Расія пачала падрыхтоўку эвакуацыі Армянска — горада на поўначы Крыма
Афіцыйнага паведамлення пра эвакуацыю не было, але факт стаў вядомы расійскім ваенкарам.
Пра падрыхтоўку эвакуацыі Армянска, самага паўночнага горада Крыма, афіцыйнай інфармацыі няма, але пра гэта паведамляюць расійскія ваенкары.
«Рыхтуюцца да вывазу адміністрацыйныя і вайсковыя аб'екты. Армянск можа апынуцца ў зоне дзеяння хаймарсаў, — піша ваенкар Раман Сапанькоў, які мае шмат крыніц у прыфрантавой зоне. — Скадоўск ужо ў зоне паражэння. Таксама побач завод «Тытан» [найбольшы вытворца дыяксіду тытану]. Таксама ў раёне Армянска вялікая колькасць вайсковых аб'ектаў».
Мяркуючы па паведамленнях, гаворка не ідзе пра вываз людзей, а пра падрыхтоўку да вывазу ўсяго самага каштоўнага ў выпадку прарыву ўкраінскай арміяй лініі фронту пад Запарожжам і Данецкам.
Армянск — горад, які разросся вакол завода «Тытан» на месцы даўняга армяна-грэчаскага паселішча. Да акупацыі Крыма Расіяй у 2014 годзе ў горадзе жыло 22 тысячы чалавек, на сёння — каля 20 тысяч чалавек.
Армянск і Джанкой, транспартны вузел на паўднёвы ўсход ад Армянска, — дзве брамы на Крымскі паўвостраў.
Кіраўніцтва Украіны заяўляла пра намер вызваліць усю тэрыторыю краіны ў межах да 2014 года, але ў той жа час гатовае на перамовы ў выпадку калі Расія адвядзе войскі на пазіцыі па стане на 24 лютага 2022 года.
-
60-гадовы мужчына, які ў 2020-м назіраў за выбарамі з табурэткі праз бінокль, пасля адваяваў два гады ва Украіне
-
Як украінскія інжынеры ператварылі лёгкі самалёт ва ўдарны беспілотнік, што можа далятаць да Масквы
-
«Пуцін свядома абраў Каляды для нападу». Расія нанесла чарговы масіраваны ўдар па энергетыцы Украіны
Каментары