Культура

Пісьменнік Сяргей Вераціла: Скінуць уладу акупанта народ ніколі не супраць

Прыехаўшы ў пасёлак Краснасельскі, што ў Ваўкавыскім раёне, я міжволі спыніўся ля двухпавярховага шматкватэрнага дома. З прачыненага вясной акна чулася песня: «Ой, у лузі червона калина похилилася, / чогось наша славна Україна зажурилася. / А ми тую червону калину піднімемо, / а ми нашу славну Україну, гей, гей, розвеселимо!» Я міжволі заслухаўся і падумаў: ці не мясцовы пісьменнік Сяргей Вераціла, з якім мы дамовіліся сустрэцца, прапагандуе ўкраінскія песні сярод землякоў? І не памыліўся. А зайшоўшы ў кватэру, карэспандэнт «Народнай волі» ледзьве прымусіў Сяргея выключыць украінскі тэлемарафон, прысвечаны вайне, хоць бы на час гутаркі.

«У катле вайны паскорана варацца гістарычныя працэсы»

— Сяргей, апошнім часам я часта пераконваюся, што вялікая частка беларусаў глядзіць не БТ, а ўкраінскае тэлебачанне — праз спадарожнік ці на YouTube. Хіба вайна ў жывым эфіры такое прыцягальнае відовішча?

— Па-першае, вайна заўсёды прыцягвае ўвагу людзей. Справа ў тым, што чалавек сам па сабе істота ваяўнічая, сапраўдных пацыфістаў на свеце вельмі мала. Па-другое, у катле вайны паскорана «варацца» гістарычныя працэсы. Агонь увогуле паскарае ўсё, мы пра гэта ведаем з урокаў хіміі. Уяві: звычайнага чалавека пасадзілі мяккім месцам на патэльню, пад ёй распалілі агонь… Няшчасны ж ліхаманкава ўскочыць і тут жа ўсвядоміць, хто ён і на якім свеце. Амерыканцы як нацыя загартаваліся менавіта ў агні вызваленчай вайны і вайны за адмену рабства. Калі працягваць аналогію далей, у тым ваенным катле адбываюцца яшчэ і алхімічныя працэсы, ідзе ачышчэнне металу і яго загартоўка. У выніку атрымліваецца брусок найтрывалейшай сталі, з яе робіцца разец, які рэжа любыя металы.

— Падобна, гэта і адбываецца ва Украіне, дзе гісторыя незвычайна паскорыла свой ход. Неверагодны ўздым патрыятызму — чым не брусок, на якім адточваецца баявы дух вайскоўцаў.

— Бо там усё відавочна: на ўкраінскую зямлю прыйшоў люты вораг, які не шкадуе і мірных людзей. І якраз баявы дух Узброеных сіл Украіны не даў агрэсару разгарнуцца. Падумаць толькі, гэтак званая «другая армія ў свеце» не змагла перамагчы тэрытарыяльную абарону гарадка Гастомель! Я не веру ні ў якія «братнія народы», іх не існуе, гэта проста савецкая выдумка. Але, трэба прызнаць, украінцы нам — найбліжэйшы народ і па культуры, і па мове, і па гісторыі.

— Упершыню слова «тэрабарона» я пачуў не ад украінцаў, а ад Лукашэнкі. Помніш, гадоў дзесяць таму ён прысвоіў кіраўнікам абласцей генеральскія званні і сказаў, што пры неабходнасці яны павінны будуць узначаліць тэрытарыяльную абарону. Калі б, крый Божа, на Беларусь напалі, нашы людзі пайшлі б гэтак жа масава, як украінцы, у шэрагі тэрабароны?

— Думаю, пайшлі б. Не адразу, але пайшлі б, і пайшлі б масава. Беларусы па прыродзе сваёй больш цярплівыя, чым украінцы. Украінец больш эмацыйны, а беларуса трэба па-сапраўднаму дастаць.

— А яшчэ Лукашэнка абяцаў пры знешняй пагрозе раздаць аўтаматы ледзь не ў кожную сям’ю. Можа раздаць?

— Ніколі. Ён, як мне здаецца, настолькі адарваўся ад уласнага народа, што гэтага і ў страшным сне не зробіць. Не раздасць зброю ні пры якіх умовах. Тым больш, што ў 2020 годзе ён пабачыў, што называецца, расклад сіл…

— Вернемся да ваеннага «катла». Дык і беларусы ў тым катле неаднойчы варыліся, але чамусьці ў пераважанай большасці не ўсвядомілі, хто яны ў гэтым свеце.

