Конкурс сэлфі1616

Рэпартаж «НН» з вёскі Муравейніца, дзе жывуць самыя працавітыя людзі Беларусі ФОТЫ

У конкурсе «Навучы бабулю рабіць сэлфі!», што «Наша Ніва» зладзіла разам з Samsung Galaxy A8|A8+, перамаглі ўсмешлівая Марыя Азбука і яе ўнучка Наталля. За іх галасавалі ўсе сваякі, знаёмыя і знаёмыя знаёмых з Гомельшчыны. Сёння мы расказваем падрабязней пра дружную сям’ю і вёску Муравейніца, дзе нарадзіліся і выраслі тыя, хто носіць прозвішча Азбука.

Марыя Азбука.

Калі адмотваць усё назад, то, каб угаварыць бабулю Марыю ўзяць удзел у конкурсе, унучцы прыйшлося змарнаваць два дні. Марыя Фёдараўна адпіралася, спасылаючыся на непублічнасць і тое, што дрэнна атрымліваецца на фота. Але пасля здалася: адзіная і любімая ўнучка Наталля ўпэўніла ў тым, што яна дужа абаяльная, таму заслугоўвае, каб пра яе даведалася як мага больш людзей. Дзяўчына хоць і жыве ў Гомелі, прыязджае да бабулі вельмі часта — у іх вельмі моцная сувязь.

Марыя Фёдараўна з унучкай Наталляй.

Вось і сёння Наталля адпрасілася з працы (займаецца бізнэсам, звязаным з касметычнымі паслугамі), каб раздзяліць радасць перамогі са сваёй любай MC Азбукай.

Марыя Фёдараўна радуецца, што цяпер у яе ёсць такі вялікі тэлефон, на якім усё відаць. Другі прыз вырашылі аддаць цётцы: унучка і так мае добры смартфон.

Людзі-мурашы

Мясцовыя сцвярджаюць, што вёску Муравейніца назвалі так таму, што тут жылі самыя працавітыя людзі. Як мурашы. Праўда, сёння ў ваколіцах «і п’яніц, і дармаедаў таксама хапае», расказвае бабуля.

Нейкі час вёску атакавалі цыганы. Аднойчы праз іх хітрыкі Марыя Фёдараўна страціла ўсе сямейныя каштоўнасці: цыганка зайшла ў хату папіць вады, а ўвечары высветлілася, што яна завітвала не толькі праз смагу. У пачатку нулявых хату зноў спрабавалі абрабаваць: пакуль гаспадары капалі бульбу, 17-гадовы падлетак нейкім чынам уціснуўся ў фортку і вынес шмат рэчаў.

Праўда, іх разам са злачынцам, у адрозненні ад цыганкі, хутка знайшлі. На шчасце, апошнія гадоў дзесяць такіх непрыемнасцей у гэтых краях не здаралася.

Дом сям'і Азбукаў лічыцца ў вёсцы ўзорным.

Кажуць, злачынцаў прываблівала тое, што дом сям’і Азбукаў адзін з найпрыгажэйшых у вёсцы: у свой час ён атрымаў таблічку са званнем «узорны». Хоць будаваўся ў 1960-я, але і цяпер стаіць на падмурку трывала: усё рабілася сваімі рукамі, таму на стагоддзі. «Толькі дах у нас непрыгожы, трэба новы зрабіць», — дзеліцца гаспадарчымі планамі спадарыня Азбука.

Насамрэч сям’я жыла даволі сціпла. Працуючы ў гаспадарчай краме, жанчына атрымлівала каля 70 рублёў. А «дзед» (менавіта так Марыя Фёдараўна называе мужа) пастаянна эканоміў.

«Ён у мяне ні капейчыны не прапіваў, але вечна адкладаў на кніжку. Памятаю, у вясковую краму неяк завезлі прыгожыя паўкажушкі. Дай, думаю, набудзем дочкам. Адзін ён купіў, разарыўся. А другі — не. А грошы хутка «згарэлі». Я тады яму сказала: «Гэта цябе Бог так пакараў, бо ты ўсё грошай шкадаваў», — усміхаецца жанчына.

Наталля з бабуляй як лепшыя сяброўкі.

Каханне на ўсё жыццё

Муж Марыі Фёдараўны быў трактарыстам-перадавіком, меў шмат працоўных медалёў, яго партрэт пастаянна вісеў на дошцы гонару.

У 2005-м, на 67-м годзе жыцця Васіль, які на рэтра-фотаздымках нагадвае маладога Шварцнэгера, памёр. «У яго крэпка круціла ногі. Думаем, што вінаватая чарнобыльская радыяцыя. Усе мужчыны-трактарысты, што з ім у саўгасе рабілі, рана сышлі з жыцця», — выказвае здагадкі бабуля. Марыя размаўляе па-беларуску, толькі там-сям у гаворцы праскоквае рускае слоўца ці чуецца ўкраінскі акцэнт.

Муж Марыі Фёдараўны Васіль Васілевіч з дочкамі.

Незвычайнае прозвішча Марыі перайшло ад мужа. Як і жонка, Васіль нарадзіўся ў Муравейніцы і тут пражыў усё жыццё. Знаёмыя яны былі з самага маленства. «Гулялі разам, ён мяне і біў нават малую, — смяецца Марыя Фёдараўна. — Пасля хадзілі за кіламетр у школу ў Дудзічах. А ўжо дарослымі ўзяліся за рукі і пайшлі ў сельсавет распісвацца». Здарылася гэта 29 лютага, таму што афіцыйныя гадавіны муж і жонка святкавалі рэдка, але так, як трэба. Як і само вяселле: на свята сабралася ўся вялікая вуліца Чырвонакастрычніцкая. Строі — як мае быць: пашытая вясельная сукенка з вянком і вэлюмам у нявесты, гарнітур — у жаніха. Каля бацькоўскага дома спецыяльна пабудавалі шалаш пад брызентам, бо ў саму хату ўсе не змяшчаліся. Так і «гасцявалі» на вуліцы. «Гэта цяпер людзі нейкія іншыя сталі, заціснутыя, а тады ўсе былі адно за аднаго», — дзеліцца думкамі гаспадыня.

Любімае крэсла-качалка Марыі, якое сваякі падарылі ёй на 75-годдзе. Астатняя мэбля верна служыць яшчэ з часоў працы ў краме. Тады, каб дастаць яе, людзям даводзілася папярэдне пастаяць у чарзе.

Жанчына кажа, што кахае мужа і сёння: «Ён у мяне адзін на ўсё жыццё». Таму астатнія кавалеры, якія сваталіся да яе пасля смерці Васіля, атрымалі адмовы.

Не адмаўляць сабе ні ў чым

Пра ваенны перыяд жанчына нічога не памятае. Кажа, тыя першыя гады жыцця, якія і прыйшліся на вайну — як белы ліст. Толькі па расповедах сваякоў ведае, што іх вёска была акупаваная немцамі, але яны тут асабліва не лютавалі. Суседнім мястэчкам пашанцавала куды менш: Шалыпы, што непадалёк, немцы спалілі амаль дашчэнту.

На фота злева — бацькі і сёстры Марыі Фёдараўны.

Сёння, калі дзве дачкі і ўнучка ўжо дарослыя, жанчына займаецца кветкамі, агародам, «парадкам». «Я люблю, калі не завалена нічога ў шафах. Таму старыя рэчы то бедным раздаю, то на смецце выношу», — тлумачыць спадарыня Марыя. 

На дні народзінаў Марыі Фёдараўны вуліца поўніцца спевамі «Ці вінаватая я», «Ля царквы стаяла карэта», «Пад акном шырокім»… Іх любіць зацягнуць як і сама гаспадыня, так і абедзве старэйшыя сястры, што прыязджаюць гасцяваць.

Калі застаецца адна і няма спраў па гаспадарцы, то Марыя Азбука сядае за кніжкі. Іх у доме — цэлая бібліятэка. «Кніжкі я запоем чытаю. Акрамя сваіх, мне з калінкавіцкай бібліятэкі дачка шмат чаго прывозіць. А нядаўна парадавала ўнучка: я вельмі хацела перачытаць раманы «Белая бяроза» Міхаіла Бубенава і «Сям’я Раманюк» Яўгенія Папоўкіна. Упершыню я пазнаёмілася з імі ў год 18, і вельмі даспадобы напісанае прыйшлося. У бібліятэках шукалі іх — няма. Тады мая Ната знайшла іх у кагосьці дома і мне зрабіла сюрпрыз».

Любімыя раманы гаспадыні.

Марыя Азбука кажа, што трэба браць ад жыцця ўсё. Вось ёй, напрыклад, як бы нельга есці цукеркі, але як можна адмаўляць сабе ў тым, чаго душа патрабуе? І сэлфі яна асвоіла. І яшчэ шмат чаго наперадзе.

Кветкі для жанчыны — сапраўдная аддушына. У яе ёсць і макі, і ружы, і архідэі, і шмат іншых сартоў.

З бліжэйшых планаў — адрамантаваць дах над галавой. І, як амаль любая бабуля, Марыя Фёдараўна хоча дачакацца праўнукаў. Астатняе ў яе ёсць.

Кошка Ліза выдатна абараняе дом ад мышэй. Пасля яе з'яўлення яны ў доме папросту зніклі.
А вось для гэтай мілай дзяўчынкі гаспадары яшчэ не прыдумалі імя. Таму можаце прапаноўваць свае варыянты ў каментах.

Каментары16

ГУБАЗіК пагражае Максу Каржу8

ГУБАЗіК пагражае Максу Каржу

Усе навіны →
Усе навіны

«Дзмітрыеву сказалі: «Калі нешта не тое, адразу вернешся ў турму»19

У Драздах выратавалі бабра, які праваліўся ў адкрыты калодзеж

Санкцыі перагледзець, паслоў вярнуць? Што стаіць за «маніфестам» Андрэя Дзмітрыева11

Сяргей Скрыпаль упершыню пракаментаваў замах на сябе па загадзе Пуціна2

Колішняму начальніку аддзела Банкаўскага працэсінгавага цэнтра пагражае да васьмі гадоў калоніі за данаты і каментары ў Telegram

Сібірак 66 дзён дрэйфаваў у Ахоцкім моры на лодцы: схуднеў на 50 кілаграмаў, страціў брата і пляменніка, але выжыў4

КНДР падарвала дарогі, што вядуць у Паўднёвую Карэю5

Доктар расказаў, каму трэба зараз рабіць прышчэпку ад кавіду

Настаўнік замежных моў з Яраслаўля пераехаў у Беларусь і цяпер працуе ў беларускамоўным часопісе4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

ГУБАЗіК пагражае Максу Каржу8

ГУБАЗіК пагражае Максу Каржу

Галоўнае
Усе навіны →