Кіраўнік Луганскай вобласці: Севераданецк пад пастаяннымі абстрэламі, але не акружаны
Горад Севераданецк на Луганшчыне, які пасля захопу расіяй Луганска ў 2014 годзе стаў адміністрацыйным цэнтрам Луганскай вобласці, знаходзіцца пад пастаяннымі абстрэламі, але ён не акружаны, расіяне толькі на ўскраіне горада. Пра гэта сёння заявіў кіраўнік Луганскай ваеннай абласной адміністрацыі Сяргей Гайдай.
«Горад Севераданецк расійская армія, на жаль, знішчае цалкам. Яны абстрэльваюць кругласутачна горад… Сёння рашысцкія СМІ распаўсюджваюць інфармацыю аб тым, што горад цалкам адрэзаны, ён цалкам у акружэнні, але гэта не адпавядае рэчаіснасці. Не адрэзаны горад і ён не ў акружэнні», — сказаў кіраўнік вобласці.
Гайдай адзначыў, што баі працягваюцца, і пэўныя часці расійскага войска зайшлі на ўскраіну горада, у гатэль «Мір».
«Яны кантралююць гэты гатэль, гэтую тэрыторыю і побач аўтавакзал. Але далей прасунуцца не могуць… Магу сказаць, што да гэтага часу працягваюцца жорсткія баі на ўскраіне, там яны ёсць», — сказаў Гайдай.
Ён не згодны з ацэнкай, што руская армія можа цалкам захапіць Луганскую вобласць за некалькі дзён.
«Не, хутчэй за ўсё, не возьмуць. Таму што дастаткова сілаў і сродкаў для таго, каб трымаць абарону», — сказаў кіраўнік Луганскай АВА.
Але ў той жа час не выключыў, што з горада давядзецца адысці з тактычных меркаванняў.
Учора Гайдай казаў, што ўжо захопленыя ворагам 95% тэрыторыі Луганшчыны.
Каментары