Грамадства

«Марыла, каб муж знайшоўся на «амерыканцы». Жонка Пальчыса пра апошнія месяцы жыцця ў Беларусі, эміграцыю і цяжарнасць

Блогер Эдуард Пальчыс ужо два месяцы за кратамі. Яго цяжарная жонка Вікторыя вымушана была з’ехаць за мяжу. Нягледзячы на магчымы пераслед, Пальчысы да апошняга заставаліся жыць у Беларусі. Мы пагутарылі з Вікторыяй — пра разведку ў жаночай кансультацыі, арышт мужа і будучае дзіця.

«Ніколі не збіраліся эміграваць»

«Наша Ніва»: Колькі вы ўжо не ў Беларусі?

Вікторыя Пальчыс: Я з’ехала 27 верасня. Мы думалі, што ў мужа не атрымаецца проста так перасекчы мяжу. Таму планавалі, што я з’еду, а ён або знойдзе магчымасць як-небудзь да мяне далучыцца, або схаваецца ў Беларусі і адпіша, дзе ён.

«НН»: Гэта былі ўцёкі?

ВП: Гэта было вельмі спантанна, бо мы не хацелі наогул з’язджаць. Нават калі разумелі, што за намі сапраўды палююць. Рашэнне было прынята літаральна за адзін вечар. На наступную раніцу я проста села ў самалёт і ўляцела.

«НН»: У якой атмасферы вы жылі апошнія месяцы тут?

ВП: Усё пачалося яшчэ 15 чэрвеня, калі Эдзіка асудзілі за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве — гэта быў пікет па зборы подпісаў за Ціханоўскую. Незразумела, якім чынам ён патрапіў пад несанкцыянаванае мерапрыемства, бо гэта неабходны этап выбарчай кампаніі. Эдзік прысутнічаў там, здымаў відэа для тэлеграма, назіраў за атмасферай. А потым прылятае адзін пратакол — 15 сутак, другі пратакол — яшчэ 15 сутак за наступны такі пікет. 

Яго асудзілі завочна, ён даведаўся пра гэтыя выракі ад праваабаронцаў. Жыць у такой атмасферы, калі цябе ў кожны момант па выхадзе з пад’езду могуць затрымаць, немагчыма. І мы на той момант вырашылі з’ехаць з Мінска. У Беларусі заставаліся, але не афішавалі, дзе жывём. Тым больш мы бачылі, што ўлады завялі такую практыку, як пасля адміністрацыйнага арышту саджаць за крыміналку. І мы таксама баяліся пад гэта патрапіць, таму ўсе месяцы жылі ў напружанні.

«НН»: Заўважалі, пэўна, трывожныя званочкі: сачэнне, яшчэ штосьці?

ВП: Я думаю, што ў нас развялася такая ж бусікафобія, як у большасці беларусаў (усміхаецца). Любыя бусікі з таніраваным шклом табе падаюцца сачэннем, любыя мужчыны, апранутыя ў спартыўнае, таксама. Але быў дакладны званочак, што шукаюць: у жаночай кансультацыі, дзе я стаяла на ўліку па цяжарнасці, сталі мной цікавіцца, як гэта не павінна быць. Само аддзяленне ўсё перапалохалася. І калі я прыйшла на адзін з планавых прыёмаў, мяне з парога сустрэлі пытаннем: «Што з вамі адбываецца? Чаму тэлефануюць і вамі цікавяцца?»

«НН»: Тэлефанавалі з сілавых структур?

ВП: Мне сказалі, з камітэту — не ведаю, з якога. Але па рэакцыі медыкаў было зразумела, што гэта няштатная сітуацыя.

«НН»: Чаму не з’язджалі да апошняга?

ВП: Не хацелі. Ніколі не збіраліся эміграваць. Нават думкі, што пачнуцца масавыя рэпрэсіі, будуць саджаць усіх запар і мы таксама ў гэтым спісе, не матывавалі нас хутка з’ехаць. Карацей, калі мы неяк з гэтай думкай змірыліся, было ўжо позна.

«НН»: Нават пасля затрымання Ігара Лосіка спадзяваліся, што дадуць спакойна тут жыць?

ВП: Калі ты жывеш у гэтым моманце, неяк інакш успрымаеш усё. Маё бачанне было такім, што наогул выбары — проста кропка, якую трэба перажыць. Напрыклад, не затрымаюць да 9 жніўня, потым усё пойдзе на спад. Я думала, што паўторыцца сітуацыя 2010 года, калі пасля выбараў быў вялікі разгон Плошчы, гайкі закруціліся, усё суцішылася і больш не было патрэбы ў далейшых рэпрэсіях. Таму мне здавалася, што пасля 9 жніўня і Ігар Лосік выйдзе, і Сяргей Ціханоўскі праз пэўны час.

Але ўсё не так атрымалася. Эдзік, напэўна, быў больш дальнабачны, таму што ён не падзяляў мой пункт гледжання.

«У пэўны момант пачала думаць, што мужа проста забілі»

«НН»: Якія думкі былі ў першыя дні, калі Эдуард знік?

ВП: Мне было вельмі страшна. Нікому не зычу такое перажыць. Я ў пэўны момант пачала думаць, што яго проста забілі. Старалася супакоіць сябе: не, гэта нерацыянальна, такога не можа быць. На трэція суткі пасля яго знікнення я проста марыла, каб муж знайшоўся дзе-небудзь на «амерыканцы».

«НН»: Пра месца знаходжанне змагла даведацца адвакат?

ВП: Не, адвакату нічога не казалі: проста нідзе няма. На трэція суткі бацькі пайшлі пісаць заяву аб знікненні чалавека, і тады ўжо з Лідскага РАУСа патэлефанавалі на Акрэсціна і даведаліся, што ён там.

«НН»: Вы верылі, што муж выйдзе на волю пасля 30 сутак?

ВП: Так, надзея была. З аднаго боку, разумела, што яго хутчэй за ўсё пасадзяць за крыміналку, гэта ўжо заведзеная практыка — як з Паўлам Севярынцам, лідскім актывістам Вітольдам Ашуркам. Але заўсёды спадзяешся на лепшае.

«НН»: Як бацькі перажываюць гэту сітуацыю?

ВП: Мне падаецца, яны даюць рады. Гэта другі раз, калі мы маем справу з крымінальным пераследам, таму пэўным чынам знаёмыя з усім. Другі раз ты больш гатовы, ужо ведаеш, чаго чакаць.

«НН»: А калі было складаней — у 2015-м ці цяпер?

ВП: Цяжка сказаць. Цяпер гэта як наступны ўзровень. У 2015-м было складана, таму што ты нічога не ведаеш і наогул думаеш, у якім месцы мы звярнулі не туды. Гэтым разам зразумела, што адбываецца, але ёсць цяжкасці ў тым, што я ў эміграцыі — мяне жыццё не рыхтавала да таго, што я буду адна ў іншай краіне. І тое, што мы чакаем дзіця, таксама дадатковы выклік.

«НН»: Калі з мужам абмяркоўвалі выбары, ці маглі спрагназаваць, што яны будуць такімі?

ВП: Абсалютна не чакалі. І я, як веруючы чалавек, бачу ў гэтым дух Божы, што гэта Бог абуджае беларусаў.

Я ж кажу: думала, што паўторыцца 2010 год, калі на Плошчу выйдзе пэўная колькасць людзей, усіх брутальна разгоняць і на гэтым усё. Але Эдзік пераасэнсоўваў гэту сітуацыю, казаў: не, Віка, зараз іншы час, штосьці будзе такое, чаго мы яшчэ не бачылі.

«НН»: Эдуард пісаў, што ў 2011-м для вас скончыліся месцы ў аўтазаку. Гэта нейкая рэальная гісторыя?

ВП: Так. Мы ўдзельнічалі ў маўклівых акцыях і былі тады на праспекце Незалежнасці. З натоўпам людзей хацелі схавацца ў «Цэнтральным», але перад намі зачынілі дзверы. І мы апынуліся паміж зачыненымі дзвярыма і аўтазакам, у які запакоўвалі людзей. Усіх хапалі, мы засталіся ў першай чарзе. І тут амапаўцу штосьці крыкнулі, напэўна, што месцы скончыліся, ён проста пайшоў сеў у аўтазак і з’ехаў. 

«НН»: Муж рыхтаваў вас да таго, што можа быць затрыманы?

ВП: Мы абмяркоўвалі гэта. Мяне не трэба было асабліва рыхтаваць, бо мы разумелі, у якой сітуацыі знаходзімся і што ў краіне адбываецца. Канечне, ён забяспечыў мяне пэўнымі кантактамі людзей, да якіх я магу звярнуцца па дапамогу.

«НН»: У 2016 годзе пасля вызвалення Эдуард жартаваў у інтэрв’ю, што вы пакладзяце перад ім Крымінальны кодэкс і будзеце прымушаць вывучаць кожную фразу. Прасілі быць асцярожным?

ВП: Я яшчэ ў траўні яму казала: калі ласка, толькі не сядзь! Ён абяцаў, што не сядзе. Мы думалі, што мы можам зрабіць, каб гэтым разам абышлося. Але зразумелі, што нават калі выдаліць усе акаўнты з сацсетак і не весці ніякую дзейнасць, гэта ніяк не ўратуе.

«Імя дачкі абмяркоўвалі праз адваката»

«НН»: Калі даведаліся, што чакаеце дзіця?

ВП: У канцы красавіка. Эдуард быў вельмі рады. Казаў, што быццам атрымаў новы штуршок матывацыі ў жыцці.

«НН»: Абмяркоўвалі, якімі будзеце бацькамі?

ВП: Не паспелі. Пэўнае разуменне, якімі мы мусім быць бацькамі, складавалася на працягу нашых адносін, але перажыць цяжарнасць у поўнай меры ў нас не атрымалася. Кругаварот падзей так засмоктваў, што рэфлексаваць над гэтым проста не было магчымасцяў.

«НН»: Штосьці куплялі ўжо для будучага дзіцяці?

ВП: Ну вось я зараз гэтым займаюся, таму што засталося зусім мала часу. Загадзя мы нічога для дзіця не набывалі. Збіраліся гэтым заняцца ў пачатку лістапада, але ў канцы верасня Эдзік сеў у турму, і ўсё памянялася.

«НН»: Хто з акружэння апроч сям’і ведаў пра цяжарнасць?

ВП: Вельмі мала людзей. Мы неяк не рабілі абзвон па прозвішчах. Бывала, што ў размове гэта ўсплывала і людзі даведваліся. Але адмыслова распавялі толькі самым блізкім сваякам.

«НН»: Ці абралі ўжо імя для дачкі?

ВП: Амаль што, але не хачу загадзя афішаваць, можа яшчэ перадумаем.

«НН»: Вы паспелі яго абмеркаваць з мужам ці адна вырашалі?

ВП: Абмеркаваць яго мы паспелі праз адваката (усміхаецца).

«Эдзік ніколі не скардзіцца на ўмовы»

«НН»: Якія апошнія навіны ад Эдуарда?

ВП: Навінаў не багата. Праз адваката ён просіць, што трэба перадаць. Камунікацыя атрымліваецца вельмі ўрэзаная, хутчэй, проста абмяркоўваеш побытавыя рэчы.

«НН»: У якіх умовах ён утрымліваецца?

ВП: Ён зараз на Валадарцы. Эдзік проста ніколі не скардзіцца: што першы раз, што цяпер. Заўсёды кажа, што нармальна. Я так зразумела, што адмыслова з яго не здзекуюцца.

«НН»: Ці даходзяць лісты?

ВП: Бацькам даходзяць, мне чамусьці не прыйшло яшчэ ніводнага. Не ведаю, з чым гэта звязана, можа, менавіта мне лісты забараняюць перадаваць. Некаторыя сябры атрымліваюць адказы.

«НН»: А што піша?

ВП: Бацькоў падбадзёрвае, просіць берагчы сябе і не хвалявацца за яго. Дзякуе за падтрымку, за тое, што яму пішуць. Кажа, што ўсе малайцы і ён намі ганарыцца. Яшчэ калі сядзеў на Акрэсціна, чуў, як пад сцены падышоў марш, і гэта вельмі падбадзёрыла. 

«НН»: Нядаўна ў Эдуарда быў дзень народзінаў. Нейкі падарунак змаглі яму перадаць?

ВП: На жаль, нічога. У яго дзень народзінаў 28 кастрычніка, а 27-га мусіў выйсці тэрмін затрымання. Я думала, што Эдзік будзе на волі, таму нават не рыхтавалася, каб нейкім чынам павіншаваць яго ў турме. Пазней у гэты дзень адвакат да яго патрапіла, і яна пераказала на словах мае віншаванні. Муж казаў, што не чакаў адваката і гэта для яго найлепшы падарунак — атрымаць нейкія звесткі пра нас.

«Вечарамі ўключаю пропаведзі амерыканскага пастара»

«НН»: Вы казалі, што не былі гатовы да эміграцыі. Што складана ў жыцці за мяжой?

ВП: Я проста ніколі не хацела з’язджаць. Я сумую па Беларусі. Тым больш я ніколі не разглядала варыянт, што я тут буду адна, без Эдзіка. Я не дома, вось і ўсё.

«НН»: Чым займаецеся ў гэтыя дні?

ВП: Вельмі шмат спраў па ўладкаванні тут. Мне трэба на легальных падставах быць, вырашаць пытанні з медыцынай. Была цэлая эпапея з пошукам жытла. Я не ведаю, наколькі гэта зацягнецца. Калі б я ведала, што Новы год буду сустракаць у Мінску разам з Эдзікам, то гэта была б адна гісторыя. Але мне трэба паклапаціцца пра сваё жыццё і жыццё нашай дачкі.

«НН»: Як вяртаеце сабе раўнавагу?

ВП: У мяне насамрэч няма шмат часу на нейкую рэфлексію. З таго, што прыводзіць у раўнавагу, — я слухаю на YouTube пропаведзі аднаго амерыканскага пастара. У яго вялікі цыкл, якога мне надоўга хопіць. Таму вечарамі, калі спраў няма і застаецца толькі думаць пра сваё гаротнае жыццё, я ўключаю пропаведзі.

«НН»: Як думаеце, Дзень волі ў наступным годзе будзе арганізоўваць тая ж каманда?

ВП: Калі будзе тая ж каманда, то значыць, мы перамаглі і настала новая Беларусь, у якой усе палітвязні вызваленыя.

Каментары

«Чаму яна бесіцца? Мужыка даўно не было!» АНТ паказала камедыю ўласнай вытворчасці. Насмяшыць вас толькі канцоўка

«Чаму яна бесіцца? Мужыка даўно не было!» АНТ паказала камедыю ўласнай вытворчасці. Насмяшыць вас толькі канцоўка

Усе навіны →
Усе навіны

Прыгожая традыцыя ў Берліне працягваецца. Дзясяткі тысяч заўзятараў «Уніёна» спявалі на стадыёне калядныя песні3

У Еўропе падымуць цэны на новыя аўто, каб стымуляваць пераходзіць на электрамабілі. Ці закране гэта Беларусь?29

Навагоднія падарункі ад Слуцкага сыраробнага камбіната ўразілі сваёй шчодрасцю10

На вуліцах Львова жыццё спаборнічае са смерцю ФОТАФАКТ9

60-гадовы мужчына, які ў 2020-м назіраў за выбарамі з табурэткі праз бінокль, пасля адваяваў два гады ва Украіне49

Пашкоджанні кабеляў працягваюцца. На гэты раз адзін з іх абарваны паміж Эстоніяй і Фінляндыяй4

Масквічы папрасілі Пуціна перанесці будаўніцтва гасцявога комплексу для пасольства Беларусі6

Навошта Лукашэнку «прэзідэнцкі баль» — такая дэманстратыўная і крыху архаічная, сэксісцкая па форме традыцыя?24

Байдэн збіраецца на развітанне ўвесці пакет санкцый супраць «ценявога флоту» Расіі

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Чаму яна бесіцца? Мужыка даўно не было!» АНТ паказала камедыю ўласнай вытворчасці. Насмяшыць вас толькі канцоўка

«Чаму яна бесіцца? Мужыка даўно не было!» АНТ паказала камедыю ўласнай вытворчасці. Насмяшыць вас толькі канцоўка

Галоўнае
Усе навіны →