Усяго патроху

«Дзіця пачало тузаць за футра са словамі: «Трэба ў разетку ўключыць!» Дзяды Марозы і Снягуркі расказваюць пра сваю працу

Навагоднія і калядныя святы — час зімовай казкі і цудаў, якія не абыходзяцца без галоўных чараўнікоў — Дзеда Мароза і Снягуркі. Але гэтыя казачныя героі таксама людзі, якія сустракаюць бой курантаў на працы і нават забываюцца на бараду на ранішніках у дзіцячых садах. Чараўнікі і чараўніцы расказалі «Нашай Ніве» пра свой адпачынак, а таксама пра смешныя выпадкі, што з імі здараліся.

«Аднойчы пасля нашага прыходу сямігадовае дзіця сказала маці: «Нейкі занадта сапраўдны Дзед Мароз»

Дзеду Марозу Уладзіміру 49 гадоў, яго дачцэ Снягурцы Аляксандры — 24. Уладзімір прыйшоў у аматарскі тэатр, калі яму яшчэ не было 18 гадоў, і з таго часу пачаў выступаць Дзедам Марозам. Такім чынам, стаж працы ўжо 30 гадоў.

«Мы з дачкой прафесійныя акцёры, вучыліся на акцёраў і працуем па спецыяльнасці, — кажа Дзед Мароз Уладзімір. — Спачатку выступаў у палацах культуры на нейкіх вечарынках. А потым пачаў выступаць на гарадскіх мерапрыемствах і так павялося і надалей».

Па словах Снягуркі Аляксандры, яна працаваць з бацькам не планавала. Трапіла выпадкова.

«Мяне ён стаў браць вымушана, калі можна так сказаць, — дзеліцца дзяўчына. — У мінулым годзе майго бацьку звольнілі з працы па палітычных матывах. Знайсці новую было вельмі складана. І я вырашыла тату дапамагчы. Напісала пост у сацсетках, у якім сказала, што мой бацька будзе рады напярэдадні Новага года прыйсці да вас на свята ў вобразе Дзеда Мароза.

Нечакана на пост адгукнулася адна з блогераў, размясціла маё паведамленне ў сябе. І паляцела вялізная колькасць заказаў. Тата жыве ў Гомлі, а я ў Мінску. Пасля такога водгуку бацька прыехаў у Мінск працаваць. Але паставіў мне ўмову: раз гэтую кашу заварыла, то павінна працаваць з ім. Я пагадзілася! Паспрабавала сябе ў ролі Снягуркі. Хаця, як мне тата нагадаў, першае маё выступленне ў вобразе было ў дзіцячым садку».

Салідарныя беларусы з кастрычніка мінулага года сталі замаўляць выступленні. Так за пяць дзён ва Уладзіміра назбіралася больш за пяцьдзясят заказаў.

«Мы пачыналі а 10-й раніцы і сканчалі а 10-й вечара, — гаворыць Аляксандра. — Летась людзі пастукаліся да нас у пачатку лістапада. Нам напісала сям’я, якая ў нас замаўляла выступленне яшчэ пазалетась».

Самым незвычайным, запамінальным і атмасферным выступам для Дзеда Мароза сталі сацыяльныя ёлкі для дзяцей з дзіцячых дамоў.

«Гэта такія добрыя ўспаміны, якія ёсць не ў кожнага Дзеда Мароза. Сам пісаў сцэнар для гэтых ёлак, — кажа Уладзімір. — Яшчэ былі ёлкі для мам, якія хацелі вярнуць сваіх дзяцей. Яны ў нас у выступах гралі персанажаў.

Былі і смешныя выпадкі. Адзін раз, калі прыйшоў час запальваць ёлку, мяне раптам за футра пачало тузаць дзіця са словамі: «Трэба ў разетку ўключыць!» Яны вось усё разумеюць, але вераць у казку і цуд.

Канешне, ёсць дзеці, якія не вераць у Дзеда Мароза. А ёсць тыя, што глядзяць і кажуць: «А вось ён у валёнках — значыць сапраўдны». У іх жа ідзе раздваенне асобы, бачаць шмат Дзядоў Марозаў і яны спрабуюць знайсці самага сапраўднага».

