Пра 300-гадовы бабруйскі дуб-волат — помнік прыроды, загаварылі па ўсёй Беларусі пасля таго, як стала вядома, што яму пагражае пазбаўленне ахоўнага статуса. Эколаг Ігар Куталоўскі цяпер спрабуе ўратаваць самы знакаміты дуб Бабруйска, паведамляе 1387.by.
Аварыйнасць дуба можа ўзнікнуць толькі падчас ураганнага ветру
У дуба-волата, які расце ў Бабруйску на вуліцы Гогаля каля крамы «Керамін», яшчэ не ўсё згублена — ягоны стан зусім не безнадзейны, лічыць эколаг Ігар Куталоўскі. Дрэва магчыма ўратаваць, і яно можа прастаяць яшчэ сто ці нават больш гадоў.
Паводле дзейных крытэрыяў ацэнкі стану аб’ектаў расліннага свету гэтае дрэва знаходзіцца ў даволі добрым стане. Сухавяршыннасць адсутнічае, маецца добры і здаровы новы прырост, — кажа спадар Ігар. — Аварыйнасць гэтага дрэва можа ўзнікнуць праз яго шырокую разгалістую крону толькі падчас ураганнага ветру, у сувязі з блізкім знаходжаннем ходніка і праезнай часткі».
Аднак пазбаўляць унікальнае дрэва ахоўнага статуса помніка прыроды з прычыны магчымай аварыйнай сітуацыі ні ў якім выпадку нельга — гэта незаконна, непрафесійна і бязглузда, лічыць эксперт, бо якраз ахоўны статус абавязвае прафесійна абследаваць дрэва і прызначыць яму індывідуальны і рэгулярны догляд.
Ігар Куталоўскі запэўнівае: каб перадухіліць узнікненне аварыйнай сітуацыі, дастаткова выканаць пісьменную санітарную і амаладжальную абрэзку. Гэта аблегчыць крону дрэва, зробіць яе больш кампактнай, зменшыць даўжыню галін, якія навісаюць над праезнай часткай, і адпаведна перадухіліць іх абломванне і падзенне.
Дрэвам патрэбны належны догляд, у дуба яго не было
Эколаг зазначае, што ўсе жывыя дрэвы, як помнікі прыроды, так і звычайныя, патрабуюць пісьменнага, індывідуальнага і рэгулярнага комплекснага догляду і ўтрымання.
«Толькі так можна падтрымліваць іх здаровы бяспечны стан, доўгачасовую жыццяздольнасць і захаванасць. Дрэвы — гэта не валуны, — кажа спадар Ігар. — У дуба такога догляду не было».
Ігар Куталоўскі раней жыў у Бабруйску, яму неабыякавы лёс горада, таму ён цяпер спрабуе зрабіць, што можа, каб уратаваць дуб. Эколаг звяртаўся па гэтым пытанні ў Бабруйскую інспекцыю прыродных рэсурсаў і аховы наваколля, а таксама ў Акадэмію навук.
«У інспекцыі не супраць захавання дуба, але ўсе баяцца, што можа ўзнікнуць аварыйная сітуацыя і прыйдзецца адказваць. Я ім патлумачыў, што можна зрабіць абрэзку. Але патрэбны адказ з Акадэміі навук, што гэтая абрэзка магчымая, і таму можна абысціся без пазбаўлення ахоўнага статуса», — распавёў спадар Ігар.
Паводле эксперта, трэба змяншаць крону дрэва, бо калі пакінуць так, як ёсць, галіны сапраўды могуць ламацца.
«Старыя дрэвы праз пісьменную абрэзку можна амалоджваць. Калі мы цяпер узімку гэта зробім, то ўвесну будзе зразумела, ці ўсё добра, — кажа спадар Ігар. — Калі ўсё зрабіць, як трэба, то дуб прастаіць яшчэ сто год і нават больш. А калі мы нічога не будзем рабіць, сапраўды рызыкуем застацца без гэтага дрэва. Але лямантаваць тут не трэба, а проста працаваць з дубам. У інспекцыі прызналі, што да гэтага часу з ім нармальна ніхто нічога не рабіў. Так, зрабілі сцяжкі на ствале, але гэта ні пра што (КУП «ДЭП г. Бабруйска» ў 2015 годзе сцягнула дрэва стальным абручом, каб замацаваць расколіну ў ствале і перадухіліць ад канчатковага разлому)».
Можа спатрэбіцца грамадскае апякунства над дубам
18 лістапада Ігар Куталоўскі наведаў аддзел Акадэміі навук, які займаецца прыроднымі тэрыторыямі, што асабліва ахоўваюцца. Менавіта гэты аддзел праводзіў інвентарызацыю прыродных помнікаў у Магілёўскай вобласці і выявіў, што дуб у Бабруйску ў аварыйным стане. Размова са спецыялістамі з Акадэміі навук атрымалася пазітыўнай, зазначае спадар Ігар.
«Прыйшлі да таго, што мясцовая ўлада павінна звярнуцца ў Акадэмію навук па пытанні распрацоўкі плана кіравання. Гэта план комплексных мерапрыемстваў, які ўключае спецыяльную абрэзку, лячэнне, догляд, далейшае ўтрыманне», — распавёў эксперт.
Статус помніка прыроды мясцовага значэння надаюць ці здымаюць мясцовыя ўлады. Таму спадар Ігар збіраецца далей падтрымліваць сувязь з бабруйскім выканкамам праз мясцовую інспекцыю аховы прыроды ў пытанні лёсу дуба-волата. Эколаг падрыхтуе прапановы па абрэзцы дуба. Увесну, паводле эксперта, план кіравання з прапісанымі працэдурамі грамадскіх слуханняў мусіць быць зацверджаны на ўзроўні горада і вобласці.
Бабруйскі дуб-волат: даведка
Бабруйскі выканкам у 2003 годзе абвясціў дуб на вуліцы Гогаля каля крамы «Керамін» батанічным помнікам прыроды мясцовага значэння. Дыяметр ствала дрэва складае 1,4 м. Вышыня дуба — 28 метраў. Крона мае 17,1 м з поўначы на поўдзень і 24,2 м — з усходу на захад. Дуб-волат расце ў Бабруйску з часоў Рэчы Паспалітай, яму больш за 300 гадоў.
Помнікі прыроды — гэта асобныя ўнікальныя прыродныя аб’екты ці прыродныя комплексы, якія маюць гістарычнае, навуковае, эколага-асветніцкае значэнне, з’яўляюцца неад’емнай часткай і важным кампанентам прыроднага ландшафта, забяспечваюць захаванне генафонда біялагічнай разнастайнасці асобнай мясцовасці, краіны ці Зямлі ўвогуле.
У Беларусі надаваць раслінам статус помнікаў прыроды пачалі ў 1960-х гадах. Сёння, паводле Міністэрства прыроды Беларусі, у нашай краіне налічваецца 330 батанічных помнікаў прыроды. З іх 90 маюць рэспубліканскае значэнне, 230 — мясцовае.
Каментары