Арыштаваны падпалкоўнік КДБ, які перадаваў інфармацыю тэлеграм-каналам
Падпалкоўнік Аляксей Храловіч абвінавачваецца ў «дзяржаўнай здрадзе». Выглядае, што менавіта ён перадаў Сцяпану Пуцілу аўдыя скандальных размоў, якія пралівалі святло на абставіны гібелі Рамана Бандарэнкі.
Гэта вынікае з фільма «Манкурты», які быў паказаны на тэлеканале АНТ.
Калі апусціць мастацкія прыёмы і дэталі, сапраўднасць якіх сумнеўная, то можа скласціся ўяўленне, як у рэальнасці разгортваліся падзеі пасля смерці Рамана Бандарэнкі і апублікаваных у сувязі з гэтым размоваў высокапастаўленых асоб.
Імаверна, падпалкоўнік Аляксей Храловіч выгрузіў перамовы ўсім вядомых асоб з выкарыстаннем службовых магчымасцяў. Гэтыя запісы ён перадаў Сцяпану Пуцілу, той іх апублікаваў у тэлеграм-канале.
Храловіч, імаверна, меркаваў, што вылічыць крыніцу зліву немагчыма. Але Храловіча вылічылі.
Выглядае, што далей сітуацыя развівалася так: Храловічу прапанавалі паўдзельнічаць у аператыўнай гульні, каб выявіць шляхі эвакуцыі з Беларусі асоб, звязаных з рухам за грамадзянскія правы і свабодныя выбары, якім пагражае небяспека.
Сцвярджаецца, што Храловіч ізноў выйшаў на сувязь з Пуцілам і прапанаваў таму нейкую новую «сакрэтную» інфармацыю, але ў абмен на бяспечны вываз з краіны.
Пуціла, сцвярджаецца, спачатку прасіў за гэта грошы, а потым «перадаў» пытанне Храловіча Ігару Макару, які і арганізаваў афіцэру КДБ вываз, пры гэтым выканаўцы вывазу былі затрыманыя.
Сярод таварышаў Макара, якія мелі арганізаваць выезд, згадваецца Вячаслаў Сідаракін, ветэран «Алмаза», які раптоўна знайшоўся ў СІЗА КДБ.
Што да тэлефонных размоў прэс-сакратаркі Лукашэнкі Наталлі Эйсмант з рознымі службовымі асобамі, то ў фільме сцвярджаецца, што яны былі следчым эксперыментам, інсцэніроўкай — у прыватнасці, з памочнікам Лукашэнкі Мікалаем Латышонкам, а таксама з Дзмітрыем Баскавым. А што з размовай Баскава з Дзмітрыем Шакутам? Адказу ў фільме няма.
Дастатковых доказаў для версіі інсцэніроўкі не прыводзіцца. Але самае галоўнае — нашто трэба была інсцэніроўка менавіта гэтых размоў?
Сцяпан Пуціла і Ігар Макар пакуль ніяк не пракаментавалі фільм і не расказалі сваёй версіі падзей.
Няма і інфармацыі ад адваката і сям'і затрыманага. У фільме гаворыцца, што Храловіча абвінавачваюць у дзяржаўнай здрадзе. Але, паколькі невядома, каму менавіта і што ён перадаў, то немагчыма сказаць, ці гэтае абвінавачванне дойдзе да суда. Калі гаворка толькі пра тэлефонныя размовы, датычныя гібелі Рамана Бандарэнкі, якія праліваюць святло на абставіны злачынства, то наўрад ці гэта можа кваліфікавацца як «здрада радзіме».
Каментары