Мова2424

Мова наша. Каляды ці Раство?

«Сонейка нізка — Каляда блізка: зараз прыедзе на сівым кані…» Так дарослыя заахвочваюць дзетак да дапамогі рыхтавацца да цудоўнага сямейнага свята Калядаў. А як штогод «пад’язджае» пад нас Каляда, так і пачынаем мы меркаваць ды сварыцца, як жа свята гэта па-нашаму правільна ды адпаведна назваць.

Не трэба надта шукаць. Асноўнаю назваю было і ёсць якраз Каляда, Каляды або, радзей, Коляды. Іншы раз кажуць, што гэта назва мае паганскае адценне, але гэта, відаць, няпраўда. Назва гэтая яшчэ дахрысціянская, але цяперашнія факты мовы не пацвярджаюць, каб яна ўжывалася ў нейкім паганскім кантэксце. Спробы развесці назву Каляды з хрысціянствам, на маю думку, — недарэчныя. Нашто корпацца ў святасці ды забіваць яго старадаўнюю, таямнічую ўрачыстасць? Нашы продкі ніколі святасці не прэпаравалі. Мова пра гэта сведчыць:

Зіма нібы спрыяла Калядам. Халады дала ядраныя, дужыя. Раніцы ўставалі ружовыя, з ружовым снегам і ружовым інеем, якога багата пушылася на сценах, у падстрэшшах, на галлі дрэваў. (Іван Мележ, «Людзі на балоце»)

Адно ўсім вядома: як у пост, так і на Куццю, Каляды, дый пасля Каляд ажно да Вадохрышча галоўная ўвага аддавалася Нованароджанаму Богу, чыны і думкі веруючых належалі Яму. (Кастусь Акула, «Запіскі Яўхіма Крайняга»)

Тутака якраз прыходзяць Каляды, якія канадыйцы святкуюць з вялікім шумам і трэскам. (Тамсама)

Вясёлых Калядных святаў! (Папа Бенедыкт XVI, віншаванне беларусам, «Urbi et Orbi» 2013 г.)

З гэтых тэкстаў мы бачым, што Калядамі называецца гэтае свята як у нашым тутэйшым кантэксце, так і ў міжнародным. Можна казаць, што канадцы святкуюць Каляды, палякі святкуюць Каляды, англічане і г. д. З тэкстаў відаць і тое, што Каляды могуць быць тэалагічна нейтральнымі (як, напрыклад, у Мележа), але могуць і утрымліваць хрысціянскі змест (як у Кастуся Акулы).

Каб добра зразумець беларускія лінгвістычныя рэаліі, трэба трошкі успомніць пра рэаліі культуралагічныя. Традыцыйна перыяд Каляд складаецца з трох святаў: Святы вечар (уласна Каляда, бо тады яна пачынаецца; Раство Хрыстова, Першая ці Посная Куцця), Шчодры Вечар (Шчадрэц, Багатая куцця, Васілле, [«Стары»] Новы год) і Трэцяя куцця (Хрышчэнне, Вадохрышча, Тры каралі). У рэаліях двух календароў святы трошкі перамешваюцца, бо дзяржава жыве па грэгарыянскім календары (то бок, разам з каталіцкай царквой), а праваслаўная царква — па юліянскім, але праваслаўныя таксама святкуюць дзяржаўнае (то бок, тое, што разам з каталікамі) свята Новага года. Выходзіць, што праваслаўныя (якія святкуюць цалкам усе традыцыйныя Каляды і не грэбуюць дзяржаўным Новым годам) святкуюць «Новы год» двойчы.

Назва Каляды, у значэнні самога свята, а не толькі пэўных яго атрыбутаў (як калядаванне), з усіх народаў Еўропы захавалі толькі мы, балгары (Коледа) ды літоўцы (Kalėdos). Аж літоўцы пазычылі, відаць, гэтую назву ад нас. Дык хай карыстаюцца на здароўе.

А што мы святкуем на Каляды? Хрысціяне скажуць, што на Каляды мы святкуем Раство Хрыстова. Менавіта слова Раство спрадвеку акрэслівала ў нас гістарычны факт нараджэння Хрыста. Слова гэтае старадаўняе, бо сягае сваёю даўніною аж першых пасведчанняў на пісьме нашае мовы — ХІІІ ст. Чаму пра Хрыстова нараджэнне мы кажам «раство»? Гэтым, відаць, падкрэсліваецца пэўная незвычайнасць падзеі. Палякі, таксама, кажуць пра ўсіх urodził się, а пра Хрыста — narodził się.

Чаму менавіта Раство з усіх варыянтаў найлепшае? Разбярэмся. Царкоўнаславянскаму спалучэнню гукаў «жд» (як у слове «Рождество») адпавядае беларускае «ж», або «дж»: цсл. «жажда» — стар.бел. «жажа», аднакарэннае да «жадаць»; цсл. «между» — бел. «між». Так і беларускае Раство гэта старабеларускае рожьство->рожство. У сівую даўніну яно, можа, і вымаўлялася як «рожство», але ж таксама вельмі даўно змянілася як і шэраг іншых словаў: «княства» (ад «княжы), «хараство» (ад «харошы») і г. д. Гісторыя ведае яшчэ такія правапісныя варыянты як «розство» (як і «князство») і інш. Формы «ражаство», «ражджаство» — гэта гібрыдныя формы. Яны ўзніклі ў выніку міжмоўнага пранікнення і не натуральныя, хоць першая з іх і сустракаецца ў народаных песнях.

