Здарэнні2929

«Радыкальныя ідэі антыфашызму і антырасізму» — пачаўся суд над мінскімі антыфашыстамі

У судзе Першамайскага раёна Мінска 3 лютага пачаўся працэс па так званай «справе антыфашыстаў».

Майкі — далоў

На лаве падсудных у клетцы — чацвёра маладзёнаў. Яшчэ двое — ў зале.

Падтрымаць хлопцаў прыйшло шмат народу — зала суда была цалкам запоўнена. Адпаведна, міліцыянты прынялі надзвычайныя захады бяспекі: ужо на ўваходзе ў суд супрацоўнік у цывільным з відэакамерай вёў перапіс наведнікаў. На ўваходзе ў залу людзей сустрэла рамка металашукальніка і яшчэ адзін «аператар».

Кожнага — ад знаёмага абвінавачаных да адваката — даглядалі вельмі пільна. Антыфашыстаў, якія прыйшлі гледачамі на працэс, амапаўцы прымушалі падымаць швэдры і паказваць майкі пад імі.

Дваім хлопцам загадалі майкі зняць. Непакой у міліцыянтаў выклікалі надпісы «Рэвалюцыя свядомасці. Яна ўжо ідзе» на адной з маек, і надпіс «антыфа» на іншай.

На пытанне, на якой падставе людзей распранаюць, адзін з амапаўцаў адказаў так:

«Мы не прымушаем людзей здымаць майкі, мы прапануем. Інакш ім проста можа не хапіць месца ў залі суда».

У самой зале, дарэчы, адразу загучалі крыкі ў адрас наведнікаў працэсу: «Не трэба махаць адно аднаму!», «Не трэба здымаць!» — міліцыянты забаранялі ўсе спробы камунікацыі.

Памахаць сыну не дазволілі нават маці Іллі Валавіка.

Старая справа на новы лад

Сутычка паміж прыхільнікамі двух мінскіх футбольных клубаў — «ультраправымі» фанатамі «Тарпеда» і «антыфашыстамі», што заўзеюць за «Партызан» — адбылася яшчэ 29 чэрвеня 2014 года. Спачатку справу спынілі, але амаль праз 1,5 года ў лютым 2016 затрымалі дваіх прыхільнікаў антыфашысцкага руху — Арцёма Краўчанку і Андрэя Чартовіча. Іх вінавацілі ў захоўванні наркотыкаў.

Краўчанка і Чартовіч закрываюць твары

Праз месяц пасля затрымання Чартовіча з Краўчанкам справу аб бойцы ў 2014 годзе раптам аднавілі, правялі шэраг вобшукаў сярод мінскіх антыфа, некаторых затрымалі.

Такім чынам, судзяць шасцярых. Гэта Ілля Валавік, Вадзім Бойка, Дзмітры Цехановіч, Філіп Іваноў, Арцём Краўчанка і Андрэй Чартовіч. Іх усіх абвінавачваюць у асабліва злосным хуліганстве. Акрамя таго, Валавіка вінавацяць у кіраўніцтве незарэгістраванай арганізацыяй — а гэта можа пацягнуць пазбаўленне волі на тэрмін да 3 гадоў. Краўчанку з Чартовічам абвінавачваюць у захоўванні і распаўсюдзе наркотыкаў.

Чацвёра хлопцаў знаходзяцца пад вартай. Краўчанка і Чартовіч з лютага 2016 года, Валавік і Бойка — з сакавіка.

Філіп Іваноў і Дзмітры Цехановіч пакуль на волі. Іваноў працуе інтэрнам у 10-й клінічнай бальніцы, ён анэстэзіёлаг-рэаніматолаг. Цехановіч — грузчык у краме «Каравай».

Дзмітрый Цехановіч размаўляе з адвакатам

Цікавы момант у справе, што спачатку аніякіх пацярпелых у ёй не было — яны таксама з’явіліся толькі праз паўтары гады. Па словах адвакаткі Ганны Бахцінай, пацярпелымі будуць праходзіць пасажыры таго тралейбуса і фанаты «Тарпеда».

Праўда, на працэс ніхто з іх не прыйшоў.

Таксама, па непацверджанай пакуль інфармацыі, адзін з фанатаў «Тарпеда» раптам вырашыў стаць пацярпелым пасля таго, як яго закрылі за справу, звязаную з наркотыкамі.

