Стоп-фэйк: на БТ кажуць, што ў «Голасе» зарэгістравалася 6000 чалавек. Але гэта колькасць участкаў
Дзяржаўныя СМІ і афіліяваныя з імі тэлеграм-каналы працягваюць «выкрываць» анлайн-платформу падліку галасоў «Голас».
Лічыльнік на сайце праекта паказвае, што па стане на вечар 5 жніўня ў сістэме зарэгістраваліся 812 тысяч чалавек. Аднак дзяржаўныя медыя пераконваюць, што лічбы завышаныя больш чым у 100 разоў. З чаго яны робяць такую выснову?
«3 жніўня была зробленая спроба прывязаць тых, хто зарэгістраваўся, да карты Беларусі. Раптоўна высветлілася, што актывістаў налічваецца ад сілы 6000 чалавек», — паведамілі ў праграме «Зразумелая палітыка плюс» на «Беларусь 1».
Пры рэгістрацыі ў «Голасе» карыстальнік указвае, за якога кандыдата збіраецца галасаваць, а таксама называе свой участак для галасавання.
Сістэма падлічвае, колькі выбарцаў з канкрэтнага ўчастка ўжо зарэгістраваліся і на падставе гэтага ўказвае ўзровень пакрыцця — выдатны, добры ці «можа быць палепшана».
Калі наблізіць карту, можна ўбачыць кожны ўчастак, калі аддаліць — участкі, натуральна, накладаюцца адзін на аднаго.
Цэнтрвыбаркам паведамляе, што на тэрыторыі Беларусі створана 5 723 участкаў. Апроч таго, яшчэ 44 участкі адкрываюцца за мяжой.
Тыя лічбы, што заўважылі работнікі БТ — колькасць існуючых участкаў на тым ці іншым кавалку карты Беларусі.
Каментары