Новы корпус рэактара беларускай АЭС таксама грукнулі — гэтым разам пры перавозцы
Новы корпус рэактара беларускай АЭС пройдзе тэхнічную экспертызу. Патрэба ў гэтым узнікла пасля здарэння ў Талачынскім раёне ў ноч з 25 на 26 снежня.
Падчас транспарціроўкі па чыгунцы на адной са станцый ахоўны металічны транспартны кажух корпуса рэактара зачапіў апору кантактнай сеткі.
У афіцыйным паведамленні на сайце БелАЭС гаворыцца:
«26 снежня 2016 года падчас выканання манеўровых аперацый на станцыі Слаўнае Беларускай чыгункі ў негабарытным месцы адбыўся нязначны дотык ахоўнага металічнага транспартнага кажуха звышгабарытнага грузу (корпуса рэактара для Беларускай АЭС) аб апору кантактнай сеткі. Пашкоджанняў на корпусе рэактара не выяўлена. Парушэння графіка руху цягнікоў не было. Груз накіроўваецца далей па ўстаноўленым раскладзе».
Як інфармуе БелТА са спасылкай на прэс-службу Рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Беларуская атамная электрастанцыя», дбайную экспертызу, «у адпаведнасці з дзейнымі нормамі і правіламі», правядуць па прыбыцці корпуса на пляцоўку будаўніцтва станцыі ў Астравецкім раёне.
Паведамляецца, што транспарціроўка новага корпуса рэактара з Расіі адбываецца па чыгунцы ў суправаджэнні прадстаўніка завода-вытворцы «АЭМ-тэхналогіі».
Беларускі бок запатрабаваў у расійскага боку замяніць першы корпус рэактара пасля здарэння, якое адбылося на будаўнічай пляцоўцы АЭС у ліпені. Шматтонная металічная канструкцыя «саслізнула на грунт» з вышыні некалькіх метраў. Таксама сцвярджалася, што пашкоджанняў на корпусе няма, але беларускі бок выказаў жаданне яго замяніць на новы.
Каментары