Водгукаў Дзеду Марозу Уладзіміру і Снягурцы Аляксандры прыходзіць шмат. У асноўным дзякуюць дзеці.

«Аднойчы пасля нашага прыходу сямігадовае дзіця сказала маці: «Нейкі занадта сапраўдны Дзед Мароз». Для нас гэта было вельмі прыемна. Нам яшчэ важна, каб дарослыя таксама пагрузіліся ў казачную атмасферу. І нам удаецца дастукацца да сэрцаў», — кажа Снягурка.

Уладзімір апошнія дзесяць гадоў працуе 31 снежня, адзначае Новы год — 2 студзеня. А вось Снягурка ў ноч з 31 на 1 студзеня не працуе.

«Мой навагодні марафон пачынаецца 19 снежня і працягваецца да 7 студзеня. У дзень па тры-чатыры казкі здараецца, — расказвае яна. — Але большасць людзей, вядома, жадаюць у нас замовіць выступ на вечар 31 снежня. Самы папулярны запыт.

Але, чым раней сустрэнецеся з Дзедам Марозам і Снягуркай, тым хутчэй у вас з’явіцца навагодні настрой. Многія заказчыкі ўжо пераходзяць на такі фармат. У нас усяго тры праграмы. Кароткая — 10 хвілін, падыходзіць для маленькіх дзяцей. Стандартная — 15-20 хвілін. Ужо ёсць гульня, паўнавартасны карагод, песенька. І ёсць праграма «поўнае пагружэнне» — паўнавартасны інтэрактыў. Прыходзіць спачатку Снягурка, потым клічам Дзеда Мароза, ёсць некалькі гульняў, спяваем песні, ёсць сюрпрыз, загадваем жаданне».

Кошты на выступленне ў Дзеда Мароза Уладзіміра і Снягуркі Аляксандры сярэднія па рынку. Кароткая праграма — ад 50 рублёў, стандартная — 80, вялікая — у залежнасці ад месца знаходжання заказчыка.

«Нам важна, каб людзі маглі падарыць сабе магчымасць запрасіць Дзеда Мароза і Снягурку незалежна ад свайго статусу», — кажа дзяўчына.

«Звычайна знаходзіцца нехта з залі, хто хоча занесці Снягурку куды-небудзь»

Дзеду Марозу Максіму 27 гадоў, Снягурцы Алене таксама. Выступаюць яны ўжо 10 гадоў. Ідэя працаваць Дзедам Марозам і Снягуркай нарадзілася падчас вучобы ў ВНУ, дзе яны вучыліся на акцёраў.

«Вось неяк так і пачалі працаваць Дзедам Марозам і Снягуркай як з дарослымі на карпаратывах, так і з дзецьмі, — гаворыць Алена. — Звычайна Мінск пачынае гуляць з 10 снежня. І тады заказаў шмат. Праўда, летась з-за пандэміі іх было значна менш. У гэтым годзе ўжо прасцей».

31 снежня Дзед Мароз Максім і Снягурка Алена звычайна працуюць. І гэта для іх выдатны спосаб сустрэць Новы год.

«Святкуем з сям’ёй звычайна 1 студзеня. Куранты сустракаем ці на карпаратыве, ці на нейкай адкрытай пляцоўцы. Гэтымі эмоцыямі зараджаемся на цэлы год. Дарэчы, у нас самыя смешныя выпадкі адбываюцца на карпаратывах, успамінае пара. — Звычайна знаходзіцца нехта з залі, хто хоча занесці Снягурачку куды-небудзь.

А таксама быў яшчэ выпадак, калі ў Дзеда Мароза скралі кій і хацелі прымусіць яго шмат разоў адціскацца ці каб Снягурка села на шпагат. Мне вельмі пашанцавала, што ў маім жыцці былі танцы, таму я без праблем села на шпагат. І кій вярнулі. Але ніхто не чакаў, што я гэта зраблю. Мне здаецца, што людзі ў зале нават крыху працверазелі. Гэта адзін з самых яркіх момантаў!»

