Грамадства

«Журналістыкі ў Беларусі больш не існуе». Як жыве Кацярына Барысевіч праз год пасля затрымання, суда і кратаў

Год таму, 19 лістапада 2020 года, затрымалі журналістку Тутбай Кацярыну Барысевіч — за артыкул пра тое, што Раман Бандарэнка ў ноч смерці быў цвярозым. Пасля быў закрыты суд, вырак у 6 месяцаў калоніі, доўгачаканае вызваленне. Сёння Тутбай разгромлены, юрасоба «Тутбаймедыя» і прызнаны экстрэмісцкім, кіраўніцтва партала за кратамі, частка супрацоўнікаў эмігравала, частка засталася без працы. Сама Кацярына таксама пакуль нідзе не працуе — але збіраецца вяртацца ў журналістыку. Навошта ёй гэта? Чаму яна застаецца ў Беларусі? І як жыве пасля ўсяго, праз што давялося прайсці? 

«Наша Ніва»: Нядаўна ты апублікавала пост у фэйсбуку, што шукаеш працу. Як поспехі? Ці ёсць прапановы?

Кацярына Барысевіч: Ведаеш, мяне беларусы вельмі здзівілі за апошні год, і ў гэты раз таксама, бо ўсе хочуць дапамагчы. Таму прапановы паступаюць розныя: і прадаваць сельскагаспадарчую тэхніку ці корм, і праца ў сферы турызму ці рэстаранным бізнэсе, і ў рэкламе… Усё гэта вельмі прыемна, канечне, але ж не зусім мая спецыялізацыя. З іншага боку, я разумею, што журналістыкі ў Беларусі больш не засталося, і, напэўна, прыйдзецца мяняць сферу дзейнасці.

Пакуль я вырашыла для сябе так: месяц проста пагляджу на прапановы і пасля буду рабіць нейкія высновы і штосьці выбіраць, бо зразумела, што працаваць усё ж трэба.

«НН»: А з медыя не было прапаноў?

КБ: Былі, нават і з дзяржаўных выданняў. 

«НН»: Якія? «Советская Белоруссія»?

КБ: Не, іншыя, не такія вядомыя (пасміхаецца). Але прапановы былі. 

Зразумела, што пасля працы на Тутбай нешта шукаць складана, бо Тутбай быў самым крутым СМІ ў Беларусі. Нават калі б сітуацыя ў краіне была не такой, як сёння, мне было б складана знайсці такую ж каманду, такі ж калектыў, такую ж працу, ад якой бы ў мяне гарэлі вочы і мне гэта б падабалася. Таму зразумела, што цяпер мне прыйдзецца ісці на нейкія кампрамісы з сабою, калі я вырашыла заставацца ў Мінску і жыць тут.

«НН»: Але ці гатовая ты ісці ў дзяржСМІ?

КБ: Не. Я не гатовая. 

«НН»: Але чаму ты вырашыла заставацца ў журналістыцы ў сённяшні складаны час? 

КБ: А якія ў мяне варыянты? Па спецыяльнасці і прафесіі я журналіст. Я працавала ў гэтай сферы 15 гадоў, гэта тое, што я ўмею рабіць добра і якасна.

Таму ў нейкім ідэальным уяўленні, я б хацела і далей працаваць журналістам. Але я не ведаю, чым скончыцца мая задума знайсці працу, бо трэба глядзець на сітуацыю рэальна: журналістыкі няма на цяперашні момант. Але ж калі-небудзь яна зноў з’явіцца. Я веру, што яна вернецца.

«НН»: Ці не страшна вяртацца ў прафесію, якая ў выніку скончылася гэтай гісторыяй з затрыманнем, судом, кратамі?

