Спорт1919

Кінула працу на рудніку і стала чэмпіёнкай Беларусі па бодзібілдынгу

Валянціна Каратчэня — двухразовая абсалютная чэмпіёнка Беларусі па бодзібілдынгу. У гэты спорт яна прыйшла ў 2019 годзе. Выступае ў катэгорыі спаборніцкага бодзібілдынгу «фітнес-бікіні», дзе асабліва важная прапарцыйнасць і гарманічнасць ліній цела, падцягнутасць і прывабная знешнасць, пішуць «Мінск-Навіны».

Фота з асабістага архіва суразмоўцы

Стала апошняй, а ў наступным годзе — абсалютнай чэмпіёнкай Беларусі

— Вырашыла паспрабаваць сябе ў гэтым спорце пасля таго, як не атрымалася з-за траўмы цалкам рэалізаваць сябе ў лёгкай атлетыцы. Ёй я займалася ў школьныя гады, — тлумачыць Валянціна. — Пачала рыхтавацца да спаборніцтваў вясной 2019 года, і ўжо восенню таго ж года выйшла на сцэну. Асноўным стартам быў Кубак Рэспублікі Беларусь, на якім я, на жаль, не змагла паказаць вынік. У адным з выхадаў нават стала апошняй у катэгорыі, што дало мне вялізны зарад матывацыі для падрыхтоўкі да спаборніцтваў у наступным годзе.

Самым складаным для дзяўчыны аказалася знайсці трэнера, які мае дакладнае ўяўленне пра катэгорыю, у якой вырашыла яна выступаць.

— Гэтае разуменне не павінна складацца толькі з таго, што трэнер бачыў унутры краіны або ў сацыяльных сетках. Калі ты маеш вялікае жаданне выступаць і перамагаць, то твой трэнер і ты павінны раўняцца на выступы спартовак на міжнародных турнірах. Гэта тычыцца пазіравання, выбару купальніка і прынцыпу пабудовы трэніровачнага працэсу. Менавіта з гэтай прычыны я змяніла трэнера пасля першага спаборніцкага сезона.

Вядома, былі і бытавыя складанасці накшталт пастаянных трэніровак і вытрымлівання дыеты. Але гэта абавязковая ўмова для спартоўца — толькі так атрымаецца паказаць на спаборніцтвах форму, якая максімальна адпавядае ўсім крытэрыям.

— Пасля няўдалага выступу ў 2019 годзе маім трэнерам стаў Аўсейка Антон Антонавіч. У мінулым ён спартовец, на той момант з'яўляўся суддзёй Беларускай федэрацыі бодзібілдынгу і фітнесу, рыхтаваў атлетаў у маю катэгорыю і браў веды і досвед менавіта з міжнародных стартаў. За год працы над сабой прыйшлося памяняць усё ў маім трэніровачным працэсе і пазіраванні. І, выйшаўшы наступным разам на сцэну роўна праз год на чэмпіянаце РБ у 2020 годзе, я спачатку стала чэмпіёнкай краіны, а затым перамагла ў абсалютным першынстве, стаўшы абсалютнай чэмпіёнкай Беларусі.

У сезоне ў спартсменкі заставалася яшчэ 2 міжнародныя турніры — у Рызе і Празе, на якіх яна стала 3-й і 2-й адпаведна. Вынік для чалавека ў першым усвядомленым спаборніцкім сезоне ўражвае.

— Далей выхад у 2021 годзе на наступным чэмпіянаце РБ, і я зноў стала абсалютнай чэмпіёнкай краіны. Затым трапіла ў фінал чэмпіянату Еўропы па бодзібілдынгу, з якога мне ўдалося прывезці на радзіму цудоўны кубак, — кажа дзяўчына.

Праз месяц яна стала яшчэ і чэмпіёнкай Латвіі, а па завяршэнні спаборніцкага сезона — абсалютнай чэмпіёнкай міжнароднага турніру IFBB Georgia Grand Prix 2021. Гэта прынесла ў скарбонку ўзнагарод беларускі яшчэ і самае важнае, чаго спрабуе дасягнуць кожны ў бодзібілдынгу — карту прафесіянала.

Паездка на адзін турнір абыходзіцца ад 1000 да 2000 еўра

Бодзібілдынг — досыць дарагі від спорту, які ў нас у краіне не фінансуецца.

— Выдаткі вялікія: пачынаючы з харчавання і заканчваючы стартавымі ўзносамі на турнір. Цяпер у Беларусі бодзібілдынг ніяк не фінансуецца з боку дзяржавы, а спаборніцтвы арганізоўваюць энтузіясты, з якіх складаецца Федэрацыя бодзібілдынгу. Усе міжнародныя старты спартоўцы аплачваюць самастойна, і гэтыя выдаткі даволі вялікія. Гэта і кошт авіяпералётаў, і пражыванне ў краіне правядзення турніру, і стартавыя ўзносы, і аплата грыму, і пакупка купальнікаў. У сярэднім паездка на адзін турнір абыходзіцца ад 1000 да 2000 еўра», — распавядае дзяўчына. Аматарскія спаборніцтвы — гэта ў большасці сваёй толькі ўкладанні. Ніякія грашовыя прызы там не прадугледжаныя.

Але ёсць шэраг турніраў, у якіх спартсмены за перамогу і прызавыя месцы атрымліваюць грашовыя ўзнагароды. У прафесійнай лізе грашовыя прызы — гэта норма, і пяцёрка фіналістаў кожнай катэгорыі заўсёды атрымлівае гарантаваную суму. Пры гэтым удзел у прафесійных турнірах не патрабуе аплаты стартавага ўзносу. У прафесіяналаў ёсць толькі штогадовы невялікі членскі ўзнос. Так што можна з упэўненасцю казаць пра магчымасць паўнавартаснага заробку ў паспяховых прафесійных атлетаў.

Бо самую прэстыжную ўзнагароду для бодзібілдара, пра-карту, дзяўчына ўжо атрымала, для яе такія спаборніцтвы — яшчэ і нядрэнны спосаб зарабіць. Тым не менш ёсць яшчэ няскораныя вяршыні.

— Хачу стаць чэмпіёнкай свету. Гэта самая крутая ўзнагарода для бодзібілдара, —дзеліцца Каратчэня.

Ахвяравала працай на рудніку на карысць спорту

Пачынаючы свой шлях у спорце, дзяўчына не баялася, што падрыхтоўку да спаборніцтваў трэба было сумяшчаць з зусім няпростай працай — яна была майстрам драбнення на рудніку «Беларуськалія».

— Графік быў два праз два: 12 гадзін працы ў дзённую змену, а на наступны дзень — начная. Пасля — «адсыпны» і выхадны. Пасля змены з 8 раніцы да 20 вечара ішла на трэніроўку, перад начной таксама хадзіла ў залу, — успамінае дзяўчына. — Каля года таму сышла з рудніка, таму што гэта вельмі складаная фізічная праца і яна перастала дазваляць мне паўнавартасна рыхтавацца да спаборніцтваў. Усё разам адбірала шмат сіл. Таму прыйшлося зрабіць выбар, пра які я не шкадую. Цяпер працую трэнерам і дапамагаю дзяўчынкам схуднець, прыйсці ў форму.

Сама дзяўчына трэніруецца ў зале амаль кожны дзень: 4 сілавыя трэніроўкі на тыдзень у міжсезонне, 6 — у перыяд «сушкі». За цяжкімі вагамі не гоніцца — у яе катэгорыі гэта зусім не важна.

— Падчас падрыхтоўкі імкнуся мінімізаваць спажыванне харчовага смецця. Чым чысцей будзе харчаванне, тым лепш будзе вынік.