Трэба, таксама, успомніць, што ў даўнейшых дакументах і народнай мове можна сустрэць, таксама, і выраз Божае Нараджэнне, Хрыстова Раджэнне.

А прыйшлі к нам жа тры святы ды ў госці.
Радуйся, ой радуся, земля: Сын Божы нарадзіўся!
А першае свята — Хрыстова Раджэнне… (З народнай песні)

Такім чынам, мы добра гаворым, калі кажам, што святкуем Каляды і ўспамінаем Раство Хрыстова. Раством, вядома ж, можна назваць і само свята Каляд, але мова наша самабытна схіляецца менавіта да назвы Каляда, Каляды, радзей Коляды.

А як жа па-беларуску будзе «Merry Christmas!»? У нас ёсць адно ёмкае, трапнае, традыцыйнае прывітанне-віншаванне, што праходзіць лейтматывам праз увесь перыяд Каляд: «Святы вечар добрым людзям!», «Святы вечар!». Памятаеце? Гэтыя добрыя словы спяваюць у калядных песнях калядоўшчыкі. Вітаюцца яшчэ і кажучы «З Калядамі!», але гэта, відаць, калька з расейскага «С Рождеством!», «С Новым годом!». Можна, вядома ж, іншы раз і так павіншаваць адно аднаго (і віншуйце на здароўе), але проці нашага традыцыйнага «Святы вечар!» яно, на маю думку, выглядае крыху блякла.

А напярэдадні Каляд — Куцця. Гэтым словам у нас называюць не толькі саму рытуальную страву куцці, але тое, што ў расейцаў «Сочельник», у ангельцаў Christmas eve, у палякаў Gwiazdka або Wigilia — сам дзень напярэдадні Калядаў. У некаторых рэгіёнах Беларусі (пераважна ў каталіцкіх) людзі ўжо не падаюць на стол куцці як рытуальнае стравы, але сам вечар і святочная бяседа ўсё роўна захавала назву Куцця.

На маю думку, калядная сімволіка можа распаўсюджвацца і на свята Новага года, нават калі людзі жывуць паводле юліянскага календара, але святкуюць Новы год. Мы ўжо крыху казалі, што Новы год з паходжання — гэта Шчодры вечар у стасунку да «каталіцкіх» Каляд, у афіцыйнай каляндарнай сістэме дзяржавы. Новы год de facto — гэта «каталіцкая» Багатая куцця. Адпаведна ў Новы год (як у «стары», так і ў «новы», на Шчодрую куццю 31 снежня, або 13 студзеня) можна прывітацца «Шчодры вечар добрым людзям!».

Таму памятайма: ужо неўзабаве, на Куццю, мы збярэмся пры святочным стале, каб сустрэць Каляду і адзначыць Раство Хрыстова, што адбылося больш за 2000 год таму. А калі хто не звязвае свята Калядаў з Раством Хрыстовым — ён мае права радавацца па-свойму, але, таксама як хрысціяне, назаве гэта свята Калядою або Калядамі.

Дык шчасліва ўсім спаткаць Каляду! Святы Вечар добрым чытачам «Нашай Нівы»!

Каментары24

Пасля даносу Бондаравай раптоўна адмянілі выставу ў музеі Янкі Купалы. Цяпер яна патрабуе на музеі шыльды па-руску29

Пасля даносу Бондаравай раптоўна адмянілі выставу ў музеі Янкі Купалы. Цяпер яна патрабуе на музеі шыльды па-руску

Усе навіны →
Усе навіны

Прэзідэнтка Грузіі абвясціла парламент нелегітымным і адмаўляецца ісці ў адстаўку13

Беларус Арцём запусціў у Польшчы збор на дапамогу сабе. Многія паверылі, а ён аказаўся махляром3

У мінскіх гандлёвых цэнтрах і кавярнях цяпер не будуць уключаць сусветныя навагоднія хіты. Затое даюць зарабіць праўладным артыстам13

Падчас пратэстаў у Грузіі затрымалі беларуса1

Урадавыя войскі Сірыі разам з расіянамі пакінулі стратэгічна важныя авіябазы3

Чаму атлусценне вяртаецца? Аказваецца, тлушчавыя клеткі маюць «памяць»1

Сірыйскія ўлады заявілі пра вывад войскаў з Алепа

Трэніруецеся, каб пахудзець? Гэта рэдка спрацоўвае — навукоўцы1

Олаф Шольц заклікаў свайго галоўнага апанента «не гуляць у рускую рулетку»1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пасля даносу Бондаравай раптоўна адмянілі выставу ў музеі Янкі Купалы. Цяпер яна патрабуе на музеі шыльды па-руску29

Пасля даносу Бондаравай раптоўна адмянілі выставу ў музеі Янкі Купалы. Цяпер яна патрабуе на музеі шыльды па-руску

Галоўнае
Усе навіны →