Расіяне ўдарылі ракетамі па ЦЭЦ і падстанцыях у Харкаве, Дняпры і Крэменчугу, шмат дзе зніклі святло і вада
Пра моцны ўдар па харкаўскім інфраструктурным аб'екце паведаміў мэр горада Ігар Церахаў.
«Удар па інфраструктурным аб'екце Харкава. У выніку ўдару ў многіх раёнах горада знікла святло. З гэтай жа прычыны ў тых жа раёнах няма і вады — не працуюць помпы», — адзначыў Церахаў.
Мэр заклікаў захоўваць спакой: «Нашы спецыялісты і камунальнікі ўжо працуюць над ліквідацыяй тых пашкоджанняў, што гораду нанёс наш вораг».
У тэлеграм-каналах удакладняюць, што ўдар прыйшоўся па ЦЭЦ у Зміеве пад Харкавам. Ракеты, якія ляцелі на ЦЭЦ у Крэменчугу, здаецца, удалося збіць. А вось у Дняпры быў прылёт, відэа фіксуюць сполахі.
Удар быў нанесены крылатымі ракетамі з акваторыі Каспійскага і Чорнага мораў.
Паветранае камандаванне «Усход» заявіла, што ўдалося збіць 9 ракет з 11.
Ударамі па аб'ектах энергазабеспячэння расійскія войскі спадзяюцца не толькі зламаць баявы дух украінцаў, але і зменшыць мабільнасць украінскай арміі. Расійская прапаганда актыўна распаўсюджвае інфармацыю, што збоі ў электрасетках прывялі да спынення руху цягнікоў. Аднак украінскія СМІ пішуць, што рух цягнікоў аднавіўся неўзабаве.
За мінулы тыдзень украінская армія вызваліла больш за 8 тысяч квадратных кіламетраў у Харкаўскай вобласці. Расійскія інтэрвенты спрабуюць выбудаваць новую лінію абароны па рэках Аскол і Данец.
Каментары