Ёсць меркаванне, што ідэальнае цела фітнес-бікіні нярэдка каштуе праблем са здароўем з-за сур'ёзных фізічных нагрузак і абмежаванняў у харчаванні.

— Нельга сказаць, што няма ніякіх мінусаў пры падрыхтоўцы да спаборніцтваў у нашай катэгорыі. Але іх можна мінімізаваць ці цалкам выключыць пры правільным падыходзе да трэніровак і харчавання. Таксама вялікае значэнне мае ўзроставы фактар: кожная спартсменка павінна разумна ацэньваць свае сілы і магчымасці, — упэўненая дзяўчына.

Як такіх узроставых абмежаванняў у фітнес-бікіні няма — дэманстраваць ідэальнае цела на спаборніцтвах можна ў любым узросце. Галоўнае, падкрэслівае Валянціна, жаданне і здароўе. Сама дзяўчына пра сыход са спорту пакуль не задумваецца.

— Маё асяроддзе падтрымлівае маё жаданне займацца менавіта гэтым спортам. Бо калі чалавек на жыва бачыць вынік на сцэне, ён разумее, што гэта далёка не тое, што склалася ў народным стэрэатыпе пра жаночы бодзібілдынг. Няма ніякай празмернай гіпертрафіі мышцаў, мужчынскіх твараў у адносна жаночых целах ці ўсяго таго, чым недасведчаныя страшаць будучых спартовак. Наадварот, мая катэгорыя добрая тым, што ў ёй не вітаецца мышачная гіпертрафія, а ацэньваецца праца над фармаваннем правільных, натуральных і, найважнейшае, жаноцкіх прапорцый цела. Самае галоўнае — тое, што нярэдка я станаўлюся матыватарам для людзей, якія назіраюць за мной, — перакананая спартсменка.

Каментары19

  • Хэлс болз
    04.08.2022
    Вельмі прыгожая дзяўчына. Была.
  • Хэлс болз
    04.08.2022
    Прыгожая дзяўчына. Была
  • ПЭМ
    04.08.2022
    што скажа Макс Дизайнер?

Стала вядома пра затрыманне 77-гадовага Васіля Густыра, аднаго з найлепшых аграрыяў Беларусі8

Стала вядома пра затрыманне 77-гадовага Васіля Густыра, аднаго з найлепшых аграрыяў Беларусі

Усе навіны →
Усе навіны

У цэнтры Мінска таксіст пратараніў некалькі машын ВІДЭА1

У Мінску каля Камароўкі заўважылі цэлую зграю свойскіх пацукоў. На рынку кажуць, што гэта не іхнія ВІДЭА

«На што павінна пайсці Расія? Пажадана на тры літары». На сустрэчы з Шольцам Зяленскі не быў дыпламатычным31

«Мы з вамі не па чутках ведаем, што такое культура ў нашай краіне». Што гаварылася на прадстаўленні новага міністра культуры15

Канал «Россия» расказаў, як сямейная пара расейцаў з тату на твары пакутуе ў Польшчы. А гэта беларусы, і ў іх усё добра13

«Змагацца за сваё жыццё кожны чортаў дзень». Амерыканскі рэпер вагой 220 кг выйшаў на сцэну з кіслародным балонам ФОТЫ2

Галоўчанка растлумачыў, чаму 3 студзеня не зрабілі выхадным днём

«У Грузіі няма зацэментаванай аўтарытарнай дзяржавы з жорсткай вертыкаллю». Беларус расказаў, у чым спецыфіка грузінскіх пратэстаў

Былы генсак НАТА заклікаў Украіну адмовіцца ад тэрыторый дзеля міру13

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стала вядома пра затрыманне 77-гадовага Васіля Густыра, аднаго з найлепшых аграрыяў Беларусі8

Стала вядома пра затрыманне 77-гадовага Васіля Густыра, аднаго з найлепшых аграрыяў Беларусі

Галоўнае
Усе навіны →