На спявачку Шакіру ў Барселоне напалі дзікі і спрабавалі забраць заплечнік
Два дзікі ў барселонскім парку напалі на поп-зорку Шакіру, адабралі ў яе сумку, у якой быў тэлефон, і ўцяклі ў лес. Заплечнік удалося вярнуць.
Пра гэта Шакіра распавяла ў сацсетках. Фатаграфіі саміх дзікоў яна не паказала, але паказала брудны заплечнік, піша Бі-бі-сі.
«Глядзіце, два дзікі напалі на мяне ў парку і пакінулі заплечнік вось у такім стане», — кажа спявачка, паказваючы патаптаны бруднымі капытамі прадмет.
Потым яна звяртаецца да свайго сына: «Мілан, скажы праўду, раскажы, як твая мама змагалася з дзіком».
Напады дзікоў на людзей і сабак у Барселоне — не такая ўжо рэдкасць. У 2016 годзе паліцыя атрымала 1187 зваротаў са скаргамі на гэтых жывёл. У 2013-м паліцэйскі паспрабаваў застрэліць дзіка з рэвальвера, але замест гэтага трапіў у свайго напарніка.
Дзікі буяняць не толькі ў Барселоне. Па меры таго, як вялікія гарады рассоўваюць свае межы, дзікім звярам прыходзіцца па-свойму змагацца за свае правы.
Каментары