Тое, што вы будзеце глядзець. Новая карэйская драма «Гульня ў кальмара» заваёўвае свет
Паўднёвакарэйскі серыял «Гульня ў кальмара» можа аказацца найвялікшым поспехам у гісторыі сэрвісу Netflix, што займаецца яго вытворчасцю. Аднак на працягу дзесяці гадоў мясцовыя студыі не жадалі брацца за гэтае шоу, бо яго канцэпцыя здавалася ім занадта абсурднай і нерэалістычнай.
Згодна з сюжэтам драмы, збяднелыя дарослыя гуляюць на ізаляваным востраве ў карэйскія народныя дзіцячыя гульні. Тыя, хто прайграе, паміраюць, а адзіны пераможца атрымлівае грашовую ўзнагароду памерам прыкладна ў 40 мільёнаў даляраў, піша Wall Street Journal.
Першыя гледачы пабачылі «Гульню ў кальмара» 17 верасня, і цяпер гэты серыял — сусветны феномен. Па сервісе TikTok разыходзяцца відэа з імітацыямі гульняў з шоу, а інтэрнэт-крамы прадаюць касцюмы ў стылі «Гульні ў кальмара». Больш чым у 90 краінах серыял займае першыя месцы па праглядах сярод усіх шоу Netflix. Гэта добрыя навіны для кампаніі ва ўмовах беспрэцэдэнтнай канкурэнцыі, калі сервісы-супернікі спрабуюць стварыць свае хіты і пераманіць гледачоў.
Стваральнік «Гульні ў кальмара» Хван Дон-Хёк прыдумаў ідэю шоу больш за дзесяць гадоў таму, калі жыў разам з маці і бабуляй. Ён нават пачаў пісаць сцэнарый, але працу давялося спыніць.
У той час патэнцыйныя інвестары і акцёры былі незадаволеныя сюжэтам драмы праз наяўнасць у фільме жорсткіх забойстваў і непраўдападобнасць сітуацыі, калі людзі рызыкуюць смерцю дзеля магчымасці выйграць грошы.
Аднак два гады таму босы Netflix вырашылі, што прыклады класавай барацьбы з «Гульні ў кальмара» насамрэч блізкія да рэальнасці.
Хван тлумачыць, што калі сусветная эканоміка адчула на сябе ўдар пандэміі кавіду, розніца паміж багатымі і беднымі ў свеце яшчэ больш абвастрылася. Нават тое, якія вакцыны супраць кавіду даступныя ў розных краінах, шмат у чым залежыць ад таго, ці багатая гэта краіна альбо бедная.
Англамоўная версія трэйлера «Гульні ў кальмара» ўжо набрала на Youtube больш за 18 мільёнаў праглядаў. Гэта як мінімум утрая перавышае паказчыкі трэйлераў «Брыджэртонаў» ці «Люпена» — іншых хітоў ад Netflix.
У самой Паўднёвай Карэі не засталіся абыякавымі да сусветнага поспеху серыяла. Мясцовыя медыя параўноўваюць шоу з «Паразітамі» — паўднёвакарэйскім фільмам, што ўзяў у 2020 годзе шэсць статуэтак «Оскара».
Нават кандыдаты ў прэзідэнты Паўднёвай Карэі спасылаюцца на шоу ў сваёй перадвыбарнай гонцы. Некаторыя з іх робяць парадыйныя плакаты ў стылі серыяла або запрашаюць адно аднаго прыняць удзел у спаборніцтвах накшталт «Гульні ў кальмара».
Каментары