Лукашэнка запатрабаваў гарантаваць бяспеку грамадзян падчас навагодніх і калядных святаў
Аляксандр Лукашэнка даручыў дзяржаўным органам звярнуць асаблівую ўвагу на гарантаванне бяспекі грамадзян у перыяд навагодніх і калядных святаў. Пра гэта ён заявіў сёння на нарадзе ў Мінску.
«Падзеі ў Расіі, якія адбыліся ў апошні час, — дадайце сюды яшчэ рознага роду выбухі балонаў у метро ў Маскве, трагедыі на дарогах і іншае, — кажуць пра тое, што нам ні ў якім разе нельга расслабляцца. Мы не знаходзімся недзе ў баку ад сталбавой дарогі гэтых страшных здарэнняў. Наадварот, мы знаходзімся ў самым эпіцэнтры. Таму чаго б нам ні каштавала, трэба захаваць мір і спакой у нашай краіне. Гэта — галоўнае», — падкрэсліў беларускі лідэр.
«Калі гэтага не будзе, ніякая эканоміка будзе не патрэбная, ніякія прадукты харчавання, ніякае фінансаванне, ні знешняе, ні ўнутранае. Галоўнае пытанне гэта — пытанне бяспекі і стабільнасці нашага грамадства», — заявіў кіраўнік дзяржавы.
Ён запатрабаваў звярнуць на адпаведныя пытанні пільную ўвагу, пачынаючы ад мясцовых органаў улады, кіраўнікоў сельскіх, пасялковых саветаў, заканчваючы урадам, Дзяржсакратарыятам Рады бяспекі, КДК, Адміністрацыяй прэзідэнта.
«Я прашу гэта мець на ўвазе перш за ўсё, асабліва напярэдадні масавых мерапрыемстваў, звязаных са светлымі і радаснымі для кожнага чалавека святамі — Новым годам і Калядамі, — адзначыў кіраўнік краіны. — Страшная катастрофа ў квадраце, калі людзі гінуць, чакаючы гэтых урачыстасцяў, святаў. Гэта недапушчальна».
«Асабліва людзям у пагонах трэба зрабіць усё, каб на вуліцах было спакойна, каб людзі правялі нармальна свята», — дадаў кіраўнік дзяржавы.
Каментары