У Мінску намеснік дырэктара школы ўладкаваў на працу «мёртвую душу»
У Мінску намесніка дырэктара школы вінавацяць у крадзяжы за тое, што ён пералічваў заробак прыбіральшчыцы сваёй цешчы, якая не працавала ва ўстанове.
Пракуратура Фрунзенскага раёна Мінска накіравала ў суд крымінальную справу ў дачыненні да 46-гадовага мясцовага жыхара — яго абвінавачваюць у крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі (частка 1 артыкула 210 КК).
У паведамленні гаворыцца, што намеснік дырэктара адной са школ у Мінску з чэрвеня 2019 года да чэрвеня 2021 года ўносіў ілжывыя звесткі ў табель уліку працоўнага часу прыбіральшчыцы, якой значылася яго цешча. Пры гэтым яна ў школе не прыбірала.
У ведамстве адзначаюць, што заробак налічвалі на карту жанчыны, а траціў грошы абвінавачаны. За 2 гады прыбіральшчыцы пералічылі каля 5 тысяч рублёў — намеснік дырэктара школы цалкам кампенсаваў шкоду. Цяпер абвінавачаны знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе.
Каментары