Рэарганізуецца Каардынацыйная рада, яна будзе складацца са 115 чалавек
Першае пасяджэнне абноўленай Каардынацыйнай рады па ўрэгуляванні палітычнага крызісу (КР) плануецца правесці да 16 снежня — пасля ўключэння новых дэлегаваных прадстаўнікоў арганізацый дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці, паведаміла Народнае антыкрызіснае ўпраўленне.
Паведамляецца, што ў верасні была створаная працоўная група, якая занялася распрацоўкай спецыяльнай працэдуры дэлегавання прадстаўнікоў розных арганізацый і ініцыятыў дэмакратычнай супольнасці, а таксама свабодна вылучаных кандыдатаў, у склад Каардынацыйнай рады.
Склад КР было вырашана сфармаваць з 115 чальцоў, сярод якіх 25 дзеючых сябраў асноўнага складу КР, якія пацвердзілі свае паўнамоцтвы, 75 новых дэлегатаў ад структур дэмсілаў і грамадзянскай супольнасці, а таксама 15 свабодна вылучаных кандыдатаў, якія прайшлі працэдуру абрання.
«Новая канфігурацыя дэмакратычных сіл Беларусі прадугледжвае наяўнасць і ўзаемадзеянне паміж сабой двух асноўных органаў — Аб’яднанага пераходнага кабінета і Каардынацыйнай рады, якія закліканыя весці скаардынаваную дзейнасць для павышэння эфектыўнасці ўсяго руху», — зазначаецца ў рэлізе арганізацыі.
Пра будучую рэформу Каардынацыйнай рады было абвешчана ў жніўні.
Каментары