Давыдзька зноў абмяркоўваў артыкул «Нашай Нівы». Але не з рэдактарам «НН», а з кіраўніком «Румола»
Старшыні Белтэлерадыёкампаніі Генадзю Давыдзьку ўсё яшчэ не даюць спакою дасье на беларускіх «заходнерусістаў», апублікаваныя ў лістападаўскім нумары «Нашай Нівы».
Газета з’явілася ў продажы ў пачатку лістапада, тады ж Давыдзька прысвяціў ёй добрую частку свайго «Клуба рэдактараў».
І вось цяпер кіраўнік БТ вырашыць вярнуцца да яго.
Прычым, насуперак логіцы, у студыі артыкул «Нашай Нівы» зноў абмяркоўвалі без рэдактара «НН». Замест гэтага госцем быў кіраўнік… прарасійскай арганізацыі «Румол» Сяргей Лушч, які не кіруе ніякім СМІ. Гэта адзін з тых, хто быў уключаны ў спіс тых, хто бачыць Беларусь Заходняй Расіяй.
Іншы ўдзельнік, апроч традыцыйных Давыдзькі і Паўла Якубовіча, рэдактар часопіса «Нёман» Аляксей Чарота (сын пісьменніка-славянафіла Івана Чароты).
«У гэтым спісе, Сяргей, ваша «Русь маладая». Вы праўда хочаце дэмантаваць суверэнітэт? Калі вы супраць суверэнітэту, я вас папрашу пакінуць студыю!» — пажартаваў Давыдзька.
Лушч запэўніў, што гэтыя абвінавачванні абсурдныя.
«Я грамадзянін Беларусі, але я рускі па нацыянальнасці», — пачаў тлумачыць ён. Лушч мяркуе, што баявыя дзеянні на тэрыторыі Украіны — следства такіх публікацый «расстрэльных спісаў». Ён убачыў нагоду звярнуцца ў суд на «НН», але рабіць гэтага не будзе, каб не рабіць дадатковую рэкламу.
Лушч заявіў, што аднойчы звяртаўся да «НН», але ўбачыў, што «ў людзей выразная замбіраваная пазіцыя».
Пасля кіраўнік «Румола» патлумачыў мэты дзейнасці сваёй арганізацыі — прасоўванне рускай культуры і рускай мовы.
Гэты тэзіс не зразумеў нават Давыдзька. «Праблем з прасоўваннем рускай культуры і рускай мовы ў Беларусі няма», — заўважыў ён.
Якубовіч жа ўдакладніў, што ў Беларусі нашмат больш балюча стаіць пытанне з беларускай мовай.
На ўсё павінен быць беларускі пункт гледжання, падсумаваў рэдактар «Советской Белоруссіі».
Каментары