«Вам хлусяць»: Зяленскі па-руску пракаментаваў сітуацыю з загінулымі ў Паўлаўцы расійскімі марпехамі
У пачатку традыцыйнага вечаровага звароту Зяленскі па-ўкраінску сказаў, што ў Данецкай вобласці штодня гінуць сотні расійскіх вайскоўцаў, а тэрыторыя «завалена целамі акупантаў».
Пасля, перайшоўшы на рускую мову, Зяленскі распавёў, што марскія пехацінцы з Прымор'я паскардзіліся губернатару свайго краю Алегу Кажамяку на «каласальныя страты», а той у адказ «прадказальна схлусіў», сказаўшы, што «страты далёка не такія».
«Губернатару адтуль, напэўна, лепш відаць, як і колькі адпраўляюць на ўбой вайскоўцаў з яго рэгіёна. Ну, ці яму проста загадалі хлусіць. З Масквы загадалі. Вось так тысячы кіламетраў пераадольвае загад хлусіць аб расійскіх стратах. І нават целы большасці з гэтых забітых назад у які-небудзь Уладзівасток не прывязуць. Але я ўпэўнены, што губернатар Кажамяка выйдзе і растлумачыць, чаму не ўсе даехалі, не ўсе вярнуліся з тых «не такіх»», — кажа Зяленскі.
Прыморскі чыноўнік усяляк спрабуе абвергнуць масавую гібель марпехаў. Пасля заявы Мінабароны, што страты не перавышаюць 1%, Кажамяка апублікаваў тры відэа з людзьмі ў вайсковай форме, прычым на двух у людзей схаваныя твары, а галасы змененыя. Сам чыноўнік скаргі называе ўкідамі і фэйкамі.
Людзі на відэа сцвярджаюць, што, нягледзячы на сур'ёзныя страты, брыгада ідзе наперад і выконвае баявыя задачы.
Каментары