— Тут я з табою не згодны. Пасля Другой сусветнай вайны да ўлады ў Беларусі прыйшлі былыя партызаны на чале з Пятром Машэравым. І гэта была першая ў Беларусі свая ўлада. Не прысланая з Расіі, як было дагэтуль. І пры Машэраве вельмі моцна падтрымлівалася беларушчына. Канечне, ён сам і яго паплечнікі былі савецкімі людзьмі, яны былі абмежаваныя ў сваёй дзейнасці. Рабілі што маглі. Згадай, якое магутнае літаратурнае пакаленне вырасла пасля вайны — Уладзімір Караткевіч, Алесь Жук, Генрых Далідовіч, Віктар Казько, Алесь Разанаў, Уладзімр Някляеў… Тады і аднаўлялася беларуская нацыя. Бо ў 1930-я гады была знішчаная ўся наша эліта. І потым былыя партызаны пакрысе ўсё адраджалі. Нанава стваралася Акадэмія навук, свае навуковыя школы — матэматычная, фізічная, археалагічная. Так, нас стрымлівалі, не давалі развівацца, прыязджалі чужакі, рабавалі… У нас тут на Краснасельшчыне, помню, знайшлі бівень маманта — дык забралі ў Ленінград. Ці, скажам, у Наваградку замчышча раскопвалі — таксама многія знаходкі ў Расію звезлі.

«Час дазволенай нянавісці»

— А як глядзяць на вайну ва Украіне твае землякі, жыхары Краснасельскага?

— Я часта размаўляю з краснасельскімі жанчынкамі, з тымі, каму пад 70 і болей. Яны глядзяць пераважна расійскае тэлебачанне. І вось што я заўважыў. Для гэтых жанчын цяпер настаў час дазволенай нянавісці. Яны, абяздоленыя, з маленькімі пенсіямі, са шматлікімі хваробамі, бяспраўныя… А тут ім дазволілі ненавідзець украінцаў, бясплатна і беспакарана. Можа быць, нейкая кабеціна больш ненавідзіць сваю суседку, але яна гэтую нянавісць не можа выказаць, бо атрымае адлуп. А тут — ненавідзь колькі хочаш, і табе за гэта нічога не будзе… Я ім расказваю пра сваю сяброўку Вольгу Ахроменка з Чарнігава (удаву беларускага пісьменніка Славы Ахроменкі), якая варыла есці сабе і салдатам сваім на вогнішчы. А расійская артылерыя біла па жылых кварталах, і загінулых хавалі проста ў дварах…

— Дзён колькі таму я паразмаўляў з даўняй знаёмай з Лунінца, дык яна задаволеная, што расійцы там надоўга атайбаваліся, для лунінчан з’яўляюцца рабочыя месцы. А яшчэ яна моліцца за «дэнацыфікацыю» Украіны. Я быў проста шакаваны: падвозіць бомбы пад самалёты — рабочыя месцы…

— А яна проста не задумваецца, што бамбаваць могуць і яе дом. У адказ — з Украіны. Гэта як у старым анекдоце. Два мужыкі выпілі і шукаюць, да каго прычапіцца. Бачаць — ідзе чалавек. «Давай яго паб’ём». — «А калі ён нас?» — «А нас за што?». У нас тут непадалёк у Росі таксама людзі шкадуюць, што авіяполк вывелі. Была работа, савецкія маёры і палкоўнікі раскідваліся грашыма ў мястэчку… Справа ў тым, што прарасійскія СМІ за шмат гадоў выпрацавалі ў нашых людзей бязмежны давер да ўсяго, што ідзе з Масквы. І твая знаёмая — ахвяра гэтай прапаганды. Што да «дэнацыфікацыі», то, як пажартаваў адзін ізраільцянін, больш яўрэяў, чым ва ўкраінскім урадзе, толькі ва ўрадзе ізраільскім… Пра якую «дэнацыфікацыю» можа ісці гаворка?! Многія людзі не разумеюць, што ва Украіне не вайна нацыянальнасцяў, а вайна цывілізацый. Там ваюе еўрапейская цывілізацыя, украінскі палітыкум (тое, што грэкі называлі палітэя — грамадства, грамада) супраць арды. Вечную дылему — шлях на Усход ці Захад — украінцы вырашылі на карысць Еўропы.