Радыкальныя ідэі антыфашызму і антырасізму

Пракурор зачытаў абвінавачванне. Па версіі следства, Ілля Валавік узначальваў шэраг «грамадскіх аб’яднанняў, якія не прайшлі дзяржаўную рэгістрацыю»

«Першая кроў», «Хеўра», «Red-white hunters», «Hardblow», «New school band», — пералічыў пракурор. — Суполкі, чыя дзейнасць звязаная з гвалтам над грамадзянамі, прапагандай радыкальных ідэй антыфашызму, антырасізму, анархізму».

Валавіка пракурор неаднаразова назваў адным з кіраўнікоў гэтых «арганізацый». Нібыта Валавік ажыццяўляў падбор і прыём новых чальцоў, арганізоўваў трэніроўкі, бойкі з апанентамі, збіраў унёскі. Бойку з тарпедаўцамі Валавік спланаваў загадзя, а цягам яе каардынаваў дзеянні іншых.

Першая сутычка з тарпедаўцамі 29 чэрвеня адбылася на прыпынку на вуліцы Несцерава, працягнуў чытаць абвінавачванне пракурор.

«Дзейнічаючы па матывах ідэалагічнай варожасці ў дачыненні да сацыяльнай групы фанатаў «Тарпеда» абвінавачаныя зладзілі бойку непасрэдна на прыпынку.

Затым тарпедаўцы загрузіліся ў тралейбус нумар 3, каб паехаць на стадыён: павінна была адбыцца гульня «Тарпеда» — ФК Маладзечна. Абвінавачаныя на машыне пад’ехалі на іншы прыпынак, на Ангарскай.

Адзін з абвінавачаных, Філіп Іваноў адмовіўся ўдзельнічаць у далейшым.

Але іншыя дзейнічалі. Па словах пракурора, Краўчанка зняў «рогі» тралейбуса з правадоў. Бойка разбіў шыбу ў задняй дзверы тралейбуса. Цехановіч і Валавік абражалі, запалохвалі і збівалі фанатаў «Тарпеда», распылілі «неўстаноўленае раздражняючае рэчыва» ў салоне. Аднаму з пацярпелых парвалі майку і куртку.

Акрамя таго, пракурор агучыў за што затрыманыя Краўчанка і Чартовіч. Па версіі следства, у маі 2015 года Краўчанка і Чартовіч яны прадалі 1,5 грама марыхуаны знаёмаму. А ў лютым 2016 года Чартовіч набыў сабе гашыш. Частку ўжыў, частку перапрадаў Краўчанку — яе і знайшлі ў таго пазней пры вобшуку.

Ілля Валавік прызнаў віну часткова (кіраўніцтва незарэгістраванай арганізацыяй ён адмаўляе). Часткова прызналі віну і Вадзім Бойка, Філіп Іваноў. Дзмітрый Цехановіч прызнаў віну цалкам, Андрэй Чартовіч — цалкам адмовіў. Часткова прызнаў і Краўчанка — бойка была, наркотыкі былі, але іх ён не прадаваў.

Дарэчы, некаторыя з абвінавачаных ужо маюць судзімасці. Ілля Валавік быў асуджаны на год і 6 месяцаў з адтэрміноўкай за злоснае хуліганства, таксама тэрмін з адтэрміноўкай атрымліваў і Краўчанка.

Працэс працягнецца ў панядзелак 6 лютага.

Каментары29

Што азначае загадкавы код R99 у прычынах смерці Уладзіміра Макея і Вітольда Ашурка?5

Што азначае загадкавы код R99 у прычынах смерці Уладзіміра Макея і Вітольда Ашурка?

Усе навіны →
Усе навіны

Наезд на людзей у Магдэбургу зрабіў мужчына родам з Саудаўскай Аравіі17

Пад пераслед трапіў вядомы віцебскі блогер3

МНС: Уладальнік згарэлага ГЦ у Віцебску не ліквідаваў раней выяўленыя парушэнні1

У нямецкім Магдэбургу аўтамабіль тараніў людзей на калядным кірмашы13

Сталі вядомыя імёны пяці вызваленых палітвязняў — іх прымусілі зачытаць у фільме АНТ палітычную заяву7

Стрыжак пра правакацыю з палітвязнямі: Яны ахвяры тэрору і могуць рабіць любыя заявы8

Прапагандысты заявілі пра разгром сеткі салідарнасці і арышт яе ўдзельнікаў14

Спынілася прапампоўка нафты праз нафтаправод «Дружба»3

У Расіі масава падпальваюць банкаматы і паліцэйскія машыны7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Што азначае загадкавы код R99 у прычынах смерці Уладзіміра Макея і Вітольда Ашурка?5

Што азначае загадкавы код R99 у прычынах смерці Уладзіміра Макея і Вітольда Ашурка?

Галоўнае
Усе навіны →