Грамадства

«Працаваць няма каму». На беларускай чыгунцы — новая хваля палітычных звальненняў (дабраліся і да кіраўніцтва)

На беларускай чыгунцы працягваюцца звальненні. Днямі вакантнымі зрабіліся топавыя пасады Брэсцкага аддзялення. Па інфармацыі «Нашай Нівы», былыя намеснікі начальніка аддзялення стараліся не чапаць падначаленых, ад чаго самі трапілі ў няміласць. І гэты кейс не адзіны ў краіне: дабраліся нават да газеты «Чыгуначнік Беларусі». Паспрабавалі даведацца, што яшчэ адбываецца на чыгунцы і чым гэта небяспечна.

«Аднойчы можа адбыцца сур’ёзнае здарэнне, ажно да крушэння цягніка»

У раздзеле сайта «Кіраўніцтва» насупраць пасады першага намесніка начальніка аддзялення і яшчэ трох намеснікаў начальніка аддзялення Брэсцкай чыгункі пакуль стаяць прабелы замест імёнаў людзей.

«Знікненне» звязваюць з тым, што яны адмовіліся звальняць супрацоўнікаў па палітычных матывах пасля таго, як на прадпрыемства пад грыфам «для службовага карыстання» даслалі гатовыя спісы людзей, якія прымалі ўдзел у акцыях пратэсту.

Лічыцца, што яны сфармаваныя на аснове білінгу і апрацаваных фота- і відэаматэрыялаў з архіваў камер відэаназірання.

Наяўнасць гэтых спісаў пацвярджаюць дзейсныя супрацоўнікі чыгункі, якія прымалі пошту. Праўда, іх дакладны змест невядомы — кожны кіраўнік, які адкрывае іх, фіксуецца і нясе персанальную адказнасць за распаўсюджванне дадзеных.

Мы спрабавалі звязацца са звольненым кіраўніцтвам Брэсцкага аддзялення, але яны запужаныя і баяцца даваць каментарыі. На самім прадпрыемстве слухаўку не ўзялі.

Прадстаўнік рабочага руху па чыгунцы Сяргей Вайцяховіч пацвярджае факты звальненняў начальства ў Брэсцкім аддзяленні і кажа, што яны назіраюцца па ўсёй краіне. 

«Звальняюць машыністаў, дыспетчараў, якія сядзяць у Мінску ў цэнтры ўпраўлення перавозкамі. Хаця апошнія павінны быць недатыкальнымі: каб стаць добрым дыспетчарам, трэба спачатку год пяць адпрацаваць дзяжурным па станцыі. Па нашай інфармацыі, спіс для прапрацоўкі на «Белчыгунцы» змяшчае каля 1,5 тысячы прозвішчаў.

Цяперашняя зачыстка на чыгунцы можа быць звязаная ў тым ліку з тым, што 23-24 лістапада ў Маскве прайшла нарада з прадстаўнікамі дзяржаў-членаў АДКБ наконт пытання стварэння адзінай сістэмы тэхнічнага прыкрыцця чыгунак. Там у асноўным абмяркоўвалі ваенныя эшалоны з РФ. І ў тым ліку, як мне паведамілі, падымалася пытанне наконт зачысткі іншадумства ў эксплуатацыі. Сярод тых людзей, хто забяспечвае перавозны працэс. Каб на выпадак чаго, не было ніякіх зліваў пра ваенныя саставы і ўсё такое». 

Ілюстрацыйнае фота.

Сяргей упэўнены, масавыя звальненні — прычына таго, што на чыгунцы расце колькасць выпадкаў парушэння бяспекі руху цягнікоў.

Так, за шэсць месяцаў 2021 года налічылі 51 такі выпадак супраць 36 за аналагічны перыяд 2020-га.

«На днях на станцыі Муляраўка (Гомельскае аддзяленне чыгункі) на пад’язных шляхах адбыўся сход вагонаў на скідальнай стрэлцы. Хапае і іншых парушэнняў бяспекі руху: толькі за выхадныя зафіксаваныя два праезды на забаронныя сігналы светлафораў. І, на мой погляд, усё гэта — вынік звальненняў, сыходу добрых спецыялістаў і недахопу кадраў. Тэндэнцыя такая, што аднойчы можа мець месца сур’ёзнае здарэнне, ажно да крушэння цягніка», — каментуе Сяргей.

«Разоў дзесяць выклікалі ў міліцыю»

Захар (імя змененае па просьбе героя) адпрацаваў грузавым машыністам у Віцебскім аддзяленні чыгункі амаль 10 год. Ëн кажа, што на працы хадзілі чуткі, што кіраўніцтву прыйшла нейкая папера з загадам звольніць пэўны працэнт людзей, з астатнімі — правесці гутарку і ўзяць «на аловак», але ён не быў гатовы, што патрапіць у першую катэгорыю.

«Проста са мной раней праводзілі размовы праз тое, што ў мяне была адміністратыўка па артыкуле 23.34 (усё тады абышлося штрафам). Пасля гэтага разоў дзесяць выклікалі ў міліцыю. Адзін раз у пракуратуры чыталі лекцыю пра змены ў адміністрацыйным і крымінальным кодэксах, потым неяк запрашалі на дэтэктары хлусні праверыцца.

А апошні раз, за пару тыдняў да агучвання рашэння пра маё звальненне, мяне выклікалі ў кабінет да намесніка. Там ужо прысутнічалі ідэолаг, начальнік кадраў. Яны сказалі, што на мяне прыйшла папера з МУС за тое, што на аватарцы ва «УКантакце» ў мяне напісана «Свабодная Беларусь». Ды на белым фоне чырвоным колерам. Але са мной проста правялі прафілактычную размову і сказалі прыбраць карцінку, і ўсё».

