Тэатр

Стары Купалаўскі ў анлайне — а ў які тэатр цяпер можна схадзіць? Расказваем

Ва ўмовах, калі Купалаўскі тэатр разагнаны, звольненыя акцёры Гродзенскага драмтэатра перабіраюцца працаваць у Літву, альтэрнатыўныя пляцоўкі кшталту Ок16 і MAF прыпынілі дзейнасць і агулам культурнае поле зачышчаецца, напрошваецца лагічнае пытанне: а што і дзе глядзець?

З дапамогай тэатральнага крытыка Аляксея Стрэльнікава сабралі топ актуальных і цікавых спектакляў і праектаў, на якія не сорамна запрасіць і маці, і каханага чалавека.

Купалаўскі анлайн

Калі вельмі сумуеце па тым самым Купалаўскім тэатры, які мы ведалі да сумных падзей 2020 года, то раім падпісацца на іх ютуб-канал «Купалаўцы». Наўпрост цяпер там можна паглядзець новае прачытанне легендарнай п’есы «Тутэйшыя». А калі сачыць за раскладам, то правесці адзін з вечароў за анлайн-паказам спектакля пра дзяцінства «Я» ці гісторыі маленькага чалавека «Войцэка» ў рэжысуры Рамана Падалякі.

Акрамя таго, на канале пастаянна дадаюцца новыя беларускія вершы ў выкананні акцёраў.

Правераныя спектаклі апошніх год 

«Пансіён Belvedere» (Тэатр лялек)

Фота: puppet-minsk.com

Прэм’ера гэтага спектакля, пастаўленага італьянскім рэжысёрам, адбылася яшчэ ў 2017 годзе, але ён любімы публікай і сёння. Лірычная, кранальная замалёўка з жыцця састарэлых людзей пра сэнс існавання і здольнасць не здавацца, нягледзячы ні на што. Галоўныя героі ў прамым сэнсе слова глядзяць вачыма ў магілу, але пры гэтым застаюцца на пазітыве. Такі прыклад заражае.

Найбліжэйшыя паказы: 26 сакавіка, 9 і 30 красавіка

«Шлюб з ветрам» (РТБД) 

Фота: rtbd.by

Спектакль, які Яўген Карняг разам з Кацярынай Аверкавай зрабілі на аснове этнічнай беларускай музыкі. Візуальна аформлены ў выглядзе застолля на вяселле, і гэта вельмі прыгожа. Пры ўсёй вонкавай прывабнасці твор раскрывае досыць жорсткія праблемы — прыроду таксічных стасункаў і гвалту.

Найбліжэйшыя паказы: 27 сакавіка, 8, 17 і 29 красавіка

Прэм’еры 

«Запіскі юнага лекара» (Тэатр лялек)

Фота: puppet-minsk.com

Працягваючы тэму з рэжысёрам, які па-мастацку ўмее працаваць з целам (гэта мы пра Карняга), раім звярнуць увагу на яго прэм’еру ў Тэатры лялек — «Запіскі юнага лекара», у аснову якой лёг цыкл ранніх расказаў Міхаіла Булгакава, а таксама фрагменты з яго медычнай практыкі. Ушчэнт разбівае стэрэатып «дзіцячасці» тэатраў лялек. Тое ж самае можна сказаць пра сур’ёзную псіхалагічную працу «Інтэрв’ю з вядзьмаркамі» ў гэтым жа тэатры, гэтага ж рэжысёра.

Найбліжэйшыя паказы: 22 і 23 красавіка

«Застацца нельга з’ехаць» (прастора Hide на Кастрычніцкай, 19)

Спектакль ад незалежнай тэатральнай кампаніі HomoCosmos зроблены Змітром Багаслаўскім, адным з найлепшых маладых беларускіх рэжысёраў. Тэма гарачая: працоўная міграцыя. Аўтар п’есы — украінскі драматург Ігар Насоўскі. І тым больш каштоўны матэрыял, што граюць у ім акцёры Новага драматычнага тэатра, якія звольніліся адтуль пасля забастоўкі.

Сама па сабе п’еса вельмі іранічная і дынамічная, так што спектакль таксама абяцае быць вельмі жывым. 

Найбліжэйшыя паказы: 31 сакавіка і 1 красавіка

Моладзевыя працы

Тэатральны крытык упэўнены, што мы павінны падтрымліваць пачаткоўцаў. Не толькі таму, што яны не рынуліся заняць месца купалаўцаў у знішчаным тэатры, але і проста таму, што яны мусяць быць запатрабаванымі паўсюдна, дзе працуюць.

«У віры» (Тэатр імя Максіма Горкага)

Фота: rustheatre.by

Меладраматычны і пры гэтым вельмі аўтарскі праект пра страх і яго пераадольванне.

Гэта дыпломная праца выпускнікоў-рэжысёраў Акадэміі мастацтваў, якую ўзялі ў рэпертуар тэатра летась. Малады рэжысёр Дэвід Разумаў сам напісаў п'есу, сам яе паставіў і сам сыграў разам з аднакурснікамі. 

Найбліжэйшыя паказы: 3, 20 красавіка

«Крэйцарава саната» (Тэатр імя Максіма Горкага) 

Яшчэ адна праца, зробленая маладой рэжысёркай — Марыяй Матох. Яны прысвяціла яе памяці народнага артыста Барыса Луцэнкі. Другая назва спектакля, асновай якога стаў вядомы твор Талстога, — «Гісторыя адной памылкі». Але ці пра памылкі і злачынствы ён, ці пра смеласць — вырашыць гледачам.

Найбліжэйшыя паказы: 25, 27, 31 сакавіка і 11 красавіка

Незалежныя тэатральныя праекты

Каб сачыць за паказамі наступных творчых суполак, лепш падпісацца на іх у сацсетках — так вы дакладна не прапусціце нешта новенькае.

Драматычны тэатр БДУ «На балконе»

З’яўленне арт-прасторы БДУ на Кастрычніцкай, 10, дзе Андрэй Саўчанка рэгулярна выпускае новыя спектаклі — адзін з нешматлікіх пазітыўных, светлых момантаў за апошнія месяцы.

Завітваць сюды можна амаль кожны панядзелак. А з найбліжэйшага ў рэпертуары:

  • 22 сакавіка — «Кастусь» — прэм’ерны спектакль па матывах п'есы Уладзіміра Караткевіча;
  • 27 сакавіка — спектакль-імправізацыя «Гаральд», які ствараецца наўпрост на вачах у гледача (тэмы задае таксама госць).

Чыткі ў РТБД 

Цэнтр беларускай драматургіі пастаянна робіць чыткі беларускіх драматургаў. І пужацца іх, калі вы не ў тэме, што гэта, дакладна не варта. Гэта своеасаблівы эскіз магчымых будучых спектакляў. За кошт эксперыментальнасці — нічым не горшы.

З запланаванага: 21 сакавіка можна ўбачыць чытанне п’есы Марыі Бяльковіч «Дабрабыт», якая, між іншым, увайшла ў шорт-ліст фестывалю маладой драматургіі «Любімаўка-2019». На сцэне перад вамі разгорнецца гісторыя аднаго дня, які пайшоў наўскасяк з самай раніцы.

Дарэчы, у фармаце спектакля гэтую ж п’есу можна паглядзець у выкананні акцёраў Беларускага свабоднага тэатра. Сачыць за паказамі апошніх можна тут. Афіша ў тэатра штомесяц вельмі насычаная (калі, канечне, чарговага акцёра не затрымаюць на суткі).

Фота з сацсетак БСТ. 

Тэатральны праект Анатоля Голуба

Спектакль «Камедыя» — гэта аўтарскі праект вядомага акцёра Анатоля Голуба. Зроблены па п'есах дамініканскага манаха Каэтана Марашэўскага «Камедыя» і Францішка Аляхновіча «Чорт і баба». Лёгкі антрэпрызны спектакль, якія будзе класным варыянтам баўлення часу для аматараў беларушчыны і класічных пастановак.

Найбліжэйшы паказ: 28 сакавіка

Каментары

«Катастрофа ў Сірыі набірае абароты». Расійскія ваенкары і эксперты ў шоку ад імклівага падзення гарадоў9

«Катастрофа ў Сірыі набірае абароты». Расійскія ваенкары і эксперты ў шоку ад імклівага падзення гарадоў

Усе навіны →
Усе навіны

Суд у Маскве над Суздальцавым за паклёп на Лукашэнку зрабілі закрытым1

Усе месцы ў беларускія санаторыі на Новы год раскупленыя2

У Беларусі запускаюць рэаліці-шоу для блогераў, галоўны госць — Вольга Бузава8

Удзельніка «X-фактара» арыштавалі за палітыку — хутка будзе суд1

У Гарадку за экстрэмізм асудзілі музыку, якога не аднойчы прызнавалі найлепшым работнікам культуры Прыдзвіння

Цемнаскуры акцёр Паапа Эсіеду можа сыграць Северуса Снэйпа ў новым «Гары Потэры»1

Пенсіянера з Астравецкага раёна аштрафавалі на 2000 рублёў. Магчыма, за колер альтанкі ў двары

Spotify апублікаваў штогадовы рэйтынг самых папулярных артыстаў года4

У Румыніі будуць судзіць замежніка, які планаваў дыверсіі па ўказанні Расіі

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Катастрофа ў Сірыі набірае абароты». Расійскія ваенкары і эксперты ў шоку ад імклівага падзення гарадоў9

«Катастрофа ў Сірыі набірае абароты». Расійскія ваенкары і эксперты ў шоку ад імклівага падзення гарадоў

Галоўнае
Усе навіны →