КБ: Ну, калі разважаць заўсёды з пазіцыі страху, то тады і жыць не трэба. Бо цяпер я бачу людзей, бачу, што шмат каму страшна ўсё: жыць, хадзіць, працаваць… І няма ж ніякай гарантыі, што, калі я буду працаваць у іншай сферы, нешта не здарыцца там. Сёння ў нас ніхто не мае ніякіх гарантый. Мой выбар сёння — застацца ў Беларусі. Адпаведна, я разумею, што могуць быць нейкія наступствы. Спадзяюся, што іх не будзе, але, у прынцыпе, я ж рэаліст. 

«Калі хтосьці хоча, каб журналістаў за кратамі стала больш — для мяне гэта дзіўна»

«НН»: Яшчэ трошкі пра журналістыку. Ты б хацела далей пісаць пра што? Як раней, пра суды? Ці адысці пакуль ад вострых тэм?

КБ: Маральна я пакуль не гатовая пісаць судовыя рэпартажы. Я не гатовая проста пераступіць ганак суда і працаваць там увесь дзень. Бо, напэўна, мне патрэбны ўсё ж нейкі час, каб ад гэтага ўсяго адысці. Ды і, як я разумею, сёння ўжо журналісты не ходзяць па судах і не асвятляюць працэсы, гэтага жанру на гэты момант не існуе.

Напэўна, цяпер, улічваючы маю псіхалагічную сітуацыю, мне б хацелася рабіць гісторыі простых людзей, паказваць, як шмат класных, душэўных людзей засталося ў нашай краіне, і яны працягваюць тут жыць. Вось такія гісторыі мне блізкія.

«НН»: Сёння ў бок нешматлікіх недзяржаўных СМІ, якія яшчэ працуюць у Беларусі, нярэдка ляцяць пагардлівыя каментары: маўляў, на мяжы мігранты, палітычны крызіс, а вы пішаце пра марынаваныя агуркі! Як ты ставішся да такіх папрокаў у бок калег? 

КБ: Магу адказаць коратка: сёння ў нас 29 журналістаў за кратамі. Мне здаецца, гэта адказ на тое, што адбываецца ў журналістыцы непасрэдна цяпер. Калі хтосьці хоча, каб журналістаў за кратамі стала больш — для мяне гэта дзіўна. 

Таксама некалькі месяцаў назад я адпісалася ад усіх тэлеграм-каналаў, таму цяпер не чытаю навіны і вельмі рэдка бываю ў сацыяльных сетках, гэта мой свядомы выбар, у тым ліку, каб не чытаць усе гэтыя дыскусіі. Бо, на маю думку, яны проста пустыя. Кожны чалавек робіць выбар сам. Адзін вырашае з’ехаць — і гэта яго выбар. Іншы застаецца тут — гэта таксама яго выбар. Таму ўсе гэтыя разважанні, хто правільна зрабіў… Не ведаю, пра што тут казаць, калі ў кожнага чалавека свая гісторыя? І шмат якіх нюансаў мы не ведаем.

«НН»: Яшчэ да падзей з Зельцэрам і затрыманнем Генадзя Мажэйкі ты не думала вярнуцца ў «Камсамолку»?

КБ: Не, увогуле, я да кастрычніка зусім не думала пра працу. Толькі ў кастрычніку я зразумела, што нарэшце маральна гатовая нешта рабіць. Да таго я проста прыходзіла ў сябе, папраўляла здароўе, адпачывала. Нават калі і былі прапановы, я іх не разглядала, усім адказвала: дзякуй, але давайце пачакаем. А калі я пачала шукаць працу, «Камсамолкі» ўжо не стала.

«НН»: Як ты ўспрыняла разгром газеты, дзе прапрацавала шмат гадоў? 

КБ: Як гэта можна ўспрымаць, калі ўсе рэдакцыі, дзе я працавала, ці закрытыя, ці прызнаныя экстрэмістамі? Вось так і ўспрымала.

Яшчэ раз кажу: у нас няма ніякіх гарантый. І я не разглядаю ўмоўны лад, не думаю, што будзе заўтра — бо можна звар’яцець. Цяпер падзеі я ўспрымаю толькі па факце: нешта здараецца, і ты тады гэта пераварваеш. 

Канечне, мне цяжка, што рэдакцыі, дзе пачынала, дзе стала журналістам, дзе я шмат чаму навучылася, больш не існуе. Канечне, мне балюча, балюча, што і Гена Мажэйка сядзіць, і балюча, што калегі з Тутбай сядзяць… 

Увогуле раней я прачыналася, брала тэлефон і стартавай старонкай у мяне стаяў Тутбай, я адразу пачынала праглядаць навіны. Пасля заглядвала на kp.by, сайт «Камсамолкі». Сёння — усё. Я адкрываю тэлефон і нікуды не заходжу. Ніякіх сайтаў больш няма, нічога не засталося, і, канечне, гэта балюча: калі ты столькі гадоў аддаў гэтай прафесіі, зразумець, што яе больш няма. Я не магла ўявіць сабе такой сітуацыі год таму.

«НН»: Калі ты адпісалася сёння ад усіх каналаў і не чытаеш навіны, за чым сочыш, што глядзіш?

КБ: Адзінае, куды магу заходзіць сёння, — інстаграм. Гэта такая аддушына: кветкі, падарожжы і больш нічога, ніякіх складаных спрэчак там няма. 

Таксама пераглядзела ўсе выпускі «Скажі Гордеевой», за ёй, як за журналістам, я сачу яшчэ з пачатку 2000-х. Калі я вучылася на журфаку, Гардзеева працавала рэпарцёрам на НТВ. 

Гляджу і «Ещёнепознер» Салоднікава. Атрымліваю асалоду ад таго, што гляджу чужыя інтэрв’ю і думаю, як гэтак крута, як гэта прафесійна зроблена. І я рада, што хаця б у нашых расійскіх калег ёсць магчымасць займацца сваёй любімай прафесіяй.

«НН»: Ты не думала запусціць нешта такое сама? Штосьці на Ютубе, нават без палітыкі, інтэрв’ю ці ролікі пра культуру?

КБ: А што, у нас хтосьці яшчэ застаўся ў краіне? На выпускі тры хопіць, а пасля прыйдзецца кудысьці з’язджаць, каб нешта рабіць і з кімсьці сустракацца. 

«Самае галоўнае пачуццё для мяне — ведаць, што я дома»

«НН»: Раскажы, чаму ты вырашыла застацца ў Беларусі, асабліва пасля ўсяго, праз што табе давялося прайсці.

КБ: Насамрэч гэтае пытанне ў мяне выклікае найбольшае раздражненне, бо на яго адказваю амаль штодня.

Гэта мой выбар. Па-першае, я тут нарадзілася, мне вельмі важна быць побач з дачкой, мець магчымасць прыехаць у сваю вёску, абняць бацькоў, бабулю. Мне важна сустрэцца з тымі, хто тут застаўся — а гэта ўжо не так шмат людзей. І галоўнае для мяне — разумець, што я дома. Гэта самае галоўнае пачуццё для мяне — ведаць, што я дома. Я паўгады за кратамі сніла маршруты па Мінску, па вёсцы, па краіне, і, напэўна, дзіўна марыць пра гэтыя маршруты, а пасля выйсці і з’ехаць. 

«НН»: Але фактычна цяпер перад табой выбар: ці застацца ў прафесіі, ці застацца дома? 

КБ: Напэўна, але і тое, што робяць тыя, хто з’ехаў, — гэта таксама не журналістыка. Усё, што ты робіш па тэлефоне, у адрыве ад краіны, не знаходзячыся тут, не разумеючы, чым і як жывуць людзі, гэта зусім не тая журналістыка, якой мы займаліся год таму.

Але чыста псіхалагічна некаторыя моманты мяне напружваюць: напрыклад, каля дома стаіць нейкі чорны мікрааўтобус. Я разумею, што гэта проста чыйсьці суседскі бус, але ўсё роўна вяртаюся думкамі ў мінулы лістапад.

Бо гэты бус стаіць на тым жа месцы ля дзіцячай пляцоўкі, дзе год таму стаяў падобны бус, куды мяне пасадзілі. І канечне, калі я ўпершыню ўбачыла гэты суседскі бус, я спалохалася: было цёмна, а тут такі мікрааўтобус, нейкія людзі ў чорным ля пад’езда… Аказалася, што людзі ў чорным — проста суседзі, але першыя дні я вярталася дадому суседнімі дварамі, каб не бачыць той бус, але цяпер навучылася праходзіць каля яго.

Але гэта, напэўна, такі кошт майго ўчынку і рашэння застацца тут.

«НН»: Твая дачка ж хацела звязаць лёс з журналістыкай таксама? Што яна будзе рабіць?

КБ: Так, дачка — студэнтка журфака. Але пра яе казаць пакуль рана, думаю. Дачка толькі на другім курсе, спадзяюся, што ў яе ёсць яшчэ час, каб штосьці вырашыць ці перадумаць. Тут я рашэнне пакідаю за ёю.

«НН»: Прабач за пытанне, дачка ж хацела кінуць вучобу, пакуль ты была за кратамі? 

КБ: Ёй было цяжка, канечне. Калі ў цябе забралі маці і ты засталася зусім адна… Ёй было няпроста, былі такія спробы, але ўсе яе падтрымалі, і тут я вельмі ўдзячная і яе сябрам, і маім, і выкладчыкам дачкі. І яна ўсё ж засталася вучыцца. 

«НН»: Дачка пра эміграцыю не думае? Ці, можа, раіць табе з’ехаць?

КБ: Мая Даша — патрыёт, заўсёды ім была. Мы з ёй вельмі шмат падарожнічалі да кавіду, аб’ехалі шмат краін. І памятаю, калі вярталіся, дачка заўсёды казала штосьці кшталту: у Рыме цудоўна, але ж як класна аказацца дома ў Мінску!

Адчуванне, што яна дома, што яна на месцы, у дачкі выклікае толькі Мінск.

«НН»: Ведаючы загадзя, што прыйдуць, ты б з’ехала ўсё ж мінулай восенню?

КБ: Яшчэ раз паўтару: вельмі не люблю гэты ўмоўны лад.

Але ўжо ў верасні 2020 з’язджалі некаторыя журналісты. І калі я засталася ў лістападзе — значыць я засталася. 

«Проста забыцца — я не магу. За кратамі застаюцца мае блізкія людзі»

«НН»: Увогуле, часта згадваеш затрыманне? Ці суд?

КБ: У нейкіх кашмарах начных згадваецца першы дзень ці тое, як вязуць па этапе. Першы дзень быў самы цяжкі і страшны. Момант затрымання і ўсё, што пасля адбывалася, — гэта было самае страшнае. І цяпер наступае лістапад — і асацыяцыі коцяцца самі сабою, ты іх спыніць не можаш.

А калі я іду на Валадарку з перадачкамі, то намагаюся згадваць штосьці больш-менш пазітыўнае з таго, што было ў камеры, бо мне важна, каб дзяўчаты, якія там засталіся, бачылі, што я побач.

Гэта важна, калі ў камеру працягваюць паперку і там напісана, хто прынёс перадачу. Гэта значыць, што з чалавекам усё добра, ён у Мінску, ён не хварэе, у яго ёсць магчымасць прыйсці з перадачай. У СІЗА гэта рэальна неацэнныя моманты, якія прыносяць радасць. 

Таму проста забыцца я не магу. За кратамі застаюцца мае блізкія людзі. Я пастаянна пішу лісты, нашу перадачы, шлю пасылкі. Калі думаць, што я выйшла 19 мая і ўсё, што было, перакрэсліла, то так не адбылося і не адбудзецца. Бо я працягваю падтрымліваць тых, хто застаецца за кратамі.

«НН»: Калі праходзіш міма Валадаркі ці міліцыянтаў на вуліцы, неяк рэфлексуеш?

КБ: На Валадарку я змагла пайсці не адразу. Першыя пару тыдняў я разумела, што не хапае сіл туды ісці, проста не магу. І вырашыла цераз сябе не пераступаць.

Пасля ўжо змагла, пайшла, паглядзела. Не магу сказаць, што гэта самае прыемнае ў жыцці — хадзіць на Валадарку з перадачамі, асабліва ведаючы, што адбываецца з таго боку. Памятаю, як неяк ішла і ўлавіла вельмі дзіўнае пачуццё: з аднаго боку, я іду па катакомбах Валадаркі, у думках праходжу маршрут, які я вельмі добра ведаю, з камеры да КПП, як мяне вазілі на суд. А з другога боку, я іду па горадзе, я на свабодзе, бачу сонца, неба, свабодна дыхаю… Вельмі дзіўнае пачуццё, вельмі такое дваякае. І ад яго не так проста пазбавіцца. 

«НН»: Не страшна, калі чуеш званок у дзверы?

КБ: Ну, як сказаць (пасміхаецца). Нядаўна суседзі мне пазванілі. Так напалохалі, што я пачала ліхаманкава думаць, якія боты мне абуць, каб было цёпла і зручна ў камеры. Таму ёсць такое, так.

«НН»: Нейкія шкадаванні маюцца? Што, можа быць, не варта было пісаць той артыкул?

КБ: Не, іх ніколі не было. Гэта пустыя і бессэнсоўныя шкадаванні, якія не прыводзяць да добрага. Усё, што я зрабіла, — я выконвала сваю працу. Гэта быў такі ж тэкст, як і ўсе астатнія. Таму пра што мне шкадаваць? Пра тое, што я рабіла сваю працу?

Кажу ж, я ўсё ўспрымаю па факце. Гэта адбылося, і далей з гэтым трэба жыць і разбірацца. А думаць: «Навошта я гэта зрабіла?» — такім увогуле не займаюся і не стаўлю перад сабою такія пытанні, каб проста не заганяць сябе ў стан нейкай бясконцай рэфлексіі. 

«Людзі і па сёння падыходзяць на вуліцы, кажуць мне «дзякуй»

«НН»: Адчуваеш сябе ахвярай? Героем?

КБ: Ёсць некаторыя ўнутраныя моманты, якія не хачу выносіць на публіку. Але скажу, што людзі і па сёння падыходзяць на вуліцы, кажуць мне «дзякуй», пішуць мне ў сацыяльных сетках і проста падтрымліваюць. І гэта вельмі прыемна, калі проста бачыш, што тое, праз што ты прайшоў, адгукаецца ў чужых табе людзях, бачыш, як яны шчыра хочуць дапамагчы ці хаця б проста сказаць добрае слова. Таму не скажу, што адчуваю сябе героем, але падвышаную ўвагу я адчуваю.

«НН»: Ці былі нейкія знаёмыя, якія перасталі падтрымліваць з табою зносіны?

КБ: Не. Усе, хто быў побач, усе засталіся са мною. І колькасць новых людзей яшчэ павялічылася. Мяне падтрымлівалі героі маіх публікацый, яны пісалі мне лісты, пакуль я была за кратамі, з некаторымі я бачылася пасля выхаду. Ім важна было проста мяне ўбачыць, проста абняць.

«НН»: Ці ўспрымаеш гэтыя паўгады як нейкі карысны вопыт? Ці тое — проста выкінуты час?

КБ: Як гэта можа быць карысным вопытам? У чым гэта можа быць карысным? Я і раней казала, і цяпер кажу: паўгады жыцця не збіралася нікому аддаваць і не хацела, каб гэты час я праводзіла «недзе там». Я б спакойна абышлася без ведання таго, як людзі сядзяць у турме, як там выкручваюцца, без ведання таго, напрыклад, што масла можна нарэзаць ніткай, а грэцца пластыкавай бутэлькай.

«НН»: Ты рэлігійны чалавек?

КБ: Так, я праваслаўная.

«НН»: Неяк думала, за што табе гэта ўсё? Бог пасылае выпрабаванні?

«КБ»: Не. Гэта проста збег абставін. Калі казаць, ці веру я ў справядлівасць, то жыццё вельмі непрадказальнае. І не заўсёды ты атрымліваеш штосьці за штосьці ці атрымліваеш выпрабаванні, бо чагосьці не разумееш у жыцці. Так проста атрымалася, і ўсё. Шукаць вінаватых, заганяцца, шукаць адказы на пытанні, напэўна, не варта. Бо, мяркую, адказаў я не знайду. Гэта быў збег абставін, ніхто не ведаў, што так адбудзецца, на маім месцы мог быць любы журналіст Тутбай, які б узяў тэму. І ўсё.

«НН»: Вера дапамагае трымацца за кратамі?

КБ: Я не малілася там. Гэта быў мой выбар. Неяк было прасцей прайсці праз усё гэта самой і з падтрымкай блізкіх і людзей у камеры. Таму гэты шлях я праходзіла сама. 

«НН»: Апошняе пытанне пра рэлігію: ці выбачыла ты людзей, якія затрымлівалі, выносілі прысуд?

КБ: У мяне ніхто прабачэння не прасіў. 

«НН»: Пачуццё страху застаецца ў пэўнай ступені сёння?

КБ: Так. Не скажу, што яно валодае маім жыццём ці ўплывае на мой стан ці настрой, але яно ёсць. Можа было б інакш, каб я выйшла, вярнулася на працу, і ўсё пайшло як раней. Але я выйшла, Тутбай знішчаны, офіс апячатаны, калегі сядзяць ці з’ехалі. І рабіць выгляд, што нічога не адбылося, што вярнулася ў ранейшае жыццё, — трошкі хітрыкі. 

«НН»: А чаго баішся найбольш, прабач? Не знайсці працу? Новага затрымання?

КБ: У мяне няма перажыванняў, што калі не знайду працу, то гэта будзе вялікай бядой. Я ўжо прайшла праз такое, што адсутнасць працы будзе проста шараговай непрыемнасцю. 

А так, канечне, баішся паўтору гэтай гісторыі. 

«Гэта сёння для мяне галоўны крытэрый: я магу гуляць, магу глядзець на неба, абдымаць блізкіх і я вольная»

«НН»: Штосьці змянілася ў табе за гэты год?

КБ: Не скажу, што я змянілася неяк кардынальна, ды і на яго лепш адкажуць блізкія і сябры. А сустрэчы, чай у бацькоўскім садзе я цаніла і да турмы, нельга сказаць, што пачала шанаваць гэта пасля кратаў.

Але гэтыя моманты сталі ўспрымацца неяк вастрэй, разумееш, што сёння можна сустрэцца з чалавекам, а заўтра ўжо невядома, ці атрымаецца.

Таму калі раней заўсёды сустрэцца было цяжка: праца там, тое-сёе, усё неяк пераносілася, — то сёння людзі лягчэй ідуць на кантакт. Неяк больш шануецца момант жывой камунікацыі, і цяпер пра сустрэчу дамаўляешся літаральна за дзесяць хвілін.

А так, ці змянілася нешта… Ці ўзлавалася я на свет? Дакладна не. І не маю нейкай нянавісці да ўсіх. Як раней я любіла кветкі на Камароўцы, так і цяпер хаджу туды, размаўляю з бабулечкамі, атрымліваю ад гэтага вялікае задавальненне. І працягваю атрымліваць асалоду ад жыцця — яно сёння іншае, але ўсё адно гэта жыццё. Яно маё і яно мне падабаецца хаця б тым, што я на волі. Гэта сёння для мяне галоўны крытэрый: я магу гуляць, магу глядзець на неба, абдымаць блізкіх і я вольная.

«НН»: А як не даць нянавісці завалодаць сабою? Асабліва калі цяпер яна адкрыта транслюецца дзяржаўнымі СМІ. І калі штодня далятаюць навіны пра чарговыя затрыманні і суды.

КБ: Я проста не гляджу дзяржаўныя СМІ. І я заўсёды кажу, што мы мусім падтрымліваць тых, хто застаецца за кратамі. А калі ты ў нервовым стане, у стрэсе, ты гэтага не можаш. Людзі за кратамі хочуць атрымліваць хоць якія добрыя звесткі з волі, гэта так важна для іх, таму гэта дапамагае. Калі ты свецішся ўнутраным нейкім сваім шчасцем — гэта важна. Я нават і не ведаю, як гэта дакладна патлумачыць… Злосць — яна штурхае чалавека ў нікуды, і ты паралізаваны: шукаеш негатыў, чакаеш праблем, табе нічога не трэба. І нічога не робіш. 

А калі ты ўнутры свабодны, то можаш шмат зрабіць і для сябе, і для кагосьці. А гэта сёння вельмі важна. Вось і ўсё.

«НН»: Ты з вёскі, бацькі там жывуць. Як адрэагавалі яны на гэта ўсё? Ці не выказвалі ім нешта вяскоўцы, бо гэта ж электарат дзейнай улады?

КБ: З боку бацькоў была безумоўная падтрымка. У вёсцы ніхто бацькам таксама нічога кепскага не выказваў. І я сама, калі прыязджаю да іх, нікуды не хаваюся. Як і раней езджу на ровары, гавару з людзьмі. І ніхто ад мяне не адварочваўся, наадварот, кажуць, як рады бачыць. Нейкага асуджэння я ні разу не адчула. 

«НН»: Чаго табе сёння больш за ўсё не хапае ў параўнанні з «мірным жыццём» да кавіду, да выбараў? 

КБ: Я засталася без працы. Калегі сядзяць. Наступіла зусім іншае жыццё, у якім я намагаюся арыентавацца. Цяпер усё іншае, зусім усё. Нельга параўноўваць з тым, што было. 

«НН»: Ці не звярталася ты да псіхолага пасля выхаду?

КБ: Звярталася. Напэўна, я проста не ўсе моманты хацела ўзвальваць на блізкіх, таму вырашыла, што правільней гэта ўсё «выгрузіць» на спецыяліста, які дапаможа мне выйсці з крызісу. І я ні разу не пашкадавала, што звярнулася па дапамогу да псіхолага.

«НН»: Са жніўня 2020 года якія падзеі цябе найбольш уразілі ці шакавалі? 

КБ: Усё, што адбываецца. Я не думала, што такое можа быць.

Каментары

Халезін: Неўзлін фінансуе Хартыю'97 яшчэ з прэзідэнцкіх выбараў 2010 года4

Халезін: Неўзлін фінансуе Хартыю'97 яшчэ з прэзідэнцкіх выбараў 2010 года

Усе навіны →
Усе навіны

Украінскія беспілотнікі атакавалі Казань2

Сёння самы кароткі дзень у годзе і самая доўгая ноч1

Школьніка затрымалі за інтэрнет-афёру на 90 тысяч рублёў

Рэцэпт на выхадныя: французскія калядныя пячэнькі «Сабле»1

Дзяўчына ў Расіі пакінула водгук пра касіра, які пахне як скунс. А пасля закруцілася — псіхбальніца, хэйт, вэбкам-мадэль і нават суіцыд13

Фрыдман: Уся гэтая рыторыка пра ўдзел Лукашэнкі ў перамовах ужо надакучыла ўкраінцам7

Наезд на людзей у Магдэбургу зрабіў мужчына родам з Саудаўскай Аравіі17

Пад пераслед трапіў вядомы віцебскі блогер3

МНС: Уладальнік згарэлага ГЦ у Віцебску не ліквідаваў раней выяўленыя парушэнні1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Халезін: Неўзлін фінансуе Хартыю'97 яшчэ з прэзідэнцкіх выбараў 2010 года4

Халезін: Неўзлін фінансуе Хартыю'97 яшчэ з прэзідэнцкіх выбараў 2010 года

Галоўнае
Усе навіны →