У Беларусі ўнеслі змены ў Правілы дарожнага руху. Што мяняецца?
Аляксандр Лукашэнка 18 красавіка падпісаў указ № 145 «Аб удасканаленні арганізацыі дарожнага руху». Што ў ПДР новага, растлумачыла Zerkalo.io.
Электрасамакаты — на роварныя дарожкі
Адна з навін тычыцца электрасамакатаў, гіраскутараў, монаколаў, сігвеяў і іншых прылад. Для іх уведзена абагуленае паняцце «сродак персанальнай мабільнасці» і вызначаны парадак выкарыстання.
Перасоўвацца на такіх прыладах неабходна будзе па роварнай дарожцы, а пры яе адсутнасці — па тратуары, пешаходнай дарожцы альбо ўзбочыне са скорасцю не вышэй за 25 км/г, не ствараючы перашкоды для руху пешаходаў.
Вызначаецца ўзроставае абмежаванне на выкарыстанне сродкаў персанальнай мабільнасці — з 14 гадоў. Але яно не будзе дзейнічаць у жылых і пешаходных зонах.
Хуткасныя ліміты
Указ аптымізуе хуткасныя ліміты ў дачыненні да транспартных сродкаў. Так, замацоўваецца магчымасць перамяшчэння па-за населенымі пунктамі на аўтамагістралях і дарогах для аўтамабіляў, матацыклаў, легкавых аўтамабіляў, грузавых аўтамабіляў масай не больш за 3,5 т з хуткасцю не больш за 120 км/г, а для аўтобусаў — не вышэй за 100 км/г.
Адначасова ўводзіцца новы дарожны знак «Зона з абмежаваннем максімальнай хуткасці руху». Пры яго наяўнасці хуткасць руху транспартных сродкаў па пэўных тэрыторыях, напрыклад у зоне шчыльнай жылой забудовы, абмяжоўваецца 30 км/г.
Перавага ў руху і забарона на перавозку п'яных на матацыкле
Удакладняецца парадак надання перавагі ў руху. Яна будзе лічыцца нададзенай, калі адлегласць паміж транспартным сродкам і надыходзячым пешаходам склала не менш за дзве паласы руху (пры іх наяўнасці).
Акрамя таго, забараняецца перавозіць пасажыраў, якія заведама знаходзяцца ў стане алкагольнага ап'янення, на матацыкле (акрамя бакавога прычэпа да яго) і мапедзе. Пры гэтым дадзеныя асобы па патрабаванні супрацоўнікаў ДАІ будуць абавязаныя прайсці агляд.
Бліжняе святло фараў
Таксама вызначаецца абавязак кіроўцаў у перыяд з 25 мая па 5 чэрвеня і з 25 жніўня па 5 верасня пры знаходжанні на дарогах у светлы час сутак уключаць бліжняе святло фараў. Такім чынам, у Правілах дарожнага руху замацоўваюцца акцыі, якія штогод праводзяцца ДАІ, прымеркаваныя да пачатку і заканчэння навучальнага года.
Змены для веласіпедыстаў
Удасканальваецца парадак удзелу раварыстаў у дарожным руху. Замацоўваецца абавязак іх руху па-за населенымі пунктамі ў цёмны час сутак у вопратцы са святлоадбіўнымі элементамі. Выключэнне будуць складаць выпадкі руху па роварнай дарожцы.
Перасякаць праезную частку раварыст будзе абавязаны па роварным пераездзе ці роварнай дарожцы, а пры іх адсутнасці — па пешаходным пераходзе, на скрыжаванні па лініі тратуараў або ўзбочын, не ствараючы перашкод для руху пешаходаў. Пры гэтым веласіпедыст будзе мець права не спешвацца.
Прадугледжаныя змены ўступаюць у дзеянне праз шэсць месяцаў пасля афіцыйнага апублікавання.
Каментары