Арыенціровачна ў Алены і Максіма выступ на карпаратыве каштуе 150 рублёў, выступ для дзяцей — ад 40 рублёў, але 31 снежня кошт падвойваецца.

«Напярэдадні Новага года бывае па некалькі карпаратываў запар, збіваемся з рахунку. Атрымоўваецца, што працуем ад раніцы да раніцы», — кажа Алена.

«Дзед Мароз забыў бараду ў садку, прыехаў на карпаратыў без яе. Выйшаў і сказаў: «Джылет — лепш для мужчыны нет!»

Дзеду Марозу Алегу — 55 гадоў, яго жонцы Снягурцы Алесе — 41. Першы раз Алеся выступіла ў вобразе Снягуркі ў 2003 годзе, калі ёй было 22 гады.

«Мяне запрасілі ў творчы калектыў, прапанавалі ролю Снягуркі. Мне спадабалася і праз год я ўжо была дасведчанай у гэтай справе, — расказвае Алеся. — Мне ў пару тады паставілі Дзеда Мароза Алега. Так мы пазнаёміліся. Потым так здарылася, што я на год з’ехала ў ЗША, тамака расталася са сваім папярэднім мужам, і, калі я вярнулася, з Алегам у нас закруціўся раман.

Пакуль я была ў дэкрэтным адпачынку, у Алега разладзіўся свой бізнэс. І пасля гэтага мы вырашылі прафесійна займацца святамі. Працуем не толькі Дзедам Марозам і Снягуркай, у нас сваё святочнае агенцтва. Фактычна гэта такая справа для душы».

Алеся працавала Снягуркай прыкладна да 30 гадоў, а потым сышла і пачала пісаць казкі для спектакляў.

«У маім разуменні ў творчым вобразе Снягуркі ёсць пэўны ўзрост. І ты гэта не схаваеш пад грымам. Падрасла наша старэйшая дачка, яна зараз асвойвае гэтую ролю. А Алег працуе ўжо сямнаццаць гадоў Дзедам Марозам. З вопытам», — кажа Алеся.

Смешных выпадкаў у святочным агенцтве ў Алесі было шмат. Напрыклад, аднойчы адзін з Дзядоў Марозаў вырашыў накарміць у дзіцячым садку дзяцей лімонамі.

«У нас быў праект «Школа Дзядоў Марозаў і Снягурак». Адзін раз такі Дзед Мароз-навічок вырашыў правесці конкурс «Хто хутчэй з’есць лімон» сярод дзяцей. У яго ў мяшку ляжалі лімоны, і ён вырашыў іх даць дзецям, — успамінае Алеся. — А яшчэ адзін раз Дзед Мароз забыў ў садку бараду, прыехаў на карпаратыў без яе. Выйшаў і сказаў: «Джылет — лепш для мужчыны нет!» Публіка пазітыўна ўсё ўспрыняла».

У мінулым годзе Алеся і Алег адкрылі новы праект — «Домік Дзеда Мароза», дзе Дзед Мароз стаў прымаць сем’і з дзецьмі індывідуальна.

«Гэта не рэзідэнцыя, а канкрэтныя індывідуальныя сустрэчы сям’і з Дзедам Марозам.

Сёлета на адкрыццё гэтага доміка да нас запісалася восем дарослых жанчын без дзяцей. Я вельмі здзівілася. Аказалася, што летась адна з іх напісала ліст Дзеду Марозу і намарыла там нешта неймавернае. І ў яе за год абсалютна ўсё збылося!» — расказвае жанчына.

Падарункі, па словах Алесі, Дзед Мароз дорыць самыя розныя і незвычайныя. Але самым запамінальным за ўвесь гэты час стаў заручальны пярсцёнак.

«Летась была замова на Дзеда Мароза, які павінен быў прыйсці апоўначы і зрабіць прапанову дзяўчыне. Гэта быў самы незвычайны падарунак!», — кажа Алеся.