Аднак ужо ў канцы лістапада Захара выклікалі да начальства зноў. Перад уваходам у кабінет начальніка дэпо папрасілі зняць верхняе адзенне і дастаць з кішэняў усю тэхніку.

«У кабінеце сядзеў наш галоўны ідэолаг з тоўстай тэчкай, гартаў старонкі. Ад яго я выслухаў, што такія, як я (з адміністратыўкай), не павінны на чыгунцы працаваць, што мы не вартыя такой працы. Ад яго я таксама пачуў, што загад аб маім звальненні прыйшоў з такіх «вярхоў», што ніхто мне не дапаможа і ў суд можна не звяртацца.

Калі б я не пагадзіўся звольніцца па пагадненні бакоў, абяцалі непрыемны запіс у працоўнай кніжцы. Ну, і пры гэтым папярэдзілі, што на дзяржпрадпрыемствах мне няма чаго лавіць бліжэйшым часам».

Працэс «лупцавання» назірала начальства Захара, але пры гэтым, як ён кажа, не прамовіла ні слова.

«У іх, відаць, не было словаў. У мяне за дзесяць год усё ж сабралася нямала дыпломаў і грамат. Плюс у нас і так працаваць няма каму, людзей не хапае катастрафічна: падрыхтоўка машыніста займае не адзін год. А ідэолаг кажа: «Вы нам не патрэбныя».

Па інфармацыі Захара, сярод яго знаёмых плануюць звольніць як мінімум яшчэ аднаго машыніста і памочніка. Многія пасля звальненняў з’язджаюць працаваць за мяжу, іншыя перавучваюцца і шукаюць месцы ў прыватных арганізацыях.

Звальненні ў сферы закранулі нават газету «Чыгуначнік Беларусі». На сёння вакантная пазіцыя галоўнага рэдактара. Як стала вядома «Нашай Ніве», Сяргею Коктышу, які ўзначальваў выданне да мінулага тыдня, таксама прапанавалі напісаць заяву аб звальненні «па пагадненні бакоў».

«Яны жывуць адным днём»

Яшчэ адзін экс-супрацоўнік чыгункі Антон працаваў у адной з асноўных службаў кіравання дарогі да кастрычніка (імя і канкрэтная пасада змененыя па просьбе героя, таму што ён лічыць сваю гісторыю пазнавальнай і перажывае за сям’ю, што застаецца ў Беларусі, — заўв. рэд.). Антон расказвае, што першая хваля разбору палётаў з начальствам пачалася яшчэ ў студзені—лютым: як мінімум, гэта актуальна для аддзела чыгункі, дзе быў уладкаваны мужчына. 

Ілюстрацыйнае фота.

«Кагосьці адразу пасля размовы з начальнікам кадравай працы звальнялі па «ўласным жаданні», іншым не працягвалі кантракты, камусьці давалі падпісаць «пакаянны» ліст-папярэджанне з абяцаннем нідзе не свяціцца і не выказвацца. Але іх усё адно звольнілі ў другую хвалю — ужо восенню, разам са мной.

Ці быў я ў нейкіх спісах (якія ўсе абмяркоўвалі, але ніхто іх не бачыў) — не ведаю, але я ніколі не хаваў, што мне не падабаецца тое, што ў краіне адбываецца, хадзіў на мірныя акцыі пастаянна. Маглі, калі вылічвалі па білінгу, і мяне вылічыць», — разважае Антон.

Пасля звальнення Антона ўзяліся і за іншых яго калег: з аддзела звольнілі яшчэ двух чалавек. Гэта мінімум, пра які вядома мужчыне.

«Відавочна, што гэта сістэмная праца, а не палітыка адной асобнай службы. Спісы спускаюцца зверху. Пры гэтым мне падаецца, што нават у кіраўніцтва чыгункі на гэты момант няма і блізка разумення, што і як далей будзе адбывацца. Як яны будуць набіраць на чыгунку людзей, кім замяняць звольненых. Пакуль іх хвалюе толькі адно: пазбавіцца ад тых, хто не патрэбны, ў адпаведнасці з нейкімі прадстаўленымі спісамі. Яны жывуць адным днём», — лічыць Антон.

Каментары

«На што павінна пайсці Расія? Пажадана на тры літары». На сустрэчы з Шольцам Зяленскі не быў дыпламатычным15

«На што павінна пайсці Расія? Пажадана на тры літары». На сустрэчы з Шольцам Зяленскі не быў дыпламатычным

Усе навіны →
Усе навіны

Бельгія стала першай краінай у свеце, якая прыраўняла работніц сэкс-індустрыі да звычайных працоўных

Джо Байдэн памілаваў свайго сына25

На тэрыторыі Польшчы пашкоджаны нафтаправод «Дружба»2

Прэм'ер Галоўчанка расказаў пра сваю любімую страву з бульбы5

У Грузіі пратэсты ідуць чацвёрты дзень. Апазіцыя патрабуе эфіру на ТБ2

Спявак Герман Цітоў на Алексіевіч: Ты павінна быць з Лукашэнкам на «вы» і шэптам36

Украінцы з «Хаймарса» накрылі ганаровае пастраенне расійскіх вайскоўцаў у Курскай вобласці. 12 загінулых9

Падрабязнасці здарэння ў Хойніках, дзе воўк напаў на вартаўніка і міліцыянтаў1

Зяленскі: Украіна можа ўступіць у НАТА без дзеяння артыкула 5 на ўсёй тэрыторыі8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«На што павінна пайсці Расія? Пажадана на тры літары». На сустрэчы з Шольцам Зяленскі не быў дыпламатычным15

«На што павінна пайсці Расія? Пажадана на тры літары». На сустрэчы з Шольцам Зяленскі не быў дыпламатычным

Галоўнае
Усе навіны →