Беларускай незалежнай культуры далі 2 мільёны еўра. На што яны пойдуць?
Беларуская рада культуры прадставіла праект ArtPower Belarus, на які Еўрасаюз выдзяліў 2 мільёны еўра. Гэта першы раз, калі беларуская дэмакратычная супольнасць атрымлівае ад ЕС дапамогу на культуру ў такім памеры.
Праект ArtPower Belarus робіць Беларуская рада культуры ў супрацы з Дацкім інстытутам культуры. Датчане забяспечаць празрыстасць праекта, якасную справаздачу па ім і фінансавае кіраванне.
Як будуць размяркоўвацца грошы? Рада культуры абяцае публічна размяшчаць палажэнні конкурсаў, у якіх будзе прапісана, куды, як і ў якой форме падаваць заяўкі на грант. Потым кожны конкурсны праект будзе ацэньвацца не менш як двума незалежнымі экспертамі, якія не належаць да Рады культуры і не звязаныя з тымі, хто падае заяўкі.
Будуць і малыя праекты, і больш вялікія, верхняя мяжа для вялікіх — 60 тысяч еўра. Таксама грошы пойдуць на забеспячэнне пытанняў мабільнасці — падарожжаў творцаў у галіне культуры.
Як расказвае распрацоўшчыца праекта Таццяна Пашавалава, у межах ArtPower Belarus Рада культуры стварае ў Вільні Рэсурсны цэнтр — прастору для камунікацыі. І гэта не ўсё: «Мы таксама плануем правесці курс падрыхтоўкі менеджараў культуры, штогод ажыццяўляць міжнародныя культурніцкія канферэнцыі ды рыхтаваць рэгулярныя аналітычныя справаздачы. Пэўны адсотак ад грошай праекта разлічаны на экстранную дапамогу прадстаўнікам культуры».
ArtPower Belarus разлічаны на 28 месяцаў. Меркавана, першая заяўка на грант з’явіцца ўжо ў студзені, калі паступяць першыя грошы ад Еўрасаюза. Як тлумачыць кіраўнік Беларускай рады культуры Сяргей Будкін, падчас праекта трэба рэалізаваць як мінімум 100 грантаў па мабільнасці і каля 50 праектаў конкурснага плана.
Стваральнікі праекта падкрэсліваюць, што прыдуманы ён як для беларускіх дзеячаў культуры, так і для іх аўдыторыі, і ўдзельнічаць у праекце могуць як творцы, што за мяжой, так і тыя, хто знаходзіцца ўнутры краіны. Пакуль што цяжка разлічыць, якім чынам артысты ўнутры Беларусі змогуць атрымаць гэтыя грошы, але ж галоўнае ў гэтым — чалавечая бяспека. Таццяна Пашавалава разважае: «І для творцаў, і для беларускіх дзеячаў культуры вялікі выклік — знайсці сродкі, магчымасці, каналы, каб беларусы ўнутры Беларусі маглі глядзець, чытаць ці неяк яшчэ атрымаць тое, што робіць беларуская культура».
Пашавалава таксама расказвае падрабязней пра крытэрыі адбору праектаў:
«Пры іншых роўных умовах прыярытэт — тым, хто знаходзіцца ўнутры Беларусі, яшчэ пытанне ў памеры праекта.
5% бюджэту мы можам патраціць на тэрміновыя праекты. Таксама мы можам даваць грошы не толькі на творчы праект, але і на падтрымку арганізацыі, каб яна выжыла: на арэнду памяшкання, бухгалтэрыю і гэтак далей. То-бок крытэрыі ў заяўцы пастаўленыя вельмі шырокія».
У радзе патлумачылі таксама, як будзе ажыццяўляцца кантроль за сродкамі. Яшчэ на этапе падачы заяўкі закладзеныя сродкі на знешнюю ацэнку і аўдыт. Вынікі аўдыту будуць публічныя.
«Еўрапейская камісія кантралюе расходаванне сродкаў некалькімі маніторынгавымі інструментамі. Гэта і маніторынгі падчас рэалізацыі, і пасля завяршэння праекта. Таксама праводзіцца шэраг маніторынгаў ацэнкі ўплыву праектаў».
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары