Аўстрыя — аплот уплыву Масквы ў Заходняй Еўропе. Пра гэта сведчаць матэрыялы шпіёнскай справы
Гучнае расследаванне супраць былога высокапастаўленага аўстрыйскага спецслужбоўца, які дагэтуль працуе ўнутры сілавога блока, паставіла шмат пытанняў пра тое, наколькі глыбокія сувязі з Масквой у аўстрыйскіх чыноўнікаў і сілавікоў, піша The Washington Post.
«Polizei!» — раўкнулі афіцэры, якія ўварваліся ў кватэру на трэцім паверсе ў аўстрыйскай сталіцы, каб перахапіць хударлявага мужчыну, які стаяў ля кухоннага кутка. Паводле справаздачы аўстрыйскай паліцыі, падазраваны, вопытны супрацоўнік аўстрыйскіх спецслужбаў, кінуўся да свайго мабільнага тэлефона і паспрабаваў разбіць яго.
Даныя са смартфона, атрыманыя ў выніку леташняга рэйду, а таксама ноўтбук, флэшкі і цэлы стос дакументаў, цяпер вырашальныя ў гэтай гучнай справе.
Эгіста Отт кіраваў агентамі пад прыкрыццём ў аўстрыйскай службе ўнутранай бяспекі, а таксама служыў у Турцыі і Італіі ў якасці афіцэра разведкі, і яго падазраюць у продажы дзяржаўных сакрэтаў Расіі, а таксама ў прадастаўленні інфармацыі аб меркаваных ворагах Крамля на Захадзе, як сцвярджаюць еўрапейскія чыноўнікі службы бяспекі і паказваюць следчыя дакументы.
Справа Отта, якая ўсё яшчэ расследуецца, па словах прадстаўнікоў службаў бяспекі, з'яўляецца адной з многіх унутраных праблем, якія спрыялі роспуску ў мінулым годзе аўстрыйскай унутранай разведкі і прымусілі іншыя еўрапейскія агенцтвы скараціць свае сувязі з Венай або выключыць яе з абмену разведдадзенымі па некаторых пытаннях, звязаных з Расіяй.
60-гадовы Отт стаў сімвалам глыбокага пранікнення Расіі ў Аўстрыю ў палітыцы і прамысловасці, а таксама ў сферы разведкі. Уварванне Расіі ва Украіну паскорыла разгляд рызык для краін, якія трапляюць пад уплыў Масквы. Цягам слуханняў за зачыненымі дзвярыма аўстрыйскія заканадаўцы вывучаюць ўмяшанне Расіі ў дзейнасць разведвальных службаў і кантракты, якія аўстрыйскі напаўдзяржаўны газавы гігант OMV заключыў з Расіяй. Заканадаўцы таксама вывучаюць дзелавыя сувязі высокапастаўленых аўстрыйскіх палітычных дзеячаў і партый з Крамлём і расійскімі дзяржаўнымі кампаніямі.
«Расійскі ўплыў у Аўстрыі павінен быць старанна расследаваны, — сказала член апазіцыйнага парламента Стэфані Крыспер. — На працягу многіх гадоў сувязі з Масквой пранізвалі нашу палітычную сістэму. Цяпер эканамічная і палітычная залежнасць ад Расіі нарэшце стала відавочнай пагрозай бяспекі».
Афіцыйныя прадстаўнікі еўрапейскіх спецслужбаў і дакументы расследавання сведчаць аб тым, што Отт разам з іншымі супрацоўнікамі аўстрыйскай разведкі распрацоўваў план рэарганізацыі службы бяспекі ў новы дэпартамент у складзе Міністэрства замежных спраў.
У той час Міністэрства замежных спраў узначальвала Карын Кнайсль, дыпламат і акадэмік, якую прывяла ва ўрад ультраправая Партыя свабоды. Будучы партнёрам ва ўрадавай кааліцыі з 2017 па 2019 год, Партыя свабоды ўстанавіла асабліва цёплыя сувязі з Крамлём, адправіўшы сваіх членаў у 2017 годзе ў афіцыйную паездку ў анексаваны Расіяй Крым.
Вяселле Кнайсль у 2018 годзе стала самым прыкметным сімвалам таго, што палітычная эліта прыняла Расію. У спісе запрошаных былі прадстаўнікі аўстрыйскай палітыкі, у тым ліку былы канцлер Себасцьян Курц. Аднак галоўным госцем быў прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін. Падчас урачыстасці Кнайсль танцавала вальс з Пуціным і была сфатаграфаваная ў рэверансе перад расійскім лідарам, калі ён цалаваў яе руку.
У следчых дакументах няма ніякіх указанняў на тое, што Кнайсль ведала пра план рэарганізацыі, які не быў рэалізаваны. У тэкставых паведамленнях WhatsApp рэпарцёру Washington Post Кнайсль заявіла, што «не дае інтэрв'ю» і эмігравала з Аўстрыі з-за «пагрозаў смерцю». Яна сказала, што не ведала пра план і «ніколі не чула пра містэра Отта».
У мінулым годзе Отт правёў у турме тры тыдні, але быў вызвалены і адхілены ад працы ў чаканні далейшага расследавання. Ён публічна адхіліў усе абвінавачванні, заявіўшы пра змову супраць яго за тое, што ён быў інфарматарам, які асуджаў празмернасці дэпартамента і запыты «дружалюбных» замежных спецслужбаў, якія, паводле яго слоў, былі «незаконнымі». Ён аспрэчыў афіцыйную версію ператрусу ў яго Венскай кватэры, сцвярджаючы, што паліцыянты не абвясцілі сябе паліцыяй і што ён спачатку супраціўляўся, бо прыняў іх за рабаўнікоў. Сёлета суд падтрымаў ягоную заяву аб тым, што пры арышце была ўжытая празмерная сіла.
«Яны абвінавачваюць мяне ў тым, што я выдаў Расеі дзяржаўныя сакрэты, але я гэтага не рабіў», — сказаў Отт аўстрыйскаму сайту ZackZack. Ён дадаў: «Яны зашмат глядзяць тэлевізар».
Завялікі давер да Масквы
Калі некаторыя краіны Еўропы, асабліва Польшча і краіны Балтыі, разглядалі Расію пры Пуціне як стратэгічную пагрозу, Аўстрыя была сярод тых, хто замест гэтага бачыў у Маскве залатую жылу.
Падзеленая пасля Другой сусветнай вайны на сектары, акупаваныя Саветамі, амерыканцамі, брытанцамі і французамі, Аўстрыя ў сярэдзіне 50-х гадоў была афіцыйна «нейтральнай» краінай. Гэты нейтралітэт, уключаючы прававыя нормы, згодна з якімі шпіянаж лічыўся злачынствам, толькі калі ён быў накіраваны супраць Аўстрыі, ператварыў Вену ў прыстанішча для шпіёнаў, і гэты статус падкрэсліваўся тым, што Аўстрыя прымала ў сябе міжнародныя арганізацыі, уключаючы Міжнароднае агенцтва па атамнай энергіі.
У 2000-х гадах прыход да ўлады Пуціна быў успрыняты ў Аўстрыі прагматычна. Расія ўваходзіць у лік найбуйнейшых замежных інвестараў гэтай краіны. Па стане на канец 2021 года расійскія кампаніі валодалі ў краіне актывамі на суму 25 з паловай мільярда даляраў, уключаючы буйны вузел важнага для Масквы экспарту прыроднага газу ў Еўропу. Аўстрыя стала буйным інвестарам газаправода «Паўночны паток — 2», які павінен быў падвоіць паток расійскага прыроднага газу ў Еўропу, але «Паўночны паток-2» быў згорнуты пасля ўварвання Расіі ва Украіну, нягледзячы на супраціў аўстрыйцаў.
Паміж вышэйшымі чынамі аўстрыйскага ўрада і буйнымі расійскімі дзяржаўнымі кампаніямі дзверы заўжды былі адкрытыя. Праз два гады пасля сыходу з урада Кнайсль, напрыклад, заняла высокую пасаду ў радзе дырэктараў расійскага дзяржаўнага энергетычнага гіганта «Раснафта». Акрамя таго, яна пісала калонкі з меркаваннямі для Russia Today, крамлёўскага прапагандысцкага канала.
Былы канцлер Аўстрыі Крысціян Керн быў членам праўлення ААТ «Расійскія чыгункі». Вольфганг Шюссель, яшчэ адзін былы канцлер Аўстрыі, уваходзіў у савет дырэктараў «Лукойла».
Керн і Шюссель сышлі са сваіх пасадаў пасля ўварвання Расіі ва Украіну 24 лютага. Кнайсль пакінула свой пост у «Раснафты» ў маі.
Некаторыя буйныя аўстрыйскія кампаніі таксама цесна звязаныя з Расіяй, асабліва ў энергетычным сектары. У 2015 годзе OMV, Аўстрыйская энергетычная кампанія, якая часткова належыць ураду і якая з'яўляецца другой па велічыні кампаніяй краіны, наняла новага генеральнага дырэктара, Райнера Зеле, грамадзяніна Германіі. На сваёй папярэдняй пасадзе ў Wintershall Holding, нямецкай кампаніі па здабычы сырой нафты і прыроднага газу, Зеле працаваў з расійскім газавым гігантам «Газпром» і быў вядомым лабістам газаправода «Паўночны паток — 2».
У чэрвені назіральны савет OMV абвясціў пра правядзенне ўнутранага расследавання дзейнасці Зеле, у прыватнасці, аб кантрактах, дзякуючы якім Аўстрыя ўсё больш залежала ад расійскага прыроднага газу, а таксама пра спонсарскую ўгоду на 20 мільёнаў даляраў з пецярбургскім «Зенітам». Зеле, які пакінуў OMV ў мінулым годзе, адмаўляе абвінавачанні.
15 чэрвеня, менш чым праз два тыдні пасля абвяшчэння пра расследаванне, «Газпром» паведаміў кампаніі, што аб'ём газу, які пастаўляецца ў Аўстрыю, будзе скарочаны.
«Азіраючыся назад, мы мусім сказаць, што інвестыцыі, зробленыя ў Расію пасля 2015 года, абапіраліся на занадта вялікі давер да Расіі і ролю Расіі ў міжнароднай супольнасці», — заявіў у чэрвені акцыянерам Марк Гарэт, старшыня назіральнай рады OMV.
Пад падазрэннем
Па звестках супрацоўнікаў службы бяспекі і следчых дакументаў, з 2017 па 2021 год Отт нібыта супрацоўнічаў з былым высокапастаўленым супрацоўнікам аўстрыйскай разведкі Марцінам Вайсам, а таксама 42-гадовым аўстрыйскім бізнэсменам Янам Марсалекам, які знаходзіцца ў вышуку ў Германіі і, як мяркуецца, хаваецца ў Расіі.
Вайс прызнаўся, што перадаваў запыты на пошук зыходнай інфармацыі, уключаючы асабістыя даныя, па імёнах, якія ён павінен быў прадставіць Отту ад імя Марсалека. Запыты ўтрымлівалі да 25 імёнаў адначасова. Да сваіх ўцёкаў Марсалек займаў пасаду галоўнага аперацыйнага дырэктара Wirecard, сакрэтнай фірмы па апрацоўцы фінансавых даных. У 2019 годзе ў газеце Financial Times былі апублікаваныя матэрыялы аб махлярстве і фіктыўных рэзервах кампаніі, якая ў 2020 годзе была абвешчаная банкрутам.
Нямецкія чыноўнікі вывучаюць магчымыя сувязі Марсалека з расійскай разведкай, уключаючы пытанне аб тым, ці выкарыстоўвалася Wirecard для адмывання расійскіх грошай, і ці мог спіс яе кліентаў, у які ўваходзілі людзі, якія выкарыстоўвалі Сакрэтны сэрвіс для аплаты парнаграфіі, са слоў еўрапейскіх чыноўнікаў бяспекі, быць карысным для Масквы.
Адзін з еўрапейскіх чыноўнікаў у пытаннях бяспекі заявіў, што Марсалек, які знік пасля прыватнага пералёту з Аўстрыі ў Беларусь у чэрвені 2020 года, некаторы час жыў у маскоўскім жылым комплексе, кантраляваным адной з расійскіх спецслужбаў. Гэты чыноўнік таксама паведаміў, што Марсалек атрымаў расійскія дакументы на чужое імя.
Адвакаты Вайса і Марсалека не адказалі на запыты пра інтэрв'ю.
Прадстаўнікі службы бяспекі заявілі, што Отт знаходзіўся пад падазрэннем на працягу многіх гадоў да свайго арышту ў мінулым годзе, але аўстрыйскія ўлады так і не змаглі распачаць крымінальную справу. Яшчэ 22 лістапада 2017 года ён быў спынены паліцыяй у Венскім міжнародным аэрапорце, калі прыбыў на пасадку на рэйс у Амстэрдам. За 10 месяцаў да гэтага аўстрыйскія чыноўнікі атрымалі папярэджанне ад ЦРУ, што Отт падазраецца ў продажы інфармацыі рускім. У лістападзе амерыканцы паўтарылі сваё папярэджанне і прыгразілі адмовіцца ад удзелу ў канферэнцыі па бяспецы ў Нідэрландах, калі Отту будзе дазволена прысутнічаць на ёй, па словах еўрапейскіх чыноўнікаў па бяспецы.
Пра амерыканскія папярэджанні ўпершыню паведаміла аўстрыйская газета Die Presse. ЦРУ адмовілася ад каментароў.
Ультыматум ЦРУ змусіў аўстрыйцаў атрымаць ордар на ператрус вялізнага дома Отта, які месціцца на ізумрудных пагорках аўстрыйскага поўдня, на падставе «падазрэнняў у выдачы дзяржаўнай таямніцы».
Аднак, па словах аўстрыйскіх чыноўнікаў, падчас ператрусу не ўдалося выявіць ключавых доказаў. Тым не менш, разведвальнае ўпраўленне паспрабавала адхіліць яго ад працы да правядзення далейшага расследавання, але адміністрацыйны суд па справах дзяржаўных служачых заблакаваў гэтае рашэнне. Пасля гэтага аўстрыйскія ўлады перавялі Отта на працу ў паліцэйскую акадэмію, дзе ён, як меркавалася, больш не павінен быў мець доступу да базаў звестак заходняй разведкі.
Але афіцыйныя асобы лічаць, што Отт выкарыстаў сваю новую пасаду, каб падключыцца да сеткі разведвальных кантактаў ўнутры Аўстрыі і за яе межамі. Кажучы калегам з іншых ведамстваў, што ён займаецца службовымі справамі ў межах сваёй новай працы, Отт выканаў сотні незаконных пошукаў у абароненых базах даных для атрымання інфармацыі пра людзей па ўсім кантыненце, згодна з дакументамі расследавання.
У адным выпадку, па словах еўрапейскіх чыноўнікаў, Отт нібыта запытваў у брытанскай разведкі інфармацыю, якая магла быць выкарыстана для вызначэння таго, ці знаходзіцца жанчына, раней абвінавачаная ў тым, што яна была расійскай шпіёнкай, у поле зроку заходніх спецслужбаў.
Сярод запытаў, якія вылучаліся, быў адзін, які ён нібыта правёў у снежні 2020 года ў дачыненні да Хрыста Грозева з Bellingcat, гаворыцца ў дакументах. Рэпартажы гэтай арганізацыі раскрылі сапраўдную асобу Вадзіма Красікава, грамадзяніна Расіі, які быў асуджаны летась за забойства чачэнскага апазіцыянера ў Берліне ў 2019 годзе пасля таго, як Красікаў заехаў у Германію па падробленым пашпарце. Нямецкія ўлады заявілі, што Красікаў дзейнічаў па даручэнні ФСБ.
На пытанне The Post, ці вядома яму пра ператрусы ў Отта, у тым ліку па яго хатнім адрасе, Грозеў адказаў, што быў праінфармаваны ўладамі і прыйшоў да высновы, што іх правялі на замову Расіі. «Гэта можа быць проста запалохванне, можа быць проста сачэнне за мной, хвост за мной або падрыхтоўка майго забойства», — сказаў ён.
Акрамя таго, на тэлефоне Отта быў знойдзены аналіз на трох старонках, у якім, як аказалася, ацэньваліся недахопы расійскай аперацыі па забойстве Зелімхана Хангашвілі ў Берліне і прапаноўваліся рэкамендацыі пра тое, як расійская разведка магла б працаваць лепш у будучыні. У аналізе, які, на думку заходніх чыноўнікаў, быў напісаны Оттам, даводзілася, што «крот» або перабежчык мог даць інфармацыю, якая разбурыла ўсе планы, як Красікаву не ўдалося схавацца.
«Неадкладна спыніце ўсе запланаваныя аперацыі, пакуль «крот» або перабежчык не будзе ліквідаваны», — папярэджваў дакумент.
Што будзе далей па справе Отта, пакуль незразумела. Цяперашнія і былыя супрацоўнікі службаў бяспекі за межамі Аўстрыі скептычна ставяцца да таго, што расследаванні будуць дастаткова глыбокімі.
«Гэта рэчы, якія аўстрыйскі ўрад павінен паставіць пад сумнеў і дакапацца да сутнасці, але я асабіста не ведаю, ці пойдуць аўстрыйцы так далёка», — сказала Соня Сонгх'е Лім, былы начальнік аддзялення ЦРУ ў Еўропе, — Іх стаўленне на працягу дзесяцігоддзяў, пачынаючы з 40-х і 50-х гадоў, заўсёды было такім: яны не любяць адкрываць нязручную праўду».
Каментары