Гадзіннік Apple Watch ноччу самастойна пазваніў у 911, і амерыканец прачнуўся ў акружэнні паліцэйскіх
Карыстальнік Twitter Джэйсан Роўлі напісаў, што 16 сакавіка прачнуўся з-за трох паліцэйскіх, якія ўварваліся ў ягоную спальню. Амерыканец спаў з Apple Watch на руцэ і выпадкова актываваў рэжым SOS ў сне. Пра гэты і іншыя выпадкі адвольнага выкліку экстраных службаў піша The Verge.
«Публічная аб'ява: калі вы спіце з Apple Watch, падумайце аб адключэнні функцыі выкліку SOS, або таксама прачняцеся ў гадзіну начы з трыма паліцыянтамі ў вашай спальні», — напісаў Роўлі.
У размове з выданнем The Verge ён адзначыў, што паліцэйскія былі ветлівыя і спакойныя, бо, паводле іх слоў, ужо прывыклі да несапраўдных выклікаў з Apple Watch.
Мяркуючы па іншых скаргах, падобная праблема здараецца і ва ўладальнікаў iPhone, якія таксама могуць актываваць рэжым экстранага выкліку. У абодвух выпадках сістэма пачынае зваротны адлік пяці секунд, які суправаджаецца сірэнай, пасля чаго пачынае набор 911 і адсылае паведамленні сябрам ці сваякам пра тое, што чалавек у бядзе.
Функцыю экстранага выкліку SOS сапраўды можна актываваць, калі націснуць і ўтрымліваць кнопку ўключэння. Ноччу ж зрабіць гэта можна выпадкова. Функцыя адключаецца ў наладах.
Каментары