У Мінск прыбыў прадстаўнік Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці
Намеснік памочніка адміністратара Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці (USAID) па справах Еўропы і Еўразіі Джонатан Катц наведвае Мінск 20—22 красавіка.
У праграме знаходжання — сустрэчы ў міністэрствах замежных спраў і эканомікі, з прадстаўнікамі грамадскіх арганізацый і бізнэс-супольнасці. Катц ужо сустрэўся з начальнікам упраўлення Амерыкі МЗС Алегам Краўчанкам. Бакі абмеркавалі «пытанні развіцця супрацоўніцтва Беларусі і агенцтва», паведаміла прэс-служба знешнепалітычнага ведамства, паведаміла прэс-служба амерыканскай амбасады.
21 красавіка Катц адкрые канферэнцыю Venture Day, прысвечаную праблематыцы венчурнага фінансавання. Тэматычны фокус канферэнцыі ў гэтым годзе — тэхналогіі для здаровай будучыні. Аднадзённая канферэнцыя, за якой рушыць услед 48-гадзінны хакатон (форум распрацоўшчыкаў), арганізаваная пры падтрымцы USAID. Аўдыторыя канферэнцыі — інвестары, праграмісты, стартапы, эксперты і інжынеры ў сферы аховы здароўя, эколагі, актывісты экалагічных арганізацый.
Катц абвесціць пра новы праект USAID — «Пашырэнне доступу да венчурнага фінансавання ў Беларусі» (Aid-Venture). Агенцтва падтрымае пяцігадовы праект з бюджэтам 2,5 млн даляраў, нацэлены на рост стартапаў і пашырэнне ролі прыватнага сектара ў беларускай эканоміцы. Гэты праект закліканы дапамагчы стварыць у краіне асяродак, спрыяльны для венчурнага фінансавання, пашырыць доступ да венчурнага капіталу, а таксама ўмацаваць мясцовую супольнасць венчурных інвестараў. USAID чакае прапаноў у рамках адкрытага конкурсу ад рэгіянальных і беларускіх камерцыйных і некамерцыйных недзяржаўных арганізацый.
Каментары