Каментуючы сёння чуткі аб магчымым удзеле беларускай арміі ў вайне ва Украіне, Лукашэнка заявіў, што Беларусь не будзе ваяваць на ўкраінскай тэрыторыі. Пры гэтым ён заўважыў, што не першы раз кажа пра гэта, і спадзяецца, што ў апошні.
«Ведаеце, мне часам нават даволі крыўдна, што я са дня ў дзень пачынаю паўтараць і пераконваць: ды не, мы вось такія, мы пухнатыя, і далей будзем белымі і пухнатымі, ды не, мы нікуды не пойдзем, мы будзем абараняць нашу зямлю», — сказаў ён.
«Вы ведаеце, калі вы мяне не чуеце, то вам трэба абіраць новага прэзідэнта», — звярнуўся ён нечакана да прысутных у зале.
Пакуль сапраўды няма ніякіх доказаў удзелу беларускай арміі ў вайне ва Украіне. Але Лукашэнка публічна абяцаў, што з тэрыторыі Беларусі не будзе здзейснены напад на Украіну. Аднак расійская армія напала на Украіну з нашай тэрыторыі, з Беларусі пускаюць ракеты ў бок суседняй краіны.
Пры гэтым агрэсія з тэрыторыі Беларусі забароненая як сённяшняй, так і новай рэдакцыяй Канстытуцыі.
Каментары