Заказы на Дзеда Мароза, па словах жанчыны, у іх пачынаюцца ў пачатку снежня і доўжацца да 7 студзеня.

«Да пандэміі за снежань мы маглі паказаць каля 100 казак, у мінулым годзе ўсяго 4. І ў гэтым годзе таксама. Яшчэ прыдумалі рабіць віншаванне анлайн ад Дзеда Мароза і прыйшла ідэя з домам Дзеда Мароза. Антыкавідны такі варыянт, — гаворыць Алеся. — Большасць людзей хочуць замовіць выступ Дзеда Мароза і Снягуркі 31 снежня, але Дзед Мароз не гумовы і браць усе заказы на гэты дзень не атрымліваецца.

Дзед Мароз Алег бывае ўжо поўнасцю распісаны па часе ў канцы кастрычніка. Некаторыя заказчыкі замаўляюць адразу пасля выступу на наступны год.

Самы насычаны час у нас з 20 снежня да 7 студзеня. 31 снежня мы працуем заўсёды. Калі я з’ехала ў ЗША, гэта быў адзіны раз, калі не працавала Снягуркай. Памятаю, што мне гэтага вельмі не хапала. Успамінала той драйв. Усё ж людзі больш шчаслівыя, калі даюць, а не калі бяруць.

А ў сямейным коле мы сядзім звычайна 1 студзеня. Мне зусім не сумна, што мы працуем 31 снежня, а наадварот. Сканчаем каля трох гадзін ночы і едзем дадому шчаслівыя».

Кошты на выступ у Дзеда Мароза Алега і Снягуркі вышэй за сярэднія. Алеся лічыць, што яны адпавядаюць якасці і прафесіяналізму акцёраў.

«Тут важна ўсё: і досвед, і голас, і касцюм, і нават барада. Цяпер пайшла нейкая тэндэнцыя з разраду Дзед Мароз выходзіць на выступ у футры і ў джынсах. Я прасоўваю ідэю ўсё ж класічнага Дзеда Мароза, — лічыць жанчына. — Для выступаў у рэстаране ў нас ёсць розныя прышпільныя вобразы, але з дзецьмі ў нас заўсёды класічны. Барада ў нас з воласа яка, і яна выглядае зусім інакш — па-сапраўднаму. Пад футра наш Дзед Мароз апранае белы спартовы касцюм. Усё прадумана».

Чытайце таксама: Дарэвалюцыйны, савецкі, нестандартны і незвычайны «Аліўе». Праверце, ці ёсць у спісе ваш хатні рэцэпт

Каментары

«На што павінна пайсці Расія? Пажадана на тры літары». На сустрэчы з Шольцам Зяленскі не быў дыпламатычным24

«На што павінна пайсці Расія? Пажадана на тры літары». На сустрэчы з Шольцам Зяленскі не быў дыпламатычным

Усе навіны →
Усе навіны

Беларуса, якога затрымалі на пратэстах у Грузіі, вызвалілі з СІЗА2

Оксфардскі слоўнік назваў словам года «засмечванне мозгу»

Галоўчанка патлумачыў, чаму падае беларускі рубель13

Трагічная сутычка на футбольным матчы ў Гвінеі забрала жыцці каля 100 чалавек

Светлавы аб'ект у выглядзе НЛА з'явіцца ў Мінску да навагодніх святаў

Паліцыя зноў разагнала акцыю ў цэнтры Тбілісі1

Бельгія стала першай краінай у свеце, якая прыраўняла работніц сэкс-індустрыі да звычайных працоўных

Джо Байдэн памілаваў свайго сына28

На тэрыторыі Польшчы пашкоджаны нафтаправод «Дружба»2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«На што павінна пайсці Расія? Пажадана на тры літары». На сустрэчы з Шольцам Зяленскі не быў дыпламатычным24

«На што павінна пайсці Расія? Пажадана на тры літары». На сустрэчы з Шольцам Зяленскі не быў дыпламатычным

Галоўнае
Усе навіны →