«Раз’***** вокны і дастаць яго паказальна». З'явіўся новы зліў пра затрыманне Ціханоўскага
У сеціве з’явіўся аўдыязапіс тэлефонных размоваў сілавікоў. На ім голас, падобны да голаса намесніка начальніка Мінскай абласной міліцыі Віталя Казлова абмяркоўвае з калегамі і падначаленымі, як затрымліваць Сяргея Ціханоўскага. Гаворка пра май 2020 года, калі палітык ужо ўключыўся ў выбарчу кампанію і актыўна ездзіць па Беларусі. Голас, падобны да Казлова, лічыць, што не трэба з ім цырымоніцца — хай АМАП спачатку збівае і затрымлівае, а пасля ўжо разбірацца, што там па законе. Важна — злівы размоваў з галасамі сілавікоў публікуюцца ўжо паўгады як, але Міністэрства ўнутраных справаў нібыта не звяртае на гэта ўвагі — ніякіх афіцыйных каментароў няма.
На першай размове голас, падобны да голаса Віталя Казлова гаворыць з кімсьці з рэгіянальных начальнікаў міліцыі, хутчэй за ўсё, Мінска, перад якім гэтаксама стаіць пытанне, як затрымаць Ціханоўскага.
«*** (нецэнзурнае ў значэнні «невядома»), як па ім працаваць. Не даюць жа пры вялікім скапленні людзей працаваць. Не ведаю, чаму», — кажа суразмоўца.
«Дык *** (нецэнзурнае ў значэнні «ўсё адно»), стрым не стрым, людзі не людзі», — адказвае голас, падобны да голаса намесніка начальніка Мінскай абласной міліцыі.
«Скажы гэта Аляксандру Пятровічу (верагодна, гаворка ідзе пра тагачаснага намесніка міністра ўнутраных справаў Барсукова — заўв. НН)».
«Я сказаў. Ён: ну, працуйце».
«Мне ён такое не казаў».
«А як яго яшчэ браць? Я вызначыўся: ДАІ спыняе, ён у машыне….»
«Дык у тым-та і справа, што шэсць машын. Мы не ведаем, у якой ён машыне будзе».
«Ён у машыне, — працягвае голас, падобны да Казлова. — Падыходзіць начальнік міліцыі грамадскай бяспекі: «Усё, у адносінах да вас рашэнне суда». Ну і далей пачынаем. Ён не выходзіць. Пад’язджаюць усе ягоныя прыхільнікі. Буду АМАПам рассоўваць. Начальнікі міліцыі грамадскай бяспекі будуць ехаць (нецэнзурнае ў значэнні «ўключацца ў працэс»).
«Ну а далей што? З машыны не выходзіць, што будзем рабіць?»
«Ну далей ужо не ведаю», — шчыра прызнаецца голас, як сцвярджаецца, начальніка абласной міліцыі.
«Ну дык што, машыну ламаць?»
«Не, біць не будзем».
«А чаму?»
«А на падставе чаго ты будзеш біць шкло?»
«Вось і ўсё, — спыняе разважанні калегі суразмоўца. — Далей што?»
«Нічога. Пагружу на эвакуатар і завязу ў Пухавіцкі раён».
«А забаронена з чалавекам пагружаць на эвакуатар».
«Зразумела».
«Ну дык далей што?»
(Нецэнзурнае без сэнсу)
«Вось і я не ведаю, Анатольевіч», — кажа калега.
«Увогуле па логіцы *** (нецэнзурнае ў значэнні «разбіць») вокны і дастаць яго адзін раз паказальна, каб іншыя не…»
«Ну гэта па логіцы, але пакуль не так».
Далей ідзе размова з кімсьці з Пухавіцкіх аператыўнікаў, якія праведваюць абстаноку ў месцы, дзе як мяркуецца, з’явіцца Ціханоўскі. Чалавек з голасам, як сцвярджаецца, намесніка начальніка абласной міліцыі кажа, што дасылае туды дзве групы АМАПа і ставіць ім задачу — як толькі Ціханоўскі з’яўляецца — вырубіць яго, а пасля ўжо разбірацца.
Калі так не атрымліваецца, загадвае дзейнічаць па схеме, калі ДАІ спыняе аўто, да яго пад’язджае начальнік міліцыі грамадскай бяспекі, які заяўляе, што ў адносінах да Ціханоўскага ёсць нейкая пастанова суда, што нібыта дазваляе яго затрымаць.
У выпадку першага сцэнару голас, падобны да голаса Казлова, настойвае, каб не цырымоніліся, прама заяўляе, што АМАП павінен ужыць сілу, маўляў, не трэба «ў дэмакрытыю гуляцца». Начальнік міліцыі ўдакладняе, што будзе яшчэ раіцца па гэтым пытанні з КДБ.
Нагадаем, што раней у сеціва трапіў запіс прамовы былога міністра ўнутраных справаў Юрыя Караева, які прама кажа, што калі няма артыкула, па якім можна затрымаць Ціханоўскага, яго трэба прыдумаць. Незалежныя расійскія эксперты пацвердзілі, што голас на запісе належыць менавіта Караеву. Працытуем:
«Гэты быдлаган краіну хацеў разгайдаць: на пакрывіўшыхся платах, на будоўлях нейкіх предрайвыканкамаў і сельсаветаў. Як яны там сабе 5 рублёў скралі. Я казаў пазаўчора ў інтэрв’ю, што ён, гэтая пачвара, у Расіі бачыў у шмат разоў горшыя усе гэтыя пытанні. Але там ён рот свой паганы не разяваў: «Мы з мусарамі разбярэмся». А тут прыехаў на самую цішэйшую ніву, на самае пакорлівае насельніцтва, на самых лепшых міліцыянтаў у свеце!
І пачаў: «Мянты», там, «Мы разгайдаем гэтую ўладу», бачачы, што яму няма процідзеяння. Добра, яго пляснулі. Шкадую толькі, што позна. Хоць, зноў такі, вы ж у кастрычніку маю ўвагу на гэта звярталі. Мы з камітэтаўскімі працавалі разам. І добра, што ва ўсіх мудрасці хапіла хоць калісьці яго ўбачыць і пляснуць. Хай лямантуе ўвесь свет: «Па законе, па беззаконні». Такая пачвара небяспечней за усіх. Ён небяспечней усіх гэтых Бабарыкаў. Ён — разбуральнік дзяржавы. Няма на яго артыкула — трэба прыдумаць і пасадзіць яго надоўга. Хай там сядзіць. Хай здохне там».
Сяргея Ціханоўскага затрымалі ў маі 2020 года, на пікеце ў падтрымку яго жонкі, якая пайшла замест яго на выбары. З таго часу палітык пад вартай, пераважна — у адзіночнай камеры. Ужо некалькі месяцаў працягваецца суд па ягонай справе, які праходзіць у закрытым рэжыме ў СІЗА Гомеля, яму пагражае да 15 год зняволення. Чакалася, што прысуд можа быць вынесены ў лістападзе. На днях стала вядома, што ААН прызнала незаконным крымінальны пераслед Ціханоўскага і патрабуе адказу ад беларускіх уладаў.
Каментары