Супрацоўніка Рагачоўскага малочна-кансервавага камбіната прысудзілі да дзевяці гадоў калоніі за атрыманне хабару на агульную суму амаль у Br115 тысяч, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Гомельскага абласнога суда.
Суд Рагачоўскага раёна прызнаў работніка прадпрыемства вінаватым у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных ч.3 арт.430 КК (атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры), ч.2 арт.430 КК (атрыманне хабару паўторна ў буйным памеры). Яму прызначана пакаранне ў выглядзе дзевяці гадоў пазбаўлення волі ў выпраўленчай калоніі ўзмоцненага рэжыму.
У яго канфіскуюць ўсю яго маёмасць і пазбавяць права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых абавязкаў, тэрмінам на пяць гадоў. У даход дзяржавы з яго будзе спагнана амаль Br115 тысяч.
Прысуд у законную сілу не ўступіў, можа быць абскарджаны і апратэставаны ва ўстаноўленыя законам тэрміны.
Як было высветлена падчас папярэдняга расследавання, знаходзячыся на пасадзе начальніка аддзела знешнеэканамічнай дзейнасці Рагачоўскага малочна-кансервавага камбіната, той на працягу пяці гадоў прымаў незаконнае ўзнагароджанне ад прадстаўнікоў камерцыйных структур Казахстана і Расіі за спрыяльнае вырашэнне пытанняў, якія ўваходзяць у яго кампетэнцыю. Памер узнагароды залежаў ад колькасці тавараў, адгружаных са складоў.
Акрамя таго, ён неаднаразова атрымліваў незаконнае грашовае ўзнагароджанне ад кіраўніка транспартна-экспедыцыйнай кампаніі за тое, што арганізоўваў перавозку прадукцыі камбіната па тэрыторыі іншых дзяржаў выключна транспартам гэтай кампаніі.
Каментары