Таццяна Мархель: «Хочацца закрэсліць гэты нуль, а перад васьмёркай намаляваць адзінку, каб зноў 18!»
19 студзеня ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі адбудзецца сапраўдны «Таццянін дзень» — вечарам тут пройдзе юбілейны бенефіс народнай артысткі Беларусі Таццяны Мархель. Папраўдзе, нават цяжка паверыць у тое, што Таццяне Мархель — 80!
«Няхай будзе весела!» — гаворыць пра фармат свайго юбілею Таццяна Рыгораўна. І адзначае, што юбілейная вечарына рыхтуецца амаль экспромтам.
Чытайце таксама: Лукашэнка павіншаваў народную артыстку Беларусі Таццяну Мархель з 80-годдзем
— Справа ў тым, што толькі днямі адбылася прэм’ера новага спектакля Аляксандра Гарцуева «Мудрамер», і ў мяне там невялічкая роля, — распавяла Таццяна Мархель «Народнай Волі». — Але я да гэтай ролі вельмі рыхтавалася, шукала падыходы, каб атрымалася небанальна. Я іграю жанчыну, якая замаўляе дамавіну. Сама для сябе. І ёй вельмі хочацца, каб апошні прытулак быў прыгожым, зручным. Таму замаўляе мая гераіня яе з вялікім аптымізмам. І сыходзіць — быццам сапраўды ў новае жыццё. Вобраз атрымаўся вельмі светлы. Мне падаецца, што публіцы спадабалася — вельмі цёпла прыняла. Для мяне гэта вялікая радасць, бо новых роляў у тэатры ў мяне даўно не было. Таму я была занята толькі «Мудрамерам», а не падрыхтоўкай да юбілею. Але мы нейкі цікавы ход для бенефісу знойдзем! Пакоціцца, як тое жыццё!
— Таццяна Рыгораўна, вы вялікая аптымістка па жыцці. І ў мяне ваш узрост па пашпарце неяк зусім не стасуецца з вамі. Нават няёмка гэтую лічбу агучваць у вашай прысутнасці…
— Ой, я і сама гляджу на гэтую лічбу і думаю: ды не, праходзь міма! Гэта ўсё не пра мяне! Увогуле, у мяне была думка закрэсліць гэты нуль, а перад васьмёркай намаляваць адзінку. Быццам бы мне не 80, а зноў 18!
— А чыста па-жаночы ўзрост адчуваеце? Ну там маршчыны, здароўе і ўсё такое…
— Калі мы з мужам разышліся, а гэта было шмат гадоў таму, мне падавалася, што я не вытрымаю, так цяжка было. І я вельмі доўга пакутавала, доўга паднімалася… Але я неяк сказала: пасля ўсяго перажытага я нарэшце сустрэлася з адным вельмі цікавым чалавекам, і мне стала лягчэй. Зірнула на свет іншымі вачыма. І гэты чалавек — я сама. Бо калі мы жылі разам з мужам, то ўсё рабілася для яго. І не таму, што я такая добрая, а таму, што я эгаістка і мне было прыемна так рабіць. А гэта няправільна. Але я была шчаслівая, калі бачыла, як ён расце.
А калі здарыўся развод, я была ў поўнай роспачы, не магла нават дыхаць. Але дзеці былі, дзеля іх трэба было…
Ай, нейкая неюбілейная размова атрымліваецца! Карацей, я сустрэлася сама з сабой. І мне вельмі хораша жыць. Вакол мяне — Божы свет, птушкі, цудоўная прырода. Я атрымліваю асалоду ад кожнай хвіліны!..
— Не сакрэт, што некаторыя жанчыны пакутуюць ад таго, што побач няма надзейнага мужчыны, моцнага пляча…
— Я не маю гэтага пляча ўжо больш за 30 гадоў і адпакутавала з гэтай нагоды даўным-даўно! Цяпер у мяне свае моцныя плечы. Прывыкла сама з усім спраўляцца. Я вясковая дзяўчына, усё магу. І бачыла, як мая мама сама траіх дзетак на ногі паставіла, і грошай у калгасе не было, і ніхто асабліва не дапамагаў. Усё сама! І ўсе выжылі.
— А для душы, для сэрца?
— Ну не зусім я ўжо засохлая кветка! І магу расказаць пра гэта таксама, але — давайце іншым разам…
— Таццяна Рыгораўна, ад душы вам зычу здароўя і новых вялікіх роляў!
— Дзякуй!
-
У Гомельскім драматычным тэатры — кадравыя чысткі. Зноў праз «палітыку»
-
«Будзе смешна і балюча»: «Купалаўцы» прэзентуюць заўтра новы спектакль. У галоўных ролях — Манаеў, Белахвосцік, Гарцуева
-
«Рашэнне прыйшло звонку». Што адбываецца ў віцебскім тэатры, дзе ў спектаклі прагучала «Жыве Фландрыя!» і пачалася чарада звальненняў?
Каментары