«Скінуць уладу акупанта народ ніколі не супраць»

— Ты кажаш, што і на Лунінец могуць пасыпацца бомбы (як і на Мазыр ці Нароўлю, скуль ва Украіну заходзілі расійскія войскі). На шчасце, пакуль гэтага не адбылося. Да якога часу так будзе?

— Думаю, роўна, да таго моманту, калі першы беларускі салдат пераступіць беларуска-ўкраінскую мяжу. Да гэтага ўкраінцы, відаць, будуць цярпець. Усё ж яны ўспрымаюць нас пакуль што не як агрэсара, а як ахвяру акупацыйнага рэжыму. Але як толькі… І першым можа быць Мазыр, бо там, як ведаеш, нафтазавод. Не дай Божа, канечне. Я тут размаўляю з людзьмі, у якіх сыны ў войску або нядаўна дэмабілізаваліся. Паводле іх слоў, там татальны сабатаж. Салдаты і афіцэры не хочуць ісці ваяваць.

— Калі гэта сапраўды так, то што далей чакае Беларусь у гэтай двухсэнсоўнай сітуацыі?

— Мне прыходзіць на памяць адзін гістарычны прыклад. Падчас Другой сусветнай вайны кароль Тайланда выступіў на баку Японіі, разбіў французскія войскі і захапіў палову Камбоджы (яна была французскай калоніяй). Але калі ў 1945 годзе стала зразумела, што Японія капітулюе, той кароль за адну ноч раззброіў усе японскія гарнізоны і здаў амерыканцам. У выніку ён не толькі пазбегнуў турмы, але і дамогся таго, што з Тайланда былі выведзеныя ўсе замежныя войскі. А перад гэтым Тайланд меў статус паўкаланіяльнай дзяржавы, там брытанцы і французы заўсёды прысутнічалі.

— Падобны варыянт магчымы ў Беларусі?

— А чаму не? Што для Лукашэнкі на першым месцы? Улада. Калі ён адчуе, што яго ўладзе пагражаюць нейкія маскоўскія генералы, то ён зробіць тое, што і кароль Тайланда. А народ яго ў гэтым бясспрэчна падтрымае. Скінуць уладу акупанта народ ніколі не супраць.

«Пуцін забіў апошняга рускага ва Украіне»

— На тваё меркаванне, як доўга працягнецца вайна ва Украіне?

— Як доўга, не ведаю, а што перамогуць украінцы — упэўнены на сто адсоткаў. Украінскі гетман Сагайдачны калісьці дайшоў да Масквы, але не стаў яе чапаць. Другім разам яны такую памылку не зробяць. Украінцы з дапамогай сусветнай супольнасці ліквідуюць Расійскую Федэрацыю як палітычны праект. Расія больш не будзе імперыяй. Вось у чым адрозненне Масквы ад іншых сталіц? Гэта паразітычная сталіца, яна збірае даніну з велічэзнай тэрыторыі, як калісьці маскоўскія князі збіралі даніну і везлі ў Залатую Арду. А калі даход пакідаць на месцы, скажам, у Якуціі, Масква страціць свой статус.

— Але пакуль што Расія мае велізарную армію і ядзерную зброю. І свет вымушаны з гэтым лічыцца.

— Ну, чаго вартая тая хвалёная армія, мы ўжо бачылі. Украінская армія лічылася ўсяго толькі 26-й у свеце, цяпер яна больш баяздольная, паколькі шмат узбраенняў прыйшло з-за мяжы. А Расія вымушаная нейкіх сірыйцаў наймаць, хай бы яшчэ папуасы з дроцікамі прыехалі. Нездарма хтосьці ў сеціве перапісаў паэму «Барадзіно»: «Скажи-ка, дядя, ведь недаром / всех нас крошили «Байрактаром»…»

— Цяпер у свеце ідзе пераацэнка ўсёй рускай культуры. Але ці вінаватая культура ў развязванні вайны? Гётэ і Шылер ці былі вінаватыя за Гітлера?

— Гітлер не бамбіў германамоўныя гарады, а Пуцін рускамоўныя бамбіць. Украінцы слушна гавораць: Пуцін забіў апошняга рускага ва Украіне. Што да культуры… Я неяк задумаўся над класічнай расійскай літаратурай і быў у жаху — яна ўся каланіяльная! На ўсю літаратуру — ці не адзіны антыкаланіяльны твор — «Хаджы-Мурат» Льва Талстога. «Злой чечен ползёт на берег, / точит свой кинжал» — падобнымі матывамі пранізаная ўся расійская літаратура. А нам у школе ўбівалі ў галовы, што гэта гуманізм. А гуманізмам там і не пахла.

«Хай нам пакінуць скібачку хлеба і кубак вады, мы пацярпім»

— Я згадваю сваю службу ў войску, як нас апрацоўвалі палітрукі. Як ты думаеш, што гавораць палітрукі расійскім салдатам ва Украіне, якім чынам матывуюць?

— На сто адсоткаў я ўпэўнены, што нічым не матывуюць, а проста кідаюць у бойку, як мяса. Ва Украіне, і гэта важна падкрэсліць, армія прыгонных (расійская) змагаецца супраць арміі вольных людзей (украінскай). Зноў жа прыклад з гісторыі: калі персідскі цар пайшоў на грэкаў, яго элітнае войска, так званыя неўміручыя, было з ланцугамі на нагах. І персы прайгралі. І Расія прайграе. Без Беларусі яна перастае быць хоць якой-небудзь Еўропай (у слове Еўразія першая частка адпадае), а без Украіны, паўтаруся, яна не можа быць імперыяй. Дарэчы, у расійскай мове шмат цюркізмаў, а ў некаторых цюркскіх мовах няма слоў «наперад» і «назад», толькі «наперад».

— Мяне больш цешыць, што ў рускай мове няма слова «перамагу».

— Так, ні «победю», ні «побежду» не скажаш. Толькі — «мы победим». Няма індывідуальнай формы, таксама адзнака арды.

— У Краснасельскім знаходзіцца вялікі цэментны завод. Ці паўплывалі санкцыі на яго працу?

— Пакуль што не паўплывалі, бо ў нас абсталяванне пераважна кітайскае. Але ў крамах санкцыі ўжо адчуваюцца. Скажам, бананы значна падаражэлі. А маці мая (Сяргей даглядае 95-гадовую маці) вельмі любіць усякія далікатэсы. Цяпер гэта ўсё знікае, і я з жахам думаю, што прыйдзе дзень, і я не змагу прынесці ёй чагосьці смачненькага. Але няхай у нас забяруць усё! У параўнанні з тым, што робіцца ва Украіне, гэта нішто. Хай нам пакінуць скібачку хлеба і кубак вады, мы пацярпім. Калі гэтым мы хоць трохі аплацім тое ліха, якое Беларусь ужо зрабіла ўкраінцам. І хоць мы, беларусы, усёй душою, усім сэрцам з імі, мы ўсё роўна ўдзельнічаем у гэтай брыдоце.

Каментары

У Расіі выпадкова выдалі колькасць вайскоўцаў, якія зніклі без вестак?4

У Расіі выпадкова выдалі колькасць вайскоўцаў, якія зніклі без вестак?

Усе навіны →
Усе навіны

Лідарам па спажыванні трафіку ў Беларусі з'яўляецца чацвер4

Падаражэлі папулярныя крэдыты на жыллё

Манашак Свята-Елісавецінскага манастыра прагналі з кірмашу ў Польшчы45

Трамп паабяцаў «жорсткую расплату» ХАМАС, калі ізраільскія закладнікі не будуць адпушчаныя да ўступлення яго на пасаду2

Абвінавачанне ў атручванні чацвярых дзяцей у Краснаярскім краі выставілі іх бацьку2

Устанавілі тарыфы на платны прыём дактарамі3

«Будзе двоеўладдзе: Зурабішвілі паспрабуе перападпарадкаваць сабе дзяржапарат». Якія перспектывы пратэстаў у Грузіі3

Стыльная карэянка, што скарыла сэрцы гледачоў Алімпіяды, трапіла ў спіс «100 жанчын 2024 года»

Чым цяпер жыве доктар Мартаў?6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Расіі выпадкова выдалі колькасць вайскоўцаў, якія зніклі без вестак?4

У Расіі выпадкова выдалі колькасць вайскоўцаў, якія зніклі без вестак?

Галоўнае
Усе навіны →