежня Лукашэнка склікаў нараду па пытаннях абароны Беларусі.
Паводле яго, усе сілавыя ведамствы адзначаюць рост колькасці правакацый паблізу дзяржаўнай граніцы.
«З боку беглай апазіцыі ўсё часцей гучаць заклікі да захопу ўлады сілавым шляхам і здзяйснення тэрарыстычных актаў на тэрыторыі Беларусі», — палохаў ён.
29 лістапада старшыня Следчага камітэта Дзмітрый Гара дакладваў Лукашэнку аб працы Следчага камітэта.
На сустрэчы прысутнічаў дзяржаўны сакратар Рады бяспекі Аляксандр Вальфовіч.
Дзмітрый Гара даў справаздачу аб расследаванні крымінальных спраў «экстрэмісцкай накіраванасці», якіх, паводле Лукашэнкі, нямала і нават «запас утварыўся», а таксама як працуе падраздзяленне па супрацьдзеянні кіберзлачынствам.
14 лістапада кіраўніцтва МУС дакладвала Лукашэнку пра стан аператыўнай абстаноўкі ў Беларусі і развіццё ведамства.
Асноўным дакладчыкам быў міністр унутраных спраў Іван Кубракоў. У нарадзе ўдзельнічалі дзяржаўны сакратар Рады бяспекі Аляксандр Вальфовіч і намеснікі кіраўніка МУС — Мікалай Карпянкоў і Дзмітрый Карзюк.
Тады было анансавана стварэнне ў МУС новых спецпадраздзяленняў.
21 кастрычніка Лукашэнка на агульнавайсковым палігоне Абуз-Лясноўскі ў Брэсцкай вобласці аглядаў айчынныя распрацоўкі ваенна-прамысловага комплексу.
Палітыку тады дэманстравалі беларускія беспілотнікі. Суправаджалі яго Іван Кубракоў і Віктар Хрэнін.
«Вайна нам не патрэбная, але да ўсяго трэба быць гатовым», — заявіў на агледзінах Лукашэнка.
10 кастрычніка — нарада па пытаннях бяспекі.
На ёй Лукашэнка «перасцярог Украіну ад магчымага нанясення ўдару па Беларусі».
«Крымскі мост ім здасца кветачкамі, калі толькі яны дакрануцца сваімі бруднымі рукамі хоць да аднаго метра нашай тэрыторыі», — заявіў ён сілавікам.
4 кастрычніка Лукашэнка склікаў нараду па пытаннях ваеннай бяспекі, каб прааналізаваць ваенна-палітычную абстаноўку і выпрацаваць меры рэагавання.
На той нарадзе палітык упершыню публічна прызнаў што Беларусь бярэ ўдзел у «спецыяльнай ваеннай аперацыі ва Украіне». Ён выкарыстаў гэты прыдуманы ўладамі Расіі эўфемізм, каб не казаць слова «вайна».
«Што тычыцца нашага ўдзелу ў спецыяльнай ваеннай аперацыі ва Украіне, мы ўдзельнічаем там. Мы гэтага не хаваем. Але мы нікога не забіваем. Мы нікуды не пасылаем сваіх вайскоўцаў. Мы не парушаем свае абавязкі», — заявіў ён.
20 верасня Лукашэнка сустрэўся з дзяржаўным сакратаром Рады бяспекі Аляксандрам Вальфовічам.
Лукашэнка заявіў, што праз Беларусь ніякага ўдару ў спіну па расійскіх войсках быць не павінна і не будзе. Ён прызнаў, што Беларусь адчувае негатыўны эфект ад заходніх санкцый з прычыны адкрытасці сваёй эканомікі.
«Нам нельга супакойвацца. Мы ў гэтым катле. Нам спакойна жыць не дадуць. Нас увесь час будуць ціснуць па ўсіх напрамках. А гэтыя «свядомыя» — гэта ворагі», — казаў палітык.
6 верасня Лукашэнка з кіраўнікамі сілавога блока правёў нараду па пытаннях удасканалення заканадаўства аб грамадзянстве і правядзення амністыі.
Лукашэнка запатрабаваў ад МУС, каб яно разабралася з уладальнікамі карты паляка, ці грамадзяне яны Беларусі. Што да амністыі, то ён заявіў:
«Мы не можам налева і направа адпускаць усіх. Хто павінен сядзець у турме, павінен сядзець. Але яшчэ раз падкрэсліваю, ёсць людзі, якіх мы свабодна можам вызваліць датэрмінова. Паслабленні дапушчальныя толькі ў адносінах да тых, хто рэальна гэтага заслугоўвае».
13 чэрвеня Лукашэнку дакладвалі, як удасканальваецца праца КДБ.
Давалі яму справаздачу кіраўнік КДБ Іван Церцель, а таксама кіраўнік Адміністрацыі Ігар Сергяенка ды дзяржаўны сакратар Рады бяспекі Аляксандр Вальфовіч.
«Трэба ўзмацняць дзейнасць некаторых напрамкаў. Недзе, магчыма, ствараць і новыя. Асабліва з прычыны той інфармацыйнай бяспекі, якая павінна быць у краіне, і той гібрыднай вайны, якая разгорнутая не толькі супраць Беларусі. Яна па ўсім свеце ўжо існуе», — адзначаў Лукашэнка.
29 мая — нарада па ўдасканаленні інфармацыйнай палітыкі.
«Амаль трэць стагоддзя мы будуем сваю дзяржаву, і ўвесь час сутыкаемся з ідэалагічнымі, інфармацыйнымі, ваеннымі і псіхалагічнымі пагрозамі. Мы знаходзімся фактычна пад гэтым прэсам з боку калектыўнага Захаду — Вашынгтона і яго саюзнікаў», — заяўляў Лукашэнка на нарадзе, большасцю ўдзельнікаў якой былі сілавікі.
26 мая — нарада ў Міністэрстве абароны па пытаннях забеспячэння ваеннай бяспекі.
Лукашэнка заявіў, што «мерапрыемствы, якія праводзяцца НАТА вакол межаў Беларусі, — гэта разведка і асваенне магчымага ў будучым тэатра ваенных дзеянняў».
Палітык распарадзіўся стварыць Паўднёвае аператыўнае камандаванне на ўкраінскім кірунку.
«На жаль, адкрыўся новы кірунак, як у нас прынята казаць, новы фронт, і мы не можам не надаваць гэтаму ўвагі», — адзначыў ён.
10 мая — нарада, прысвечаная дзяржабаронзаказу на 2022 год.
Лукашэнка тады заявіў, што Беларусь стварае аналаг «Іскандэраў». Таксама ён патрабаваў ад вайскоўцаў вызначыцца, якая вайна будзе ў Беларусі, «калі не дай бог», і якая зброя патрэбная.
19 красавіка на нарадзе, прысвечанай пытанням забеспячэння законнасці і правапарадку, Лукашэнка запатрабаваў ад праваахоўнага блока і органаў дзяржаўнага кіравання сістэмнай і ўдумлівай работы.
«Вы што, забыліся, што ў 2020 годзе было? Ці тут тры чвэрці людзей сядзяць, якія рады таму, што адбылося ў 2020 годзе, і хочуць паўтарэння пройдзенага? Запомніце: гэтага не атрымаецца. У мяне дастаткова сіл і сродкаў і тых хлопцаў, якія стануць побач, і мы знясём галаву любому, хто сёння хоча парушыць мір і спакой у нашай краіне», — абураўся на ёй палітык.
А генпракурор Швед наракаў на «валакіту і бяздзеянне» пры расследаванні палітычных спраў. Ён казаў, што па «экстрэмісцкіх справах» раскрывальнасць складае менш за палову.
10 сакавіка — нарада з кіраўніцтвам Міністэрства абароны аб ваеннай бяспецы краіны.
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што разведка «знайшла ва Украіне наймітаў, якія перамяшчаюцца ўздоўж беларускай граніцы». Ён даручыў вайскоўцам і памежнікам не дапусціць парушэння дзяржаўнай мяжы.
1 сакавіка — нарада з членамі Рады бяспекі і кіраўніцтвам урада.
Лукашэнка на карце паказаў, з якога боку нібыта збіраліся атакаваць Беларусь, і расказаў, якія задачы стаяць па ўзмацненні аховы дзяржаўнай мяжы на паўднёвым і заходнім напрамках.
«Адначасова з аб'явай рашэння на правядзенне аперацыі Расіяй быў нанесены папераджальны ўдар па гэтым цяжкім узбраенні, пазіцыях, каб прадухіліць свае страты і ўздзеянне на Беларусь. Калі б гэтага не зрабілі, гэтыя ракеты прыляцелі б у Гомель і Мазыр», — заяўляў ён.
24 лютага, у дзень нападу Расіі на Украіну, Лукашэнка сабраў нараду з вайскоўцамі.
Ён заявіў: «Беларускія войскі не бяруць ніякага ўдзелу ў расійскай спецаперацыі». Пры гэтым ён усклаў віну за вайну на Украіну і дэманстраваў вернасць Расіі.
7 лютага — нарада па ўдасканаленні структуры сістэмы МНС.
Удзельнічалі кіраўнік ведамства Вадзім Сіняўскі і дзяржаўны сакратар Рады бяспекі Аляксандр Вальфовіч.
Адной з тэм нарады было ўзбраенне часткі супрацоўнікаў МНС.
«Усе супрацоўнікі МНС, асабліва пры цяперашнім міністру, хочуць быць сілавым блокам. Сілавікі. Мы так іх і лічым. Але, для таго каб быць сілавіком, трэба выдатна валодаць зброяй.
Якой? Пісталеты, аўтаматы, кулямёты, гранатамёты, або мы іх будзем узбройваць яшчэ і нейкай тэхнікай? Думаю, так. І гэты актыў будзе, сур'ёзны актыў, і дапамога для нашага войска на выпадак, калі раптам», — казаў палітык.
21 студзеня — нарада па ўмацаванні ваеннай бяспекі Беларусі.
«З болем у сэрцы мы назіраем усё тое, што робіцца ва Украіне. Яе цяперашняе палітычнае кіраўніцтва, знаходзячыся пад вонкавым кіраваннем, вядзе часам сябе непрадказальна і неадэкватна», — заяўляў на ёй Лукашэнка.
І дадаваў, што мяжу з Украінай трэба надзейна абараніць «на выпадак непрадказальнасці, неадэкватнасці».
17 студзеня Лукашэнку дакладалі аб задуме сумеснага аператыўнага вучэння Узброеных сіл Беларусі і Расіі.
«Украіна працягвае нарошчваць сілы, засяроджваючы падраздзяленні нацыянальнай гвардыі з «нацыяналістаў-радыкалаў». Гэта яшчэ больш моцна, чым натаўскія вайскоўцы», — заяўляў палітык вайскоўцам.
Усяго за год — 21 нарада з сілавым блокам.
Апроч гэтага, сілавікі часам прысутнічалі на мерапрыемствах па іншых пытаннях (напрыклад, Кубракоў быў на нарадзе па жніве).
За 2021 год мы налічылі 11 нарад з сілавікамі і вайскоўцамі, у два разы менш.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары