Эканоміка9999

Гандлёвыя маркі МТЗ і «Belarus» арыштаваныя ў ЗША і частцы ЕС, а маёмасць завода ў Літве пойдзе з малатка

фота Сяргея Гудзіліна.

Гэтая гісторыя бярэ старт яшчэ з 1990-х, калі Мінскі трактарны завод вырашыў выйсці на амерыканскі і канадскі рынак. Прадаваць трактары вырашана не праз уласнае прадстаўніцтва, а з дапамогай фірмаў Belarusian Equipment of Canada Limited («BEC», Канада) i Belarus Machinery Inc. («BMI», ЗША). Нягледзячы на назвы, у рэальнасці першая кампанія цалкам належыць расійскаму «ATEX», а ў другой у расійскага «Аўтатрактарэкспарту» 90% акцый, толькі астатнія 10% — нашы.

Такі падыход тлумачыўся недасведчанасцю маркетынгу і работай па інэрцыі. Бо гэта цалкам тая схема, па якой працавалі ў СССР.

Больш за 10 гадоў (!) МТЗ пастаўляў гэтым фірмам машыны і камплектуючыя без аплаты, «на рэалізацыю». Вядома, дэбіторская запазычанасць расла — у студзені 1999 года згаданыя кампаніі былі вінаватыя МТЗ велізарныя сумы. «BMI» не сплаціў $28,5 мільёна, а «BEC» — $3 мільёны плюс яшчэ 9,5 мільёна канадскіх даляраў.

МТЗ, урэшце, спрабуе спагнаць даўгі — нават пачынае працэдуру банкруцтва «BEC», але тыя адхіляюць пазоў і выстаўляюць МТЗ сустрэчную прэтэнзію — аб незадавальняючай якасці прадукцыі. 

У выніку ад беспаспяховасці ўласных высілкаў МТЗ звяртаецца да амерыканскай кампаніі Suraleb Inc., — гэта такія юрыдычныя калектары (чыя назва па дзіўным супадзенні люстэркава чытаецца як Belarus), — каб яны дапамаглі спагнаць даўгі.

Амерыканцы гатовыя ўзяцца за справу, але выстаўляюць свае жорсткія ўмовы. Ад таго, што ўдасца спагнаць яны забяруць сабе ад 12% да 50% у залежнасці ад агульнай сумы, але мінімум $1,5 мільёна.

МТЗ гэтыя ўмовы задавальняюць, і кампаніі падпісваюць кантракт. 

За паўтара года Suraleb выбівае з расейцаў частку даўгоў у выглядзе тэхнікі і маёмасці. Агульная сума спагнанага на той момант — амаль што $20 мільёнаў, з якіх Suraleb хоча забраць за свае паслугі $4,4 мільёна. 

Фрагмент з пастановы Стакгольмскага трыбунала ад 31 мая 2006 (Case: 1:06-cv-03496), які ў далейшым вёў разбіральніцтва між беларускай і амерыканскай кампаніямі

Аднак МТЗ «з невядомых прычын» не забірае маёмасць, якую спагналі амерыканскія калектары. 

Тут можна толькі рабіць здагадкі. «Наша Ніва» не атрымала з МТЗ адказу на запыт аб прычынах такіх паводзінаў. Можа быць, везці цераз акіян рэквізаваныя трактары было задорага? 

Тым часам амерыканцы яшчэ нейкі час спрабуюць перапіскамі і ціскам прымусіць беларусаў аплаціць свае паслугі.

Але тыя ўсё адно ігнаруюць патрабаванні. 

Таму ў 2003 годзе амерыканская кампанія звяртаецца ў Стакгольмскі арбітраж — гэта суд, які, паводле дамовы між МТЗ і Suraleb, меўся разбірацца ў іх адносінах пры спрэчках. 

Амерыканцы патрабуюць, каб МТЗ сплаціў запазычанасць і пеню, а таксама кампенсаваў юрыдычныя выдаткі.

Суд цягнецца некалькі гадоў. Пры канцы мая 2006 года выносіць рашэнне, у якім вызначае, што беларуская кампанія не выканала дамову, таму вінаватая і мусіць аплаціць амерыканцам паслугі. 

Праўда, суд трохі карэктуе запыты амерыканцаў, робячы пераразлік спагнанага і, адпаведна, узнагароды. 

З улікам часткова пагашанага доўга (за кошт прададзенай маёмасці МТЗ у ЗША) застаецца $2,1 мільёна агульнага доўга перад амерыканцамі. Таксама беларускую кампанію абавязваюць заплаціць $340 тысяч у якасці пені, $987 тысяч за паслугі юрыстаў ды 1,2 мільёна шведскіх крон на судовыя выдаткі. Агулам каля $3,5 мільёна.

МТЗ адмовіўся плаціць па ўсіх гэтых рахунках. Невядома, наколькі сур'ёзна на той момант успрымалі беларусы пастанову шведскага суда, але ў перспектыве ўдарыла яна па іх вельмі балюча. 

Амерыканскія юрысты ловяць МТЗ па ўсёй Еўропе

Праз некалькі месяцаў пасля шведскага арбітража — у снежні 2006 года — яго рашэнне прызнаецца ў Штатах і прымаецца да выканання. 

Рашэнне суда ў Ілінойсе. Крыніца: https://www.gpo.gov/fdsys/pkg/USCOURTS-ilnd-1_06-cv-03496/pdf/USCOURTS-ilnd-1_06-cv-03496-0.pdf

Трохі пазней рашэнне шведскага арбітражу прымаецца ў Румыніі і Канадзе.

МТЗ доўга пазбягаў выканання рашэння, але амерыканцы працягвалі ціснуць і летась — у чэрвені 2017 года — шведскі арбітраж прызнаецца і ў Літве. 

«Шапка» дакумента аб паседжанні. З усёй пастановай (на літоўскай мове) можна азнаёміцца па гэтай спасылцы. 

Літоўцы не сталі марнаваць час і пачалі працэс прымусовага выканання. 

На сёння сітуацыя такая: у згаданых краінах (Літва, Канада, ЗША, Румынія) арыштаваныя ўсе актывы МТЗ. Філіял МТЗ спыніў сваю дзейнасць у Літве, любая тэхніка ва ўласнасці МТЗ будзе канфіскаваная на карысць Suraleb пры спробе заехаць на тэрыторыю згаданых краін.

МТЗ пазбаўлены права атрымліваць грошы ад сваіх дылераў за пастаўленую прадукцыю. 

Маёмасць МТЗ у Літве (у іншых краінах ужо ўсё прададзена, але там нязначныя сумы) найбліжэйшым часам пойдзе з малатка. Аўтарскія правы і знакі таксама арыштаваныя — вось адпаведная пастанова ў дзяржаўным патэнтным бюро Літвы: гандлёвая марка «Беларус» і «Belarus» знаходзіцца пад «часовым абмежаваннем правоў». 

Літаральна ў маі 2018 года літоўскі суд прыняў да выканання пастанову канадскага суда ў Антарыа і абавязаў МТЗ аплаціць юрыдычныя выдаткі і ў гэтай краіне, а там немалая сума — амаль $400 тысяч. 

Праз праблемы з гандлёвым знакам «МТЗ» і «Беларус» у завода ўзнікнуць складанасці і з пастаўкамі тэхнікі ў іншыя краіны Еўрасаюза. 

Наколькі вядома «Нашай Ніве», юрысты амерыканскай кампаніі збіраюцца прасоўваць прызнанне шведскага арбітражу ў іншых краінах ЕС.

На сёння доўг МТЗ складае каля $5 мільёнаў.

Адметна, што на заводзе гэтую сітуацыю не сталі каментаваць увогуле — юрыст прадпрыемства сказала «Нашай Ніве», што «суды ідуць», а намеснікі дырэктара па ідэалогіі і эканоміцы былі «не асабліва ў курсе сітуацыі». 

Праўда, з намі пагаварыў юрыст кампаніі Suraleb у Літве Эгідзіюс Маркюнас. 

«У 2016 годзе бакі папярэдне дамовіліся аб мiравым пагадненнi, але з невядомых прычын МТЗ адмовіўся падпісваць яго. Чаму беларускі завод вырашыў працягнуць судовыя разбіральніцтва, мы не ведаем. У сувязі з наступнымі судовымі рашэннямі сума, якую павінен быў аплаціць МТЗ, амаль падвоілася і працягвае расці. Цяпер працэс спагнання даўгоў перайшоў на тую стадыю, калі судовыя прыставы на аўкцыёне будуць прадаваць актывы МТЗ: гандлёвыя знакі «БЕЛАРУС» і «МТЗ», дэбіторскія запазычанасці і іншыя актывы», — тлумачыць Маркюнас. 

Ці няма магчымасці кампенсаваць доўг перад амерыканцамі за кошт той маёмасці, якую МТЗ «з не вядомых прычын» не стала забіраць са Штатаў?

«За гэты час у Амерыцы на карысць Suraleb inc. была прададзеная нерухомасць МТЗ. А што за 18 год стала з дэталямі трактараў, мэбляй і таму падобным, вы, напэўна, здагадваецеся. Гандлёвы знак MTZ i BELARUS згублены, і ў Амерыцы яго ўжо кантралюе Suraleb inc.», — дадаў юрыст.

«Гіпатэтычна МТЗ можа прадаваць тэхніку праз падстаўную фірму, каб яна заязджала на тэрыторыі згаданых краін як маёмасць іншай кампаніі. Але на сёння літоўскі дылер МТЗ вырашыў не рызыкаваць і плаціць за кожны прададзены трактар адміністратару, прызначанаму судовым прыставам. Бо любая спроба абыходу можа быць ускрытая і спыненая ў судзе. Як вынік — наступнае спагнанне шкоды», — сказаў таксама Маркюнас. 

Ён звярнуў увагу і на тое, што літоўскімі прыставамі арыштаваны гандлёвыя знакі «MTZ» i «BELARUS» на ўзроўні WIPO — Сусветнай арганізацыі інтэлектуальнай уласнасці.

МТЗ абскардзіў дзеянні прыставаў. Калі суд адхіліць іх скаргу, то працэс будзе беспаваротным — згаданыя маркі пойдуць на аўкцыён.

На дадзены момант незразумела, як сітуацыя будзе развівацца далей. 

Вядома, што яна кантралюецца на ўзроўні ўрада — у 2015 годзе выходзіла пастанова №1235 ад 23 снежня «Аб некаторых пытаннях нарошчвання і дыверсіфікацыі экспарта і паслуг». 

Датычна МТЗ там паведамлялася наступнае: «Правесці перамовы з юрыдычнымі фірмамі па заключэнні ўгоды аб прадстаўленні інтарэсаў МТЗ для канчатковага вырашэння сітуацыі ў адносінах з кампаніяй «Суралеб», а таксама «прапрацаваць пытанні нарошчвання трактараў на амерыканскі рынак».

Адметна, што ў той жа пастанове МТЗ загадвалася «аднавіць рэпутацыю ў Кітаі». Пра Кітай сказаць цяжка, але што праблема з амерыканцамі засталася нявырашанай — гэта відавочна. 

Наколькі для МТЗ адчувальныя $5 мільёнаў? Калі яшчэ ў 2015 годзе МТЗ быў цалкам стратным прадпрыемствам, то ў 2017 ён ужо працаваў з чыстым прыбыткам амаль $34 мільёны. 

Праўда, на пачатак 2018 года за заводам заставаліся астранамічныя даўгі — доўгатэрміновыя абавязкі па крэдытах і пазыках складалі 511 мільёнаў рублёў. Такія звесткі прыводзіла выданне «Беларусы і рынак».

Каментары99

У Расіі выпадкова выдалі колькасць вайскоўцаў, якія зніклі без вестак?4

У Расіі выпадкова выдалі колькасць вайскоўцаў, якія зніклі без вестак?

Усе навіны →
Усе навіны

Лідарам па спажыванні трафіку ў Беларусі з'яўляецца чацвер4

Падаражэлі папулярныя крэдыты на жыллё

Манашак Свята-Елісавецінскага манастыра прагналі з кірмашу ў Польшчы45

Трамп паабяцаў «жорсткую расплату» ХАМАС, калі ізраільскія закладнікі не будуць адпушчаныя да ўступлення яго на пасаду2

Абвінавачанне ў атручванні чацвярых дзяцей у Краснаярскім краі выставілі іх бацьку2

Устанавілі тарыфы на платны прыём дактарамі3

«Будзе двоеўладдзе: Зурабішвілі паспрабуе перападпарадкаваць сабе дзяржапарат». Якія перспектывы пратэстаў у Грузіі3

Стыльная карэянка, што скарыла сэрцы гледачоў Алімпіяды, трапіла ў спіс «100 жанчын 2024 года»

Чым цяпер жыве доктар Мартаў?6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Расіі выпадкова выдалі колькасць вайскоўцаў, якія зніклі без вестак?4

У Расіі выпадкова выдалі колькасць вайскоўцаў, якія зніклі без вестак?

Галоўнае
Усе навіны →