Здарэнні11

Затрымалі студэнта з Нігерыі, які дапамагаў разводзіць на грошы беларускіх жанчын

Гродзенскім міжраённым аддзелам Следчага камітэта расследуецца крымінальная справа аб махлярстве, учыненым у буйным памеры. Удзельнікі злачыннай схемы падманулі на буйную суму прынамсі дзвюх жанчын з Гродзенскай вобласці.

Паводле звестак следства, у чэрвені 2021 года 43-гадовая жыхарка Гродна пачала сеціўную перапіску з «іншаземцам». Мужчына расказаў, што разам са сваімі сябрамі знайшоў скарб, які яны пасля падзялілі, і яму дасталася 4,8 млн еўра.

Падчас перапіскі добры іншаземец выказаў жаданне аказаць жанчыне матэрыяльную дапамогу. Яна паведаміла яму свой адрас. Тады новы знаёмы растлумачыў, што адправіў ёй 4 млн еўра, аднак грошы затрымалі на мяжы, неабходна заплаціць 4,6 тысячы рублёў, каб яны прайшлі праз мытню.

Жанчына паверыла яму і перавяла на пададзены рахунак асабістыя зберажэнні ў памеры 4 тысяч рублёў. Але пасля таго мужчына стаў пісаць, што названай сумы недастаткова і прапанаваў суразмоўцы прадаць кватэру. Жанчына патлумачыла, што не збіраецца гэтага рабіць, і паведаміла пра тое, што яе падманулі, у міліцыю.

Ад дзеянняў той жа групы махляроў сёлета ў ліпені пацярпела і 62-гадовая жыхарка Бераставіцкага раёна. У перапісцы мужчына прадставіўся вайсковым хірургам з Сірыі. Ён расказваў, што ўжо некалькі гадоў не быў у адпачынку і яму патрэбныя грошы, каб прыехаць да яе ў госці. Пры гэтым сцвярджаў, што яму належыць буйная сума за адпачынак.

Паверыўшы ў гэтую легенду, жанчына адправілася ў банк, дзе паспрабавала перавесці на ўказаны ім рахунак 2 тысячы рублёў, аднак плацеж не прайшоў. Гэтая сітуацыя, аднак, не збянтэжыла жанчыну, і ўжо ў іншым банку яна перавяла на рахунак 5 тысяч рублёў. У ходзе перапіскі новы сябар паведаміў, што гэтых грошай недастаткова і неабходна перавесці яшчэ на спецыяльны рахунак ААН.

Паколькі зберажэнняў у жанчыны не засталося, яна вырашыла аформіць крэдыт у банку. Атрымаўшы адмову ў раённым філіяле, яна накіравалася ў сталіцу, дзе аформіла два крэдыты на агульную суму 13 тысяч рублёў. Затым выканала ўсе ўмовы новага знаёмага па пераводзе грошай. І толькі пазней зразумела, што дзейнічала ў інтарэсах махляроў, пасля чаго звярнулася ў міліцыю.

У ходзе следства ўстаноўлена, што рахункі, на якія былі пераведзеныя грашовыя сродкі пацярпелых, зарэгістраваныя на 31-гадовага грамадзяніна Нігерыі. Ён вучыцца ў адной са сталічных вну.

Згодна з матэрыяламі крымінальнай справы, замежны студэнт праз свайго сваяка пазнаёміўся ў Сеціве з мужчынам, які прапанаваў яму зарабіць. Ягоная задача заключалася ў тым, што на банкаўскую карту, зарэгістраваную на ягонае імя, будуць паступаць грашовыя сродкі. Сам малады чалавек ад пералічаных сум атрымліваў 20 %, пры гэтым, з яго слоў, ён не быў у курсе, што з'яўляецца ўдзельнікам злачыннай схемы.

Дзеянні 31-гадовага іншаземца кваліфікавалі па ч. 3 арт. 209 (махлярства, здзейсненае ў буйным памеры) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. 

Каментары1

  • Радар
    22.11.2022
    Дайце фота

Выйшла на свабоду Антаніна Канавалава, давераная асоба Ціханоўскай у 2020 годзе1

Выйшла на свабоду Антаніна Канавалава, давераная асоба Ціханоўскай у 2020 годзе

Усе навіны →
Усе навіны

Што паслухаць па гісторыі Беларусі? Сабралі найлепшыя падкасты35

Мінчук падышоў да зборшчыкаў за Лукашэнку і выказаў, што пра яго думае. Атрымалася крыміналка8

Назва ад кінатэатра, выгляд ад аўтара віцебскай піраміды, на верхнім паверсе — дзеці. Што вядома пра гандлёвы цэнтр, які гарэў у Віцебску2

Бізнэсу аддалі 10-15% ад дапамогі Еўрасаюза Беларусі — Ягораў адказвае на крытыку з боку Латушкі25

Падчас пажару ў віцебскім ГЦ пацярпелі 15 чалавек, з іх 2 работнікі МНС2

Сала па 35 рублёў, шмат садавіны і навагодніх тавараў. Якія цэны на Камароўцы перад святамі?1

Пажар у віцебскім гандлёвым цэнтры ліквідавалі, спатрэбілася чатыры з паловай гадзіны1

У Расіі заблакавалі Viber14

«Рускіх і ўкраінцаў можна параўноўваць з ханьцамі». Мядзведзеў тлумачыць кітайцам прычыны вайны ва Украіне на блізкіх ім прыкладах11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Выйшла на свабоду Антаніна Канавалава, давераная асоба Ціханоўскай у 2020 годзе1

Выйшла на свабоду Антаніна Канавалава, давераная асоба Ціханоўскай у 2020 годзе

Галоўнае
